Спачатку было слова…

Общество

dsc_0134 dsc_0100 dsc_0066 img_8811 img_8785У мінулую нядзелю, 4 верасня, у Рагачове прайшло рэспубліканскае свята – Дзень беларускага пісьменства. Урачыстая цырымонія яго адкрыцця адбылася на цэнтральнай плошчы горада. У ходзе тэатралізаванай працэсіі ўдзельнікі ў касцюмах шляхты і рыцарскіх даспехах вынеслі на сцэну гербы гарадоў, у якіх раней праходзілі Дні беларускага пісьменства, а таксама гербы часоў Вялікага княства Літоўскага і выяву беларускага першадрукара Францыска Скарыны. Усіх прысутных шчыра прывітала намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава. Яна таксама зачытала прывітальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам і гасцям гэтага маштабнага мерапрыемства.

У Дзень беларускага пісьменства ў Рагачове была закладзена новая добрая традыцыя. З гэтага часу на свята прыязджаюць не з пустымі рукамі, а з любімай кнігай. Так, кнігу пра свой родны горад Полацк перадала ў дар Рагачову намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава, старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік – «Летапіс Гомельскай вобласці», міністр інфармацыі Лілія Ананіч – зборнік «Рагачоўшчына літаратурная».

У Рагачове 4 верасня адкрыўся першы ў Гомельскай вобласці Дом кнігі. Ён разам з кнігарняй «Першацвет», а таксама бібліятэкай і чытальнай залай расчыніў свае дзверы адразу пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця нацыянальнага свята. Ініцыятарам такога падарунка для рагачоўцаў выступіла Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
У Дні беларускага пісьменства прынялі ўдзел прадстаўнікі дыпмісій, акрэдытаваных у Беларусі, дэлегацыі беларускіх дыяспар з 19 краін блізкага і далёкага замежжа, пісьменнікі і літаратары Беларусі і іншых краін. Святочная праграма налічвала каля 100 мерапрыемстваў. У горадзе працавалі тэматычныя павільёны і выставы, прысвечаныя 75-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна, 95-годдзю з дня нараджэння Івана Мележа, 120-годдзю з дня нараджэння Кандрата Крапівы, 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Нацыянальная бібліятэка Беларусі знаёміла гасцей з экспазіцыяй «500 гадоў беларускага кнігадрукавання». Ладзіўся фестываль кнігі і прэсы.
Актыўны ўдзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства прынялі і прадстаўнікі Акцябрскага раёна. У рамках выстаўкі рэгіянальных СМІ працаваў «Газетны бульвар», дзе сваю дзейнасць гасцям прэзентавалі рэдакцыі газет і друкарні палескага рэгіёна. Адны выданні аформілі выставачныя стэнды ў духу таго часу, на які прыпала іх станаўленне, другія адлюстравалі асаблівасці свайго райцэнтра. Калектыў рэдакцыі газеты «Чырвоны Кастрычнік» у інсталяцыі «Падпольная друкарня» прадэманстраваў, якім чынам друкавалася раённае выданне ў гады Вялікай Айчыннай вайны (газета тады мела назву «Народны мсцівец»), а таксама абласная газета «Бальшавік Палесся» і рэспубліканскія «Звязда» і «Чырвоная змена». Рэдакцыя выказвае шчырыя словы падзякі за дапамогу ў арганізаціі «Падпольнай друкарні» Цэнтру гісторыі і культуры і цэнтру вольнага часу.
На тэматычных падворках «З бабулінага куфра», «Глінянае хараство» работнікі Акцябрскага раённага дома рамёстваў праводзілі майстар-класы па ткацтву паясоў, вырабу лялек-абярэгаў, вырабаў з гліны. У прэзентацыі страў беларускай нацыянальнай кухні «Палеская смаката» прыняў удзел Ратміравіцкі культурна-этнаграфічны цэнтр «Яўхімаў рог».
На выставе «Акцябрскай зямлі неўміручыя скарбы», арганізаванай раённай бібліятэкай, былі прадстаўлены творы і кнігі, якія распавядаюць аб гісторыі рудабельскага краю.
Наступны Дзень беларускага пісьменства адбудзецца ў верасні 2017 года ў Полацку, у горадзе, у якім нарадзіўся беларускі першадрукар Францыск Скарына.
Алена СТАРЫНОВІЧ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *