Смалоўка. Краснаслабодскі сельскі Савет

Общество

Не адна на геаграфічнай карце вёска Смалоўка. Ёсць у яе цёзкі ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці. І нават па дарозе ў Харкаўскую вобласць сустрэнеш вёску з аднаіменнай назвай. Наша ж Смалоўка таксама пазначана ў вялікім спісе населеных пунктаў і гарадоў Беларусі. Мясціны тут маляўнічыя. Кругом паселішча – лясы, узгоркі ды поплывы. А яшчэ, каб трапіць сюды, трэба пераехаць раку Арэсу ці аб’ехаць па лясной дарозе з боку аграгарадка Красная Слабада. Узнікненне вёскі датуецца пачаткам ХХ стагоддзя. У 1908 годзе гэта быў невялікі хутар Камаровіцкай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні. Асабліва хутка вёска будавалася ў 1920-я гады. У свой час былі тут жывёлагадоўчая ферма, пачатковая школа, магазін, клуб. Амаль, як і ўсюды, дзе ёсць жыццё. Але тут яго, актыўнага і разнастайнага, даўно няма па прычыне змяншэння насельніцтва. Кіраўніцтва Краснаслабодскага сельсавета старых людзей без увагі не пакідае і час ад часу наведваецца ў вёску. Вось і нядаўна сумесна з мясцовымі культработнікамі зрабілі для смалоўцаў свята. Адпачынак выдаўся на славу.
Зараз Смалоўка з ліку тых маланаселеных вёсак, дзе адна на адну сіратліва пазіраюць хаты. Сюды я паехала, каб сустрэцца з тутэйшымі жыхарамі. Хацелася з людзьмі і гэтай мясцовасці завесці размову пра іх нялёгкую сялянскую долю. Завітаўшы наўгад у тры хаты, нас усюды «сустракаў» замок. Страціўшы надзею, што з кім-небудзь сустрэнемся наогул, я заўважыла жанчыну. Насустрач мне выйшла лагодная гаспадыня. Гэта была Зінаіда Лук’янаўна Бруяк (на здымку). Яна самая старэйшая сярод мясцовых жыхароў: не так даўно адсвяткавала 83-годдзе. З ёй і павяла расповед пра яе вясковае жыццё.

– Хата ваша, Зінаіда Лук’янаўна, сваім выглядам пацвярджае, што ва ўсім вы дбайная і ўвішная гаспадыня?
– Раней бы з вамі пагадзілася, а зараз, дзякуй дзецям, яны ва ўсім дапамагаюць, – з сумам развяла рукамі сталая жанчына.
Колькі гэтыя працавітыя, мазолістыя рукі за дзесяцігоддзі працы перарабілі, Зінаіда Лук’янаўна і сама не адкажа. З самага маленства яшчэ ў бацькоўскай хаце завіхалася па гаспадарцы. Жанчына расказала, як цяжка было выжываць у тыя часы. Не хапала ежы, адзення. Дарма. Павыжывалі. Каля з’явілася свая сям’я, клопату прыбавілася. Але да земляробчай працы ёй было не прывыкаць. Увесь працоўны шлях шчыравала ад рання да цямна на мясцовай ферме. Трымалі і дома вялікую хатнюю гаспадарку. Хацелася, каб было не горш чым у суседзяў. Да і падворак Бруякоў заўсёды ставіўся ў прыклад аднавяскоўцам па добраўпарадкаванню. Не тое, што гаспадары нібы спаборнічалі між сабой на лепшую сядзібу, а проста вельмі любілі, каб усё мела сваё месца і радавала вока прыгажосць, створаная ўласнымі рукамі. Калі трапляеш у двор гэтай сям’і, тут адразу адчуваецца сапраўдная любоў да свайго кавалачка зямлі, імкненне рабіць усё з натхненнем і душой. Вельмі ўражвала альтанка, зробленая з вінаграднай лазы, і малыя архітэктурныя формы. Праўда, як удакладніла Зінаіда Лук’янаўна, усё майстраваў зяць. Гэта яго ідэі ўмацаваць пад вокнамі хаты гусакоў ды лебядзяў. Няцяжка было здагадацца, што вельмі любіць жанчына і кветкі. Летам падворак амаль што топіцца ў іх. Такая прыгажосць па душы і сабе, і аднавяскоўцам. Як на падворку, так і з парогу хаты было бачна, што ўсё тут у ідэальнай чысціні і парадку: з густам пафарбаваныя лаўка, плот ды хата.
– Адбудаваліся вунь як, – ківае Зінаіда Лук’янаўна ў бок чыста прыбраных пакояў. – Дзеці малыя былі, а мы – маладыя, моцныя ды спрытныя, пагэтаму і запалу жыццёвага хапала. Зараз, здаецца, абышлася б адным невялічкім пакойчыкам. Сядзела б сабе, як вавёрка ўзіму ў дупле.
Не даюць сумаваць сваёй матулі яе дзеці – тры дачкі з зяцямі ды ўнукамі. Усе ўладкаваліся ў райцэнтры, пагэтаму амаль кожныя выхадныя падворак Зінаіды Лук’янаўны поўніцца жвавым гоманам і мітуснёй. Вядома ж, сялянскіх клопатаў заўсёды шмат. І выхадных не хапае, каб перарабіць усе хатнія справы. Асабліва ўвосень, калі патрэбна ўбіраць гародніну. Гуртам, як пчолы, яны налятаюць на прысядзібны ўчастак – і ўсе восеньскія клопаты неўзабаве вырашаюцца.
У размове я заўважыла, што Зінаіда Лук’янаўна не раз гаварыла пра адзіноту, што сумна зараз у вёсцы. Ва ўсёй ваколіцы нікога не знойдзеш, акрамя некалькіх пенсіянераў. Каго з аднавяскоўцаў ужо няма, а каго дзеці да сябе ў горад паклікалі. Амаль што тры гады баба Зіна таксама жыве без свайго гаспадара. Пагэтаму і адольвае яе нуда. Асабліва халоднай парой, калі цёмныя восеньскія туманы прыплываюць у наваколле з ракі Арэсы. Што ж зробіш? Каб не так адзінока было жыць на белым свеце, яе клічуць да сябе дочкі. Але яна і блізка не хоча пакідаць родныя сцены.
– Пакуль варушуся самастойна, буду дома. Тут я сама сабе, і нікому не перашкаджаю, – толькі так і не інакш думае пенсіянерка.
З печы чулася гучнае мурлыканне. Гэта два вялізныя, лахматыя каты бабы Зіны. Яны адзіныя дамачадцы, пагэтаму шмат увагі атрымоўваць ад гаспадыні, якая заўсёды частуе іх прысмакамі.
– Мабыць, чымсьці асаблівым корміце гэтых вашых хатніх вартаўнікоў, раз такія дагледжаныя ды ласністыя? – з цікавасцю пытаюся ў бабулі.
– А як жа! Без каўбаскі ежы ў іх не бывае. Ды яшчэ паспаць лезуць на цёплыя, чыстыя пасцелі. Выдаўжацца ды як пачнуць качацца. Тут яны дазволу ад мяне не атрымоўваюць.
Успомнілі пра ўсё: маленства, вайну, жыццё пасляваеннага перыяду. Не абмінулі і тэму дабрабыту.
– Зараз няма чаго скардзіцца на жыццё. Заробленай пенсіі хапае, каб пракарміцца. Яшчэ дапамагаю і ўнукам. Колькі нам старым трэба? А ў іх ўсё жыццё наперадзе. Хай памятаюць мяне і не забываюць.
Іх у Зінаіды Лук’янаўны шэсць. Дачакалася і двух праўнучкаў. А гэта значыць, што род сям’і працягваецца. Ім пісаць новую гісторыю, у якой бы бабулі з іх бацькамі вельмі хацелася б, каб яны знайшлі сваё прызначэнне на роднай зямельцы.
Наталья Ёвенка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *