Шумна і весела свае святы вёсак адзначылі аграгарадкі Рассвет і Майсееўка

Важное Культура

Мы песняй славім родны кут
Ва ўсе часы галоўнае багацце любой вёскі – гэта людзі. Перш-наперш людзі сталыя, якія працавалі на палетках, на фермах, аддавалі ўвесь запал сваёй душы справе і не задумваліся над тым, што сваёй працай множылі славу не толькі гаспадаркі , але і ўсяго раёна.

Асаблівыя словы ўдзячнасці былі выказаны старэйшаму пакаленню аграгарадка Рассвет, асабліва Асадчай Антаніне Іосіфаўне, якую можна назваць равесніцай дваццатага стагоддзя.
Ушаноўвалі і выказвалі словы падзякі бацькам, якія выхоўваюць па чацвера дзяцей – сем’ям Андрэя і Настассі Гарагляд, Сяргея і Надзеі Новак.
Вёска не памірае, яна жыве, яна будзе жыць, пакуль у вёсцы нараджаюцца дзеці. На свяце віталі самую маленькую жыхарку Эвеліну Ткачэнка, яе бацькоў Руслана і Валерыю віншавалі з нараджэннем трэцяга дзіцяці.
Ёсць ў народзе прымаўка ”Жыццё пражыць – не поле перайсці”. Таму з павагай віталі сям’ю, якая ўжо 45 гадоў крочыць сумесна па жыцці –Леаніда Мікалаевіча і Людмілу Уладзіміраўну Дашкоўскіх.
З-пад рук таленавітых людзей выходзяць сапраўдныя творы мастацтва. А іх у Рассвеце нямала! Радуюць вока прыгожыя вышыванкі Карпянок Матруны Іванаўны і Русай Ніны Дзянісаўны. А якімі казачнымі фігурамі з дрэва ўпрыгожана тэрыторыя Рассветаўскага лясніцтва! Гэта работы Валянціна Мікалаевіча Жданюка.
У аграгарадку нямала гаспадароў, якія не стамляюцца ўпрыгожваць свае сядзібы і тым самым робяць свой родны куток утульным і непаўторным. У гэтым годзе падарункам за лепшы падворак узнагароджаны Галавачэнка Валерый Аркадзьевіч.
Віншаванні і добрыя пажаданні на свяце прымалі таксама жыхары, якія адзначаюць у гэтым годзе юбілейныя даты.

Тут усё маё, і родам я адсюль

Чулыя і добрыя словы гучалі на свяце ў аграгарадку Майсееўка ў адрас сталых людзей, прайшоўшых няпросты жыццёвы шлях. Вежнавец Лідзія Рыгораўна ў юным узросце перажыла жахі ваеннага ліхалецця, усё жыццё добрасумленна працавала, вырасціла 5 дзяцей, мае зараз 8 унукаў і 14 праўнукаў.


Прывітанні і падарункі прымалі сем’і-юбіляры: Валянціна Іванаўна і Андрэй Валянцінавіч Касько, Лілія Міхайлаўна і Юрый Уладзіміравіч Папруга, якія адзначылі 30-годдзя сумеснага жыцця; 35 год разам Таццяна Дзмітрыеўна і Васілій Фёдаравіч Галабурда, Надзея Міхайлаўна і Юрый Іванавіч Вежнавец; Ніна Мікалаеўна і Анатолій Паўлавіч Галавачэнка ідуць разам па жыцці ўжо 40 год.
Падарунак прымала на свяце і самая маленькая жыхарка Майсееўкі – Коршак Сафія.
Віншавалі дружную шматдзетную сям’ю Мішкевіч. Марына Віктараўна і Дземьян Максімавіч выхоўваюць пяцёра дзяцей – актыўных удзельнікаў розных мерапрыемстваў і гурткоў.
На свяце віталі таксама і іншых жыхароў Майсееўкі, гучалі музычныя прывітанні.
Атмасфера свята была цёплай, душэўнай, напаўняла прысутных любоўю да роднага краю, да сваёй зямлі.

Вольга ЯКАЎЛЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *