Шлях “Звязды” у Акцябрска-Любанскай партызанскай зоне

Общество

Ідэя аднавіць выпуск рэспубліканскай газеты “Звязда” і выдаць яе першыя нумары ва ўмовах варожай акупацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны з’явілася менавіта на тэрыторыі нашага Акцябрскага раёна.

Як гэта было, адлюстравана ва ўспамінах аднаго з першых супрацоўнікаў  друкаваннага выдання ваеннага часу Емяльяна Шурпача: “У канцы кастрычніка 1942 года неяк падвечар мяне паклікалі ў штаб партызанскага злучэння – мабыць, падумалася, зноў пашлюць на новае заданне. Але тое, што я пачуў ад камандзіра Рамана Мачульскагаі ўпаўнаважанага ЦК КП(б)Б Кірыла Мазурава, збянтэжыла. “Трэба перабрацца набольш заканспіраваную кватэру, там даведаешся, што будзеш рабіць далей,” – вось так коратка, без удакладнення абставінаў прагучаў іх таямнічы загад.

У вёсцы Сасноўка Акцябрскага раёна, дзе і размяшчаўся штаб, па ўказаным адрасе я сустрэў сваіх таварышаў па даваеннай рабоце ў рэдакцыі Капаткевіцкай раённай газеты Ніну Цылько і Мікалая Курыку. Іх таксама перада мною выклікала партызанскае камандаванне. Цяпер стала зразумела, чым будзем займацца – пачнем выпускаць газету. Але як? Не было ж ні шрыфтоў, ні друкарскага варштату, ні іншых прыстасаванняў.

На заўтра мяне і Курыку зноў паклікалі ў штаб.Камісар злучэння Іван Бельскі паставіў задачу абавязкова здабыць шрыфт. Перад прыходам фашыстаў я сам закапаў некалькі кас са шрыфтам. Аднак як цяпер дастаць іх? У Капаткевічах жа немцы…

Нам далі групу партызан. Цёмнай ноччу прабраліся да будынку рэдакцыі. Амаль да світання выграбалі і ссыпалі ў мяхі літары разам з пяском. Потым амаль тыдзень мылі і ачышчалі друкарскі шрыфт.

Калі гэта работа была зроблена, набралі першую лістоўку. Здзівіла, што ў канцы яе Мазураў загадаў паставіць “Выданне ЦККП(б)Б”. Кірыл Трафімавіч намёкамі даў зразумець, што лістоўкі, якімі мы заняліся, справа часовая, хутка будзем рабіць сапраўдную газету.

Так мы працавалі да 25 студзеня 1943 года. Той ноччу прыляцеў самалёт з Вялікай зямлі. Увечары мы ехалі ў напрамку глухой вёсачкі пад назвай 6-я Брыгада (зараз вёска Дварэц Любанскага раёна амаль намяжы з тэрыторыяй Краснаслабодскага сельсавета Акцябршчыны. – Заўвага аўт.). Спыніліся ў дзвюх крайніх хатах, у якіх жылі салдаткі Марфа Мігун і Марыя Бубіч. Тут і адбылося наша знаёмства з Міхаілам Барашкавым, будучым рэдактарам “Звязды”, і мы ўсе разам дружна ўзяліся за справу.

Над выданнем газеты тады працавалі былы рэдактар Любанскай райгазеты Піліп Касцюкавец, а таксама Георгій Шчарбатаў, Аляксандр Сакевіч, Мікола Курыка і я, Емяльян Шурпач. Умовы работы і побыту былі вельмі суровыя. Зімовыя дні кароткія, і мы ледзь да прыцямку паспявалі набіраць чарговы нумар. А вярсталі, правілі і друкавалі яго звычайна пры святле смалякоў. Газета выходзіла два разы на тыдзень па серадах і суботах і адразу заваявала шырокага чытача.

У канцы сакавіка 1943 года карнікі нечакана прарваліся зусім блізка да нашай вёскі 6-я Брыгада. Партызаны, праўда, сумелі спыніць іх на пэўны час на рацэ Арэса ў чатырох кіламетрах ад месца нашай дыслакацыі.  Стрэлы чуліся літаральна побач. За некалькі мінут сабралі свой рыштунак, пагрузілі на каня – і ў балота. Густы чарот і лазняк надзейна схавалі нас.

Ёсць сярод Загальскіх балот сухі груд, які мясцовыя жыхары празвалі Добрым. Тут мы зрабілі прыпынак і завяршылі нумар газеты. Далей спыніліся ў недалёкай ад Добрага вёсцы Рэпін. Гаспадары хаты –стары рускі салдат дзед Сямён і яго бабка Гануля ўмелі трымаць язык за зубамі. Тут мы сябе адчувалі ў бяспецы і працавалі ў поўную сілу. Не хапала шрыфту адразуна дзве паласы, таму набіралі і друкавалі спачатку адну, а потым шрыфт разбіралі і рабілі другую старонку.

Як ні зручна і выгадна было жыць і працаваць пад адным дахам у добрых гаспадароў, але ўзнікла неабходнасць перабрацца ў больш зацішнае месца, бо нямецкія самалёты падазрона зачасцілі ў ваколіцы Рэпіна. У адну з чэрвеньскіх начэй 1943-га работнікі падпольнай газеты зняліся з месца і падаліся ў напрамку Чорнага балота (наваколле сучаснай вёскі Дзвесніца. – Заўвага аўт.). Там партызаны падрыхтавалі новую стаянку для “Звязды”. Закароткую ноч прайшлі толькі палову шляху. Раніцай зрабілі прывал на невялікім курганчыку сярод балота, крыху адпачылі і ўзяліся за работу. Разабралі свойрыштунак, прыладзіліся, хто дзе змог – і праца закіпела. І ўжо вечарам сувязны павёз у штаб злучэння чарговы нумар “Звязды”. Назаўтра мы трывала аселі на новым месцы пад магутным дубам. Гэта быў партызанскі востраў Зыслаў (на Любаншчыне ў некалькіх кіламетрах ад вёскі Альбінск Акцябрскага раёна. – Заўвага аўт.). Рэдактар Міхаіл Парфёнавіч аблюбаваў сабе месца пад пышным арэхавым кустом. Вельмі падбадзёрыла нас тэлеграма Цэнтральнага Камітэтакампартыі Беларусі, у якой адзначалася добрая работа падпольных супрацоўнікаў газеты “Звязда”, усіх, хто яе выдаваў і распаўсюджваў”.

Як і па ўспамінах Емяльяна Шурпача, непасрэдна звязанага з легендарнай газетай у перыяд фашысцкай акупацыі,  так і па іншых расказах відавочцаў, па дакументальных матэрыялах можна адзначыць, што рэдакцыя “Звязды”, якая разгортвала сваю дзейнасць на тэрыторыі Акцябрскага раёна, трымала цесную сувязь з падпольнымі райкамамі, Мінскім абкамам партыі, камандаваннем партызанскіх брыгад і асобных атрадаў. Кожную нядзелю рэдактар Міхаіл Барашкаў ездзіў па вёсках партызанскага краю, браў з сабою свежыя газеты, раздаваў іх сялянам, расказваў пра становішча на фронце, падзеі за мяжой. Так, вялікае ўражанне на жыхароў вёскі Гарадзяцічы Любанскага раёна (размешчана непадалёку ад нашай Сасноўкі) аказаў расказ пра савецкага калгасніка Ферапонта Галаватага, які на свае зберажэнні купіў самалёт для патрэб Чырвонай Арміі. У час такіх сустрэч гучалі шчырыя падзякі вяскоўцаў у адрас партызан за іх дапамогу мірным жыхарам, надзейную абарону ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, іх паслугачоў.

Між тым, пасля названых падзей, калі паступова набліжалася вызваленне Беларусі, “Звязда” выходзіла амаль штодзённа. А з 10 ліпеня 1944 года гэта газета-партызанка стала выдавацца ў вызваленай сталіцы нашай рэспублікі – горадзе Мінску і знаходзіць шлях да свайго шчырага і вернага чытача да сённяшняга дня.

Аляксей Брайцаў, ветэран працы, гісторык (падрыхтаваў па матэрыялах кнігі “Памяць. Любанскі раён”, газетных і часопісных артыкулаў).          



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *