Шлях экспедыцыі “Дарога да Святыняў” упершыню пралягае праз наш раён

Общество

Духоўны сімвал Дня беларускага пісьменства – Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да Святыняў” з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, якая рушыць з Мінска ў сёлетнюю сталіцу беларускага пісьменства горад Рагачоў, 31 жніўня-1 верасня зробіць прыпынак у Акцябрскім раёне.
У гэтым годзе яна ладзіцца ўжо ў 23 раз. Пачатак духоўна-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да Святыняў” быў пакладзены ў 1994 годзе, калі ў Полацку Благадатны Агонь асвяціў першае свята беларускага пісьменства. Традыцыйна ўдзел у ёй бяруць як вядомыя дзеячы культуры, навукі, асветы, літаратары, акцёры, так і духоўныя асобы Беларускай праваслаўнай царквы. Кожны год яна выпраўляецца ад Мінскага Свята-Духавага сабора, дзе ў алтары гарыць Нязгасная лампада Благадатнага Агню, што сыходзіць у Вялікую Суботу ў Іерусаліме.
Паўсюль на маршруце ў наведваемых святынях адбываюцца духоўныя дзеі, на свечкі прыхаджан перадаецца Благадатны Агонь ад Гроба Гасподняга, асвячаюцца помнікі славы і мужнасці нашага народа, каля магільных пахаванняў загінуўшых воінаў і партызан папярэдніх войнаў служацца памінальныя Ліціі, праходзяць сустрэчы з жыхарамі наведваемых населеных пунктаў. У навучальных установах удзельнікі экспедыцыі праводзяць урокі. Наведваюцца таксама культасветустановы, дзе ладзяцца навукова-духоўна-асветніцкія, метадычныя, літаратурныя, музычныя сустрэчы, даюцца кансультацыі мясцовым творцам.
Сутнасць экспедыцыі “Дарога да Святыняў” заўсёды застаецца нязменнай – дарыць людзям Благадатны агонь надзеі, святло асветы, любові і веры.
Запрашаем усіх жыхароў і гасцей раёна далучыцца да 23-й Міжнароднай духоўна-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да Святыняў”.
Падрыхтавала
Алена СТАРЫНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *