Шаркаўшчына больш не самая бедная. Топ-10 раёнаў Беларусі з нізкімі і высокімі заробкамі

Общество

Сярэдні заробак беларусаў у чэрвені склаў 738,7 рубля. Рост у параўнанні з маем — амаль на 20,5 рубля. Намінальны заробак павялічваецца ўжо трэці месяц запар. Але гэты рост ідзе ў розных рэгіёнах нераўнамерна. Шаркаўшчынскі і Ушацкі раёны, якія знаходзіліся ад пачатку года ў хвасце зарплатнага рэйтынгу, — змаглі нарэшце пераламаць тэндэнцыю.

У дзясятцы раёнаў з самымі нізкімі заробкамі не аказалася ніводнага рэгіёну, дзе заробак дацягнуў хоць бы да 500 рублёў. Пры гэтым самая маленькая сярэдняя зарплата — ніжэй 460 рублёў — цяпер не ў Шаркаўшчыне, а ў Лоеве і ваколіцах. Хоць былы антылідар са спісу самых бедных раёнаў усё адно не выйшаў.

А вось сапраўдны поспех прадэманстраваў Ушацкі раён, які нават не патрапіў у рэйтынг найменшых заробкаў. У чэрвені там у сярэднім плацілі 503 рубля (у маі — каля 480). Праўда, сакрэт поспеху просты — статыстыка ўлічыла адпускныя, якія выплацілі работнікам.

Акрамя таго, антырэйтынг папоўнілі адразу некалькі навічкоў: Міёрскі, Шумілінскі, Глускі, Ельскі, Браслаўскі і Брагінскі раёны.

Топ-10 раёнаў з самымі нізкімі заробкамі
Раён Сярэдні заробак
у чэрвені 2016 года, рублёў
Лоеўскі 459,2
Шаркаўшчынскі 471,1
Кармянскі 471,3
Хоцімскі 488,8
Міёрскі 492,4
Шумілінскі 492,7
Глускі 496,2
Ельскі 498,5
Браслаўскі 498,8
Брагінскі 499,0

Самым жа «багатым» рэгіёнам па традыцыі стаў Салігорскі раён, які абышоў па дадзеным паказчыку нават горад Мінск. Нядрэнныя заробкі былі ў Дзяржынскім і Мінскім раёнах — прыкладна па 800 і 900 рублёў.

Таксама выгадна жыць у Рэчыцы, Смалявічах і Мазыры. Характэрна, што перадапошнім у рэйтынг паспеў ускочыць Астравецкі раён, дзе цяпер ідзе будоўля Беларускай атамнай электрастанцыі. Там у сярэднім плацяць амаль 675 рублёў.

Топ-10 раёнаў з самымі высокімі заробкамі
Раён Сярэдні заробак
у чэрвені 2016 года, рублёў
Салігорскі 1065,1
Мінскі 903,0
Дзяржынскі 813,5
Рэчыцкі 780,0
Смалявіцкі 744,0
Мазырскі 699,0
Нясвіжскі 692,4
Лагойскі 684,1
Астравецкі 674,2
Светлагорскі 670,1

Дарэчы, калі ўлічыць статыстыку па абласных цэнтрах і гарадах абласнога падпарадкавання, то высокія зарплаты таксама былі ў Наваполацку, Жодзіне, Гродне, Брэсце і Гомелі. Там у чэрвені людзі атрымлівалі ад 700 да 800 з лішнім рублёў.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *