Сейбіт

Человек и его дело

DSC_0252На нашу просьбу назваць кандыдатуру каго-небудзь з перадавых работнікаў сельгаспрадпрыемства, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Маісееўка» Віталь Сяргеевіч Мядзведзеў доўга не раздумваў і адразу вымавіў:
– Віталь Мікалаевіч Дашкевіч.
А потым дадаў:
– Адзін з нашых лепшых механізатараў як на сяўбе збажыны, так і яе ўборцы.Фактычна, тое, што пасеяў, сам і ўбраў.
З Віталем Мікалаевічам мы сустрэліся на тэрыторыі машынна-трактарнага парка аддзялення Рассвет, дзе ён даводзіў да ладу выдзелены яму КЗС-10, на якім працаваў ў час уборачнай кампаніі на хлебнай ніве. Разгаварыліся.
Жыццёвы лёс яго нічым асаблівым не вызначаецца, ён практычна ў многім такі ж, як і ў яго равеснікаў (Віталю Мікалаевічу зараз 38 гадоў, і мы можам з поўным на тое права сказаць, што ён з’яўляецца тыповым прадстаўніком сярэдняга пакалення вяскоўцаў, якому выпала быць прадаўжальнікам працоўных традыцый бацькоў і дзядоў). Пасля заканчэння дзевяці класаў Майсееўскай сярэдняй школы падаўся ў Акцябрскае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча сельскагаспадарчай вытворчасці, дзе і атрымаў спецыяльнасць трактарыста-машыніста шырокага профілю. На гэта пайшло амаль тры гады вучобы.
Нейкі час папрацаваў у мясцовым калгасе і быў прызваны ў армію. Службу праходзіў у войсках супрацьпаветранай абароны ў Фаніпалі пад Мінскам. Пасля заканчэння яе вярнуўся назад у родныя мясціны і зноў сеў за руль трактара.
Маладосць заўсёды цягне ў дарогу. Хочацца пабываць у іншых мясцінах, выпрабаваць сябе, адчуць подых вольнага ветру. Ды і цягне да сябе гарадское жыццё. Вось і Віталь таксама ў хуткім часе адправіўся ў Жлобін, дзе аформіўся трактарыстам у аддзяленні сувязі. Ды не ўсё, што планавалася, атрымалася, і праз некалькі гадоў Віталь Мікалаевіч вярнуўся назад. З таго часу і працуе бяззменна ў гаспадарцы.
Спачатку яму быў выдзелены магутны «Кіравец», а пазней атрымаў МТЗ-3022 з сеялкай АПП-6. Асноўнымі работамі для яго сталі вясной і восенню сяўба зерневых культур, а ўлетку – уборка вырашчанай збажыны камбайнам КЗС-10.
– Віталь Мікалаевіч не абмяжоўваецца толькі сяўбой і жнівом, – гаворыць брыгадзір трактарнай брыгады аддзялення Рассвет Максім Фёдаравіч Акуліч. – Пры патрэбе займаецца ворывам, дыскаваннем глебы, іншымі неадкладнымі работамі. Вельмі добрасумленны, да даручэнняў адносіцца з высокай адказнасцю і выконвае іх толькі на выдатна. Адзін з тых работнікаў, да якога прэтэнзіі з боку кіраўніцтва адсутнічаюць.
…Штодзень Віталь Мікалаевіч дабіраецца з Вуглоў, у якіх жыве, у Рассвет. Каб ужо праз некалькі хвілін адправіцца на палеткі сельгаспрадпрыемства і закласці аснову будучаму ўраджаю…
Мікалай Лоўгач.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *