Рассвета дзіўнае цяпло…

Общество

Изображение 025

У мінулую нядзелю аграгарадок Рассвет ператварыўся ў своеасаблівую пляцоўку, на якой знайшлося месца ўсяму: і прыгожым песням, і цудоўным танцам, і яскраваму народнаму гумару. А гаспадарамі былі гасціннасць, дабрыня і весялосць.

Па традыцыі кожны год у дзень Святой Троіцы вёска адзначае сваё свята. Вось і ў гэты раз яна сустракала жыхароў і гасцей, якія сабраліся каля мясцовага культурна-спартыўнага цэнтра. А пачалося ўсё гэта дзейства са старажытнага абраду “Ваджэнне Куста”, які звычайна праводзяць на Троіцу. Дзіцячы фальклорны калектыў “Цярэшкавы шчодрыкі” Рассветаўскага КСЦ змог вельмі добра раскрыць сэнс і паказаць усю каштоўнасць гэтага звычаю. Кустом выбралі адну з дзяўчынак ансамбля, спадніца якой была аздоблена бярозавым лісцем, а яе галаву ўпрыгожваў вяночак з кветак. Дзяўчаты і хлопцы з песнямі і танцамі ішлі па вёсцы, заходзілі ў хаты і жадалі гаспадарам здароўя, шчасця, дабрабыту. Гаспадыні сустракалі паважаных гасцей, адорвалі іх цукеркамі, піражкамі і іншымі прысмакамі, якія спецыяльна рыхтавалі да гэтага дня.

…Каля культурна-спартыўнага цэнтра збіралася ўсё больш людзей – старых і малых. Працавалі атракцыёны, быў наладжаны гандаль і арганізавана выстаўка, дзе свае вырабы з саломкі і іншую сувенірную прадукцыю прадставіла Яцкевіч Іна Іванаўна, метадыст-майстар філіяла Акцябрскага раённага дома рамёстваў, створанага на базе Рассветаўскага КСЦ, і бібліятэкар Савельева Тамара Пятроўна.
Вось сюды, у цэнтр вясковага жыцця, і накіраваліся ўдзельнікі абраду – “Цярэшкавы шчодрыкі”. Гэты калектыў таксама прыняў удзел у канцэртнай праграме, якая разгарнулася на пляцоўцы. Падчас мерапрыемства кветкі і невялікія падарункі ад кіраўніцтва ААТ “Маісееўка” атрымалі ў наступных намінацыях Іскрыцкая Кацярына Мікалаеўна (“Самы стары жыхар”), Дашкоўскі Мікіта (“Самы маленькі жыхар”), Каранец Віктар Уладзіміравіч (“Лепшы гаспадар”), Такун Анжэла Мікалаеўна (“Лепшая гаспадыня”). З прафесійным святам – Днём медыцынскіх работнікаў – павіншавалі загадчыцу ФАПа Кавалёву Наталлю Леанідаўну і медсястру Мароз Алену Міхайлаўну.
З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнулася старшыня Пратасаўскага сельскага Савета Вежнавец Людміла Васільеўна, у выкананні якой таксама прагучала песня. Свае музычныя нумары падараваў калектыў мастацкай самадзейнасці “Світанак”, сольныя выканаўцы Алена Ліхашапка, Ігар Дземенкавец, Мікіта Якімовіч, Святлана Галавачэнка і Сяргей Баравы, які, акрамя выкананых ім песень, яшчэ прачытаў свой верш “Родная зямля”, а Ніна Панцелеенка расказала байку “Страказа і муравей” на новы лад. Усіх артыстаў сустракалі гучнымі апладысментамі. Цеплыня захоўвалася не толькі ў паветры, але і ў сэрцы кожнага, хто прыйшоў на гэта свята. Свята роднай вёскі, якое закончылася толькі позна вечарам дыскатэкай для ўсіх.
Аксана БОРСУК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *