Прысвячае сябе дзецям…

Образование Общество

Толькі з пачатку бягучага навучальнага года выхаванцы настаўніка беларускай мовы і літаратуры ДУА “Акцябрская раённая гімназія” Таццяны Сяргееўны Крэч сталі ўладальнікамі 7-мі дыпломаў прызёраў абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Таму яна часта бывае ў мэтавых камандзіроўках, і нават на раённым злёце перадавікоў, на якім была прызнана лепшым па прафесіі па выніках работы за 2016 год, не змагла прысутнічаць – якраз суправаджала і натхняла на перамогу адну з лепшых сваіх вучаніц Анастасію Мартыненка на рэспубліканскай канферэнцыі ў Магілёве (з якім настроем яны вярнуліся адтуль, мы ўжо ведаем з папярэдняй публікацыі).

Пра Таццяну Сяргееўну, гэтага душэўнага адкрытага чалавека, можна гаварыць шмат, чаго не скажаш пра яе працоўную біяграфію. Па сутнасці, яна звязана практычна з адным месцам – раённай гімназіяй, дзе адна з лепшых педагогаў гэтай навучальнай установы ды і Акцябршчыны наогул нязменна шчыруе на працягу ўжо чвэрці стагоддзя. Толькі з невялікім удакладненнем, што гімназіяй Акцябрская сярэдняя школа №3, куды прыйшла працаваць Таццяна Сяргееўна ў 1991 годзе, стала пазней, а да гэтага зусім непрацяглы час станаўленне маладога педагога праходзіла ў Рассветаўскай і Краснаслабодскай школах, не лічачы папярэднюю вучобу ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце. Па сутнасці, толькі пару запісаў у працоўнай кніжцы аб працаўладкаванні, а вось падзяк, заахвочванняў, ступеняў павышэння кваліфікацыі – і не пералічыць.
— У часы майго дзяцінства не было такой разнастайнасці цацак, як зараз, а сучасныя гаджэты і зусім знаходзіліся на грані фантастыкі, — расказвае Таццяна Сяргееўна. – Часцей за ўсё мы ладзілі спартыўныя спаборніцтвы, канцэрты… Але любімым заняткам майго дзіцячага акружэння была гульня ў школу – правяраць сшыткі, выстаўляць у самаробны журнал адзнакі, падабалася, каб мяне абавязкова слухалі, калі я што-небудзь тлумачыла. Так паступова дзіцячае захапленне стала справай жыцця. Нягледзячы на мой больш чым 25-гадовы стаж работы педагогам, вучыцца даводзіцца і зараз, гэта пастаянны працэс. Дапамагаюць у гэтым перш за ўсё калегі – мудрыя, вопытныя выкладчыкі. Я пераймаю вопыт у людзей, якія мяне акружаюць, і надзяляю іх сваім. Вучу свабодзе думкі, адчуваць сваю родную мову, пазнаваць яе. У сценах гімназіі я навучылася зносінам з дзецьмі, заўсёды стараюся працаваць так, каб не было сорамна перад іх бацькамі.
На, бадай, галоўнае пытанне для лепшага педагога, якая формула поспеху яго вучняў, Таццяна Сяргееўна Крэч сцвярджае, што такіх складальнікаў звычайна тры: жаданне саміх вучняў увесь час самаўдасканальвацца ў абраным накірунку, пастаянная падтрымка з боку бацькоў і зацікаўленая дапамога настаўніка. Акрамя гэтага, асаблівае значэнне мае і планамерная мэтанакіраваная работа з адоранымі навучэнцамі, чаму Т. С. Крэч надае павышаную ўвагу. Асноўны ўпор яна робіць на іх удзел у алімпіядным руху і вучэбна-даследчых конкурсах. У распрацаванай ёю сістэме падрыхтоўкі таленавітых дзяцей няма нічога незвычайнага. Настаўніца практычна штодзённа сустракаецца з навучэнцамі, у якіх заўважыла пэўную цікавасць да прадмета, і паступова развівае іх здольнасці праз падрыхтоўчыя і трэніровачныя практыкаванні, факультатывы, індывідуальныя заняткі, парады па самаадукацыі, сумесную распрацоўку памятак і апорных схем па асноўных вучэбных раздзелах і іншае, не забываючы пра псіхалагічную падтрымку, матывацыю на поспех. Такая карпатлівая праца дае і адпаведны вынік. На працягу трох гадоў навучэнцы Таццяны Сяргееўны Крэч стабільна перамагаюць у абласной і рэспубліканскай даследчых канферэнцыях. Яе вучні Дар’я Шлапакова (ужо студэнтка БДУ) і Данііл Шэйка з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
— Любому чалавеку ў яго творчым і прафесійным пошуку моцнае натхненне можа даць яго сям’я, — дзеліцца яшчэ адным сакрэтам свайго поспеху Таццяна Сяргееўна Крэч. – Мне ў гэтым плане пашанцавала. Муж і дачка – гэта мая трывалая і надзейная апора. І таму ў маіх асабістых ўдачах і дасягненнях ёсць вялікая доля і іх заслугі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *