Працаваць далей – з новымі падыходамі

Культура

 

  • Такой асноўнай ідэяй было прасякнута правядзенне ІІІ Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”, які адбыўся ў Магілёве 30 верасня — 2 кастрычніка бягучага года. У гэтым маштабным аўтарытэтным мерапрыемстве прыняў удзел і калектыў ДУК “Цэнтр гісторыі і культуры Акцябрскага раёна”.

Карэнныя змены ў развіцці цывілізацыі на сучасным этапе не маглі не адбіцца на ўсіх сферах нашага жыцця. Закрануў гэты працэс і музейную справу, якая са звычайнай дэманстрацыі выстаў пэўных экспанатаў, як было не так даўно, пераўтварылася ў нешта большае, аб’ёмнае, пастаянна пашыраючы свой уплыў на розныя сацыяльныя і ўзроставыя групы насельніцтва. Як адзначана ў “Рэкамендацыях аб ахове і папулярызацыі музеяў і калекцый, іх разнастайнасці і ролі ў грамадстве”, прынятых на 38-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 2015 года, музеі выконваюць усё большую ролю ў стымуляванні творчай асобы, адкрываючы магчымасці для індустрыі творчасці і культуры, для правядзення вольнага часу, тым самым спрыяючы матэрыяльнаму і духоўнаму дабрабыту людзей ва ўсім свеце. Музеі таксама забяспечваюць падтрымку эканамічнаму развіццю той ці іншай краіны, у прыватнасці, з дапамогай культурных і творчых індустрый і турызму.

Свае пазнавальна-выхаваўчыя функцыі за апошні час значна пашырыла і дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтр гісторыі і культуры Акцябрскага раёна”. Акрамя экскурсій па экспазіцыйных залах гэтай музейнай установы распрацаваны шэраг праграм, дзе асобае месца нададзена дзіцячым, працуе “Клуб гісторыкаў”, пастаянна павялічваецца кола турыстычных маршрутаў, якія набываюць усё большую колькасць сваіх прыхільнікаў, прычым, з ліку прадстаўнікоў розных пакаленняў, і многае іншае. Станоўчы вопыт работы мясцовай музейнай установы добра вядомы і за межамі Акцябршчыны. Таму зусім невыпадкова Цэнтр гісторыі і культуры Акцябрскага раёна разам з філіялам – карціннай галерэяй імя Дробава Л. М. у ліку лепшых музейных устаноў вобласці быў накіраваны ў якасці ўдзельніка ў ІІІ Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”.

Увазе шматлікіх гасцей мерапрыемства супрацоўнікі Цэнтра прадставілі выставу “Рудабельская кветка: дакрануцца да мінулага”. Асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікала лялечная экспазіцыя “Вясельны цягнік”, складзеная з уласных вырабаў народнага майстра з вёскі Пратасы Веры Леанідаўны Сілівончык (яе лялькі былі апрануты ў касцюмы згодна традыцыйных народных строяў). Таксама акцябрскія музейныя работнікі паказалі прадстаўленне лялечнага тэатра “Батлейка”. Інсцэніроўкі беларускіх народных казак у іх выкананні выклікалі шчыры інтарэс нават у дарослых. Адметна, што толькі Цэнтр гісторыі і культуры Акцябрскага раёна быў адзіны з усіх музейных устаноў, прымаючых удзел у форуме, які паказаў батлеечны спектакль. Гэта вельмі зацікавіла іншыя музеі ў плане пераймання вопыту акцябрскіх калег у справе адраджэння старажытнага сцэнічнага жанру.

На суд экспертаў і гледачоў акцябрычане таксама прадставілі свой праект “Традыцыйная культура і дзеці” з дэманстрацыяй відэаматэрыялаў і фотаздымкаў, яскрава распавядаючых пра далучэнне  падрастаючага пакалення да крыніц і абрадаў народнай спадчыны рудабельскага краю. Такая трывалая сувязь у яе практычным праяўленні стала адной з прадметных тэм размовы дзелавой праграмы форуму, дзе прымалі ўдзел спецыялісты з розных куткоў Беларусі, а таксама з Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Швецыі і іншых краін.

Наогул, прадастаўленыя на своеасаблівы музейны фэст у Магілёве праекты Акцябрскага Цэнтра гісторыі і культуры атрымалі высокую адзнаку наведвальнікаў. У прыватнасці, з вялікай цікавасцю знаёміўся з нашай выставай лялек міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Уладзіміравіч Святлоў. Словы падзякі акцябрычанам  за іх добрую падрыхтоўку да свята  і шчыры абмен вопытам у яго працэсе выказалі прадстаўнікі дэлегацый Гомельшчыны і іншых абласцей, а персанальна – галоўны спецыяліст аддзела аховы гісторыка-культурнай спадчыны Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Васільевіч Разанаў. За актыўны ўдзел у рабоце форуму вядучая музейная ўстанова Акцябршчыны была адзначана заахвочвальным Дыпломам.

У сваю чаргу супрацоўнікі Цэнтра гісторыі і культуры Акцябрскага раёна на чале з дырэктарам і кіраўніком дэлегацыі Карынай Анатольеўнай Курсевіч выказваюць шчырую ўдзячнасць за дапамогу ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў вышэйназваным мерапрыемстве старшыні праўлення Акцябрскага райспажыўтаварыства Тамары Яўгенаўне Казакевіч, намесніку начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргею Іванавічу Зарычнаму, дырэктару ДУК “Акцябрскі дом рамёстваў” Таццяне Васільеўне Халадок, майстрам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Веры Леанідаўне Сілівончык (в. Пратасы) і Дзіне Канстанцінаўне Мірончык (г. п. Акцябрскі).

Юрый Каспяровіч.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *