Галіна Ігнатовіч — лепшая ў сваёй справе

Сельское хозяйство Человек и его дело

Сярод 11 лепшых аператараў па штучнаму асемяненню сельскагаспадарчай жывёлы Гомельшчыны, удастоеных Ганаровых грамат аблвыканкама і атрыманых з рук губернатара Генадзя Салаўя на нядаўнім урачыстым мерапрыемстве-ушанаванні перадавікоў аграрнай галіны, узнагароду атрымала і прадстаўніца гэтай прафесіі з адкрытага акцыянернага таварыства “Дзербін”Галіна Ігнатовіч.

Канечны вынік работы спецыялістаў, якія займаюцца ўзнаўленнем дойнага статка, не бачны адразу, як, напрыклад, штодзённы надой малака. Для гэтага патрэбны даволі працяглы час. Аднак таго ж малака – галоўнай “грашовай” сыравіны для нашых сельгасвытворцаў не можа быць без атрымання прыплоду. Апошняе ж цалкам залежыць ад майстэрства тэхніка-асемянатара, яго прафесіяналізму і добрасумленнасці. Гэтыя якасці ў поўнай меры ўласцівы для Галіны Ігнатовіч, адзінага спецыяліста такога профілю ў ААТ “Дзербін”.

Галіна Уладзіміраўна на пасадзе аператара па штучнаму асемяненню жывёлы нязменна працуе на працягу ўжо 36 гадоў. У свой час вучылася на спецыяльных курсах пры Рэчыцкім зааветэрынарным тэхнікуме, аднак прафесійныя навыкі набывала паступова, працуючы год за годам у роднай гаспадарцы. Работы заўсёды хапала, асабліва спачатку: у тагачасным калгасе імя Горкага (ранейшая назва сённяшняга ААТ “Дзербін”) на сярэдзіну 80-х і жывёлы налічвалася болей, і дойнае пагалоўе было значна раскідана – акрамя цэнтральнай, дзербінскай, фермы каровы размяшчаліся ў Воспіне і ў аддаленым Радкове, першацёлак пасвілі нават пад Колкамі Петрыкаўскага раёна. Даводзілася ўсюды паспяваць. Праўда, раней асемянатары ў гэтай гаспадарцы працавалі звяном (Галіна Ігнатовіч больш за 10 гадоў рабіла ў пары з Галінай Пальцавай, затым каля 15-ці – з Ліліяй Мазейка), і яно даволі часта выходзіла ў пераможцы па раёну. Ды і ўмовы для работы тэхніка-асеменатара раней былі горшымі – яны месціліся ў цесным пакойчыку на старой ферме, больш распаўсюджаным было пашавае ўтрыманне кароў, пры якім выявіць тых кароў, што прыходзяць “в охоту”, ужо было праблематычней. Іншая справа зараз: 7 гадоў таму асемянатарскі пункт пераехаў у новы будынак на даільна-малочны блок МТФ “Дзербін”, абсталяваны ўсім неабходным, дойны статак па сваёй большасці  знаходзіцца  на круглагадовым стойлавым утрыманні на ДМБ са штодзённым выгулам у кампактных кашарах, а таксама ў стацыянарных летніх лагерах. Таму жывёлу значна прасцей кантраляваць, выяўляць тую, што падлягае асемяненню, і тады прымаць ужо адпаведныя меры.

У такіх умовах Галіна Ігнатовіч працуе тэхнікам-асеменатарам адна на ўсю гаспадарку ўжо чатыры гады. Рабочы дзень яе ненарміраваны, выхадных, можна сказаць, што і няма – фізіялагічны стан той жа каровы (а іх у распараджэнні асемянатара на сённяшні дзень 843 галавы) незалежны ад працоўных графікаў жывёлаводаў. Хаця, як сцвярджае Галіна Уладзіміраўна, найбольш напружаны час у яе рабоце – гэта перыяд са жніўня па лістапад, аднак клопатаў хапае і зімою. Ажыццяўляючы штучнае асемяненне найбольш надзейным і дзейсным рэктацэрвікальным шляхам,  спецыялісту Г. У. Ігнатовіч дадаткова даводзіцца выяўляць і гінекалагічныя захворванні буронак, дапамагаць іх пралечваць маладым ветэрынарам – вопытны спецыяліст за гады сваёй работы і тут мае пэўную практыку.

А калі закрануць самі вынікі аднога з лепшых тэхнікаў-асеменатараў раёна, то яны наступныя: за 2019 год Галіна Ігнатовіч дабілася выхаду 100 цялят з разліку на кожныя 100 кароў супраць пазалеташняга паказчыку 97 на 100. Таму яна сёння па праву лічыцца лепшай па прафесіі, сведчаннем чаму – нядаўняя ўзнагарода абласнога ўзроўню. Віншуем!

Юрый Каспяровіч.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *