Паспяховае выступленне пад нумарам 13

Знай наших! Образование

Даник на 1 стр. Даник с крек Забабоны, звязаныя з лічбай 13, якая па народнаму павер’ю лічыцца самай нешчаслівай, ніякім чынам не перашкодзілі выступленню здольнага і таленавітага вучня раённай гімназіі Данііла Шэйка. Менавіта пад гэтым нумарам дзевяцікласнік абараняў сваю даследчую работу на рэспубліканскім конкурсе прац вучэбна-даследчага характару, які праходзіў з 26 па 28 лютага ў Магілёве. І калі Данік выцягнуў трынаццаты нумар, то не расхваляваўся, а наадварот, на прапанову аднаго з выкладчыкаў змяніць яго, цвёрда вырашыў, што раз так давялося, то будзе абараняцца менавіта пад гэтай лічбай.

Хваляваўся толькі за тое, ці будзе цікава абраная ім тэма членам журы, ці спадабаецца і ўвогуле захопіць іх. І зараз, як бачна па выніку яго выступлення, – усё ў хлопца атрымалася бліскуча і бездакорна: Данііл Шэйка стаў дыпламантам І ступені. Ён другі пасля Дар’і Шлапаковай у раёне, хто на такім высокім узроўні дастойна прадставіў не толькі Акцябршчыну, але і ўсю Гомельшчыну. Напомнім, што ў мінулым годзе гімназістка Дар’я Шлапакова таксама ў гэтым маштабным конкурсе, толькі ў іншай намінацыі «Літаратуразнаўства», прадэманстравала выдатныя веды па свайму накірунку і за свае дасягненні атрымала Дыплом ІІ ступені. Акрамя таго, Даша была ўзнагароджана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яе прозвішча занесена ў банк адоранай моладзі нашай краіны. Рыхтавала гэтых вучняў настаўнік беларускай мовы і літаратуры раённай гімназіі Таццяна Сяргееўна Крэч (на здымку). Для яе, канешне, вельмі прыемна, што такія таленавітыя, адораныя і старанныя вучні пацверджваюць свае здольнасці і веды па роднай мове і літаратуры на рэспубліцы, робячы ўпэўненыя крокі ў свой далейшы лёс.
– Падчас узнагароджання Данііла радасна было пачуць пра тое, што навуковыя кіраўнікі зноў ўспомнілі і мінулагодняе выступленне Дар’і, ацаніўшы яе даследчую працу і крэатыўнае выступленне таксама высокай адзнакай, – з задавальненнем і гонарам за гімназістаў адзначыла Таццяна Сяргееўна. – такія водгукі вельмі прыемна і пачэсна было чуць зноў і зноў, бо не кожнаму шанцуе быць у пераможцах, абыйшоўшы моцных сапернікаў з навучальных устаноў, гарадскіх школ і гімназій ўсёй Беларусі.
Што ж датычыць Данііла, то неабходна адзначыць, што ўглублена займацца беларускай мовай ён пачаў не так даўно: з восьмага класа. Большую перавагу аддаваў вывучэнню рускай мовы амаль з чацвёртага класа, таму неаднаразова станавіўся пераможцам раённых і абласных алімпіяд менавіта па гэтаму вучэбнаму прадмету. Шматлікія чытачы ведаюць Даніка і як лідэра піянерскага руху Акцябршчыны, актывіста грамадскага жыцця гімназіі, пастаяннага ўдзельніка рознаўзроўневых мерапрыемстваў, конкурсаў, віктарын і прадметных алімпіяд. І вось маючы заўсёды вялікую цікавасць да роднай мовы, хлопец вырашыў паспрабаваць сябе ў гэтым накірунку. Абраўшы сабе складаную тэму працы «Семантыка і культурная інфармацыя фразеалагізмаў з лікавым кампанентам у беларускай мове», разам з Таццянай Сяргееўнай пачаў распрацоўваць яе ў пачатку восені мінулага года. З настаўніцай шукалі неабходныя матэрыялы, але шмат працаваў і самастойна, занатоўвалі веды на паперы, пераглядалі слоўнікі фразеалагізмаў беларускай мовы, бо менавіта на іх асноўвалася ўся даследчая праца. Вучню хацелася глыбей даведацца, што азначаюць гэтыя самыя фразеалагізмы, таму больш дэталёва разгледзеў лічбы 1, 2, 3, 4, 5, 7 і 9. А даследаваўшы лічбы 6 і 8, ён даказаў, што фразеалагізмаў з імі ўвогуле не існуе. Увесь гэты час Данііл быў у пастаянным пошуку самаўдасканалення. Яму хацелася не толькі сабраць цікавы матэрыял і аформіць яго па ўсіх строгіх правілах, але і абгрунтаваць набытыя веды па мілагучнай роднай мове, прывесці прыклады, доказна і ўпэўнена адказаць на пытанні журы. А іх, як паведаміў вучань, на здзіўленне, было няшмат. Усё зразумела членам камісіі з ліку прафесараў, дацэнтаў, выкладчыкаў сталічных устаноў вышэйшай адукацыі стала падчас абароны працы. Данііл тэзісна, проста і даступна даваў тлумачэнні лікавым фразеалагізмам. Акрамя таго, на мультымедыйнай устаноўцы можна было не толькі агучыць, але і паказаць на прыкладах іх ужыванне. Манерай падачы матэрыялу вучань амаль захапіў членаў журы, паколькі тыя з асалодай слухалі цудоўнае выступленне гімназіста з раённай глыбінкі. Гэта пацвердзіла і Таццяна Сяргееўна: «Сапраўды. Так атрымалася, што ён завалодаў увагай аўдыторыі сваімі адказамі з першых хвілін. А па іншаму і быць не магло, бо Данік жыве беларускай мовай, захапляецца ёй і з вялікай любоўю ставіцца да яе. Пры гэтым ён ніколі не праводзіў паралель паміж беларускай і рускай мовамі, таму што лічыць іх роднаснымі. Маючы вялікі творчы патэнцыял, Данііл змог даказаць гэта таксама і на нядаўна прайшоўшым, амаль перад гэтым самым рэспубліканскім конкурсам, Х абласным лінгвістычным конкурсе «Знай и люби русский язык», дзе ён стаў уладальнікам Дыплома ІІІ ступені».
– Рыхтавала вучня да ўдзелу ў ім яго класны кіраўнік, настаўніца рускай мовы і літаратуры Жанна Анатольеўна Філіповіч, – кажа Таццяна Сяргееўна і працягвае: – Мы з ёй не «дзелім» таленавітага вучня, а разумеем, што яму трэба набываць веды па гэтых прадметах і расці вышэй. Тым больш, што ён цікавіцца, мае здольнасці і жаданне адразу паспяхова вывучаць два прадметы адразу. Прычым, не толькі ведаць іх самаму, але і данесці набытыя веды да сваіх аднакласнікаў і сяброў.
Адчуваючы вялікую падтрымку сваіх настаўнікаў, і абавязкова бацькоў (яны таксама моцная падтрымка сыну), Даніілу проста і цікава авалодваць ведамі па мовазнаўстве.
– Тым больш, што любое дасягненне ці перамога – гэта ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва маё і зацікаўленага ў агульным выніку настаўніка, – выказаў сваё меркаванне Данік.
– Але на такія дасягненні здольныя не ўсе вучні, а толькі матываваныя і адораныя, такія як Данііл і мае былыя вучаніцы Дар’я Шлапакова, Юля Грынкевіч, Дар’я Гапоненка і некаторыя іншыя, – падключаецца да размовы Таццяна Сяргееўна і падкрэслівае: – Данік, напрыклад, увогуле неардынарны вучань. Ён заўсёды выдзяляецца яркімі, відавочнымі дасягненнямі ў той ці іншай дзейнасці. Заўсёды ў пошуку, яму ўсё цікава, таму самастойна знаходзіць рашэнне новым пытанням, прычым, цяжкім, не заўсёды зразумелым нават настаўніку.
Сам хлопец лічыць, каб быць на высокім узроўні і ў вучобе, і ў пазакласнай дзейнасці, неабходна зладжаная праца вучня з настаўнікам, жаданне дасягаць вяршынь і імкнуцца да пазнання новага. Толькі так будзе паразуменне паміж аднадумцамі, толькі так шчыра і без крыўды можна разам перажываць няўдачы, ці, наадворот, радавацца сумесным поспехам. А тым больш такой значнай перамозе рэспубліканскага ўзроўню, дзе сапраўды таленавіты Данііл звярнуў на сябе ўвагу навуковых супрацоўнікаў. Ён з радасцю папоўніў рады інтэлектуальнай эліты гімназістаў.
Наталля Ёвенка.
Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *