Пара прылёту птушак і надзей на лепшае

Важное Культура

Пачатак бягучых канікулаў для навучэнцаў школ адзначыўся ў мясцовым заапарку святам, прысвечаным Міжнароднаму дню птушак і звязаным з ім абрадам гукання вясны.

Гэтае экалагічнае свята адзначаецца штогод 1красавіка, яго гісторыя ў былым СССР бярэ кропку адліку з 1926 года (з перапынкамі), нанава адрадзілася ў 1994-м у шэрагу пастсавецкіх рэспублік, утым ліку і ў Беларусі. У нашай краіне папярэднічае Міжнароднаму дню птушак тыдзень, прысвечаны пярнатым сябрам, які звычайна супадае з веснавымі канікуламі ў школьнікаў. Яны ў гэты час прымаюць самы актыўны ўдзел у разнастайных акцыях і мерапрыемствах, аб’яднаных мэтай прыцягнуць увагу падрастаючага пакалення (і дарослых таксама) да праблем экалогіі і захавання колькасці папуляцый птушак.

Для нашага раёна паступова ўваходзіць у традыцыю адзначаць тыдзень птушак на базе ДУК “Акцябрскі заапарк”. Вось і сёлета вучні школ Акцябршчыны прадаставілі на экспануемую тут выставу шпакоўні, вырабленыя сваімі рукамі на ўроках працы ці дадатковых занятках, а таксама малюнкі з выявамі розных відаў дзікай і хатняй птушкі. Вынікі абедзвюх выстаў будуць падведзены  непасрэдна напярэдадні Міжнароднага дня птушак.

Сам жа пачатак школьных канікулаў адзначыўся ў заапарку святам гукання вясны і сімвалічнага прылёту птушак. У мерапрыемстве нагэты раз прынялі ўдзел вучні 1-4 класаў сярэдняй школы №12 горада Жлобіна (кіраўнік іх дэлегацыі – педагог Святлана Барысаўна Зенчанка), якія ў мінулую суботу наведалі наш райцэнтр. Вядучая святочнага дзейства, метадыст-экскурсавод ДУК “Акцябрскі заапарк” Вікторыя Чарняўская прапанавала малодшым школьнікам адгадаць загадкі, якія адносіліся непасрэдна да птушынага свету, пачаставала гасцей свежай выпечкай у выглядзе, безумоўна, птушак, заклікала рабят паўдзельнічаць у самім абрадзе гукання вясны (юныя жлабінчане такое бачылі ўпершыню, таму і актыўнасць іх была незвычайная). Гаспадыня свята Вяснянка, ролю якой выконвала спецыяліст цэнтра вольнага часу Ганна Верас, запрасіла хлопчыкаў і дзяўчынак павадзіць карагоды, праспяваць разам з ёю абрадавыя песні. Потым, гукаючы вясну, вучні са Жлобіна быццам бы запусцілі ў неба раздадзеных кожнаму папяровых жаўрукоў, а на самой справе развесілі іх на галінках раскідзістага дрэва на тэрыторыі заапарка, каб гэтых імправізаваных птушак заўважылі іх сапрадныя “сабраты” зверху, спрадвеку выступаючыя ў якасці прадвеснікаў вясны, і прыляцелі сюды, несучы з сабою святло, дабро і спадзяванні на лепшае. Таксама кожнаму ўдзельніку свята па яго завяршэнні быў выдадзены своеасаблівы дакумент – пасведчанне абаронцы птушыных правоў.

І хаця ў Жлобіне ўжо даволі даўно існуе свой заалагічны парк, рабятам, якія завіталі з гэтага прыдняпроўскага горада ўАкцябрскі, вельмі спадабаўся і наш гасцінны дом для звяроў і птушак, што можна было назіраць падчас экскурсіі. З задавальненнем малодшыя школьнікі аглядалі насельнікаў нашага заапарка: асабліва ўсім спадабалася знаёмства з капытнымі звярамі, лебедзем і, зразумела, іншымі птушкамі, якіх тут большасць сярод агульнай колькасці прадстаўнікоў фауны).

—Сённяшняе мерапрыемства я, педагогі і,безумоўна, дзеці можам ацаніць толькі  самай станоўчай адзнакай – усё атрымалася прыгожа, незвычайна і, разам з тым, вельмі цікава, улічваючы, як пад заказ,сонечнае, па-сапраўднаму веснавое надвор’е, — падзялілася ўражаннямі каардынатар паездкі, прадстаўнік Жлобінскага філіяла агенства ПТУП “Візіт-тур”Ганна Серабракова. – У Акцябрскім мы раней не былі, і першыя ўражанні ад вашага заапарка і дома рамёстваў, дзе мы таксама пабывалі, самыя прыемныя. Хацелася б,каб вопыт правядзення такіх дзіцячых святаў быў пераняты і ў нас, у Жлобіне. Спадзяёмся, што ўзаемнае экскурсійнае супрацоўніцтва паміж нашымі раёнамі набудзе працяг і стане традыцыйным.

Юрый Каспяровіч.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *