Памятаем пра мінулае, рухаючыся ў будучыню

Общество

23 снежня 2016 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка абвясціў 2017 год Годам навукі. Характэрна, што менавіта ў гэтым годзе спаўняецца 500 год беларускаму кнігадрукаванню, у вытоках якога стаяў вядомы вучоны, філосаф, асветнік Францыск Скарына. Дзяржаўная ўстанова культуры «Цэнтр гісторыі і культуры Акцябрскага раёна» сумесна з рэдакцыяй газеты «Чырвоны Кастрычнік» пачынае публікацыю навукова-гістарычнага праекта «Францыск Скарына і вытокі беларускага кнігадрукавання». Запрашаем прыняць удзел у праекце гісторыкаў, філолагаў, бібліятэкараў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.

Зоркай першай велічыні на небасхіле нашай нацыянальнай культуры і сёння з›яўляецца Францыск Скарына (каля 1490 — каля 1551) — найбольш велічная постаць эпохі Адраджэння на Беларусі. Геній Францыск Скарына — заснавальнік усходнеславянскага кнігадрукавання, асветнік-гуманіст, доктар медыцыны, арыгінальны мысліцель, пісьменнік-публіцыст, перакладчык-паліглот — мог зрабіць гонар любой дзяржаве.
Асоба Францыска Скарыны займае адно з ганаровых месцаў сярод дзеячаў эпохі Адраджэння і Рэфармацыі ў Беларусі. Гэты чалавек увайшоў у гісторыю нашай дзяржавы як першадрукар і вучоны, асветнік і гуманіст, паэт і медык, батанік і астраном. Сэнс усёй сваёй дзейнасці ён бачыў у служэнні народу. Скарына імкнуўся далучыць суайчыннікаў да набыткаў агульначалавечай культуры і рабіў гэта праз кнігі.
Многае з жыцця славутага гуманіста застаецца нявысветленым да нашага часу, нягледзячы на намаганні вучоных, якія займаліся даследаваннем жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны на працягу некалькіх стагоддзяў. Дакладных звестак пра час яго нараджэння не выяўлена. Каля 1490, да 1490, у 1485–1490 гг. – такія даты прыводзяць розныя даследчыкі.
Першапачатковую адукацыю Ф. Скарына атрымаў у доме бацькоў, там навучыўся чытаць па Псалтыры і пісаць кірылічнымі літарамі. Мову тагачаснай навукі – латынь – ён засвойваў, хутчэй за ўсё, у школе пры каталіцкім касцёле ў Полацку ці Вільні. У 1504 г. дапытлівы і прадпрымальны палачанін паступіў ва ўніверсітэт у Кракаве, які на той час славіўся ў Еўропе сваім факультэтам вольных мастацтваў, дзе вывучалі граматыку, рыторыку, дыялектыку (цыкл “трывіум”) і арыфметыку, геаметрыю, астраномію, музыку (цыкл “квадрывіум”). Навучанне ва ўніверсітэце дазволіла Ф. Скарыну зразумець, які шырокі кругагляд, практычныя веды нясуць чалавеку “сем вольных мастацтваў”. Усё гэта ён бачыў у Бібліі і ўсю будучую перакладчыцкую і выдавецкую дзейнасць накіраваў на тое, каб зрабіць яе даступнай “людем посполитым”. У 1506 г. Скарына атрымаў сваю першую вучоную ступень бакалаўра.
Каб працягваць вучобу на самых прэстыжных факультэтах універсітэтаў Еўропы, якімі лічыліся медыцынскі і тэалагічны, Ф. Скарыну трэба было атрымаць яшчэ і ступень магістра мастацтваў. Дакладна невядома, зрабіў ён гэта ў Кракаўскім ці якім іншым універсітэце, але ў 1512 г. прыбыў у Італію ў праслаўлены Падуанскі універсітэт ужо маючы ступень магістра свабодных навук. Гэту навучальную ўстанову Ф. Скарына выбраў для атрымання ступені доктара медыцыны. Беднага, але здольнага юнака да экзаменаў дапусцілі. Два дні ў дыспутах з выдатнымі вучонымі абараняў ён свае навуковыя тэзісы. 9 лістапада 1512 г. у біскупскім палацы ў прысутнасці вядомых вучоных Падуанскага універсітэта і высокіх асоб каталіцкай царквы Ф. Скарына быў абвешчаны доктарам у галіне медыцынскіх навук. Гэта была знамянальная падзея ў яго жыцці і гісторыі культуры Беларусі: купецкі сын з Полацка пацвердзіў, што здольнасці і прызванне больш вартыя, чым арыстакратычнае паходжанне. Пасля атрымання вышэйшага вучонага тытула звесткі пра Ф. Скарыну губляюцца на пяць гадоў. Недзе паміж 1512–1517 гг. вучоны з’явіўся ў Празе – цэнтры чэшскага кнігадрукавання.
Першым з пражскіх выданняў Бібліі быў Псалтыр (1517). Услед за ім выйшлі яшчэ 22 кнігі Старога Запавету, якія выдаваліся асобна ці ў пэўнай сувязі адна з другой: у 1517 г. – 4 кнігі, у 1518 г. – 8, у 1519 г. – 11 кніг. Інтэнсіўная выдавецкая дзейнасць сведчыць пра тое, што яшчэ да 1517 г. . Скарына падрыхтаваў да друку большасць кніг Бібліі, выбар якой быў невыпадковым. Ф. Скарына клапаціўся, каб кніга яго была зразумелай чытачам. Для гэтага на палях лістоў рабіў пераклад на сучасную яму мову і даваў тлумачэнні асобным царкоўнаславянскім словам, якія, на яго думку, маглі быць незразумелымі для простых, малаадукаваных людзей.
Першадрукар выдаў пераважную большасць вядомых тады кніг Старога Запавету, прычым выбраў з Бібліі самыя важныя і цікавыя для чытача кнігі, менавіта тыя, якія ў тагачасных умовах маглі быць выкарыстаны ў асветніцкіх і выхаваўчых мэтах, з’яўляліся навучальнымі выказваннямі старажытных мудрацоў, змяшчалі звесткі па старажытнай гісторыі, летапісныя эпізоды і любоўныя песні. Да таго ж пад уплывам новых павеваў у грамадскай думцы Ф. Скарына жадаў вывесці Свяшчэннае Пісанне з абмежаванага царкоўнага ўжытку і зрабіць яго здабыткам шырокіх мас грамадства.
У 1520–1521 гг. Ф. Скарына пакінуў Прагу і пераехаў у Вільню. Невядома, што прымусіла яго зрабіць такі крок. Была гэта рэакцыя на дзейнасць каталіцкай царквы, якая пачала ў Чэшскім Каралеўстве праследаваць Рэфармацыю, а заадно і ўсіх іншаверцаў, ці страшны памор у чэшскай сталіцы. Магчыма, што перанесці друкарню ў Вільню яго вымусіла жаданне быць бліжэй да свайго народа, для асветы якога працаваў. Памяшканне пад друкарню Ф. Скарыну адвёў у сваім уласным доме галава магістрата Вільні, “найстаршы бурмістр” Якуб Бабіч.
Першае віленскае выданне – “Малая падарожная кніжка”. Гэту назву Скарына даў сукупнасці выданняў, выпушчаных ім у Вільні каля 1522 г.
Акрамя кніг Ф. Скарыны і судовых матэрыялаў, якія закраналі галоўным чынам сферу маёмасна-фінансавых адносін, няма іншых крыніц, якія б асвятлялі шматгранную дзейнасць першадрукара ў Вільні. Даследчыкі выказвалі меркаванне, што Ф. Скарына быў адным са складальнікаў Статута Вялікага княства Літоўскага 1529 г., падтрымліваў сувязі з рознымі палітычнымі, грамадскімі і культурнымі дзеячамі ВКЛ. Несумненна, працягваў ён у гэтыя гады і медыцынскую практыку. Ва ўсіх афіцыйных дакументах таго часу адзначаецца яго вучоная годнасць – “в лекарских навуках доктора”. Кнігавыдавецкую дзейнасць Ф. Скарыны ў Вільні падтрымлівалі беларускія мяшчане і віленскія магнаты. Магчыма, што фінансавую падтрымку яму аказвалі яго брат, полацкі і віленскі купец Іван Скарына, а таксама “панскае і бурмістраўскае” брацтва, якое патраніравала некаторыя праваслаўныя цэрквы ў Вільні. Мяркуецца, што ў канцы 1520 – пачатку 1530-х гг. першадрукар наведваў Маскву, куды вазіў свае выдадзеныя “рускім” шрыфтам кнігі. Даследчыкі жыццёвага і творчага шляху Ф. Скарыны мяркуюць, што ў 1525 г. ён выязджаў у германскі горад Вітэнберг, цэнтр Рэфармацыі, дзе сустракаўся з ідэолагам нямецкіх пратэстантаў Марцінам Лютэрам. Мэты гэтай паездкі застаюцца нявысветленымі. Невядома таксама, чаму ў гэтым жа годзе спыніла сваю дзейнасць яго віленская друкарня. Недзе пасля 1525 г. першадрукар ажаніўся з удавой віленскага купца, члена Віленскай рады Юрыя Адверніка Маргарытай, чым палепшыў сваё матэрыяльнае становішча, і разам з жонкай прыняў удзел у гандлёвай справе брата Івана. Вельмі цяжкім быў для Ф. Скарыны 1529 г. Летам у Познані памёр яго брат Іван. У гэтым жа годзе раптоўна памерла Маргарыта. На руках Скарыны застаўся малалетні сын Сімяон. Падзеі прымусілі Фр. Скарыну выехаць у 1530 г. у Кёнігсберг пад апеку герцага Альбрэхта, але недзе ў сярэдзіне 1530 г. ён пакінуў гэты горад для вырашэння судовых спраў, звязаных са спадчынай жонкі. З сабой у Вільню першадрукар тайна забраў двух падданых герцага – урача і друкара. Гэта сведчыць пра тое, што яшчэ ў пачатку 1530 г. ён меў на мэце прадоўжыць кнігадрукаванне ў Вільні. У 1531 г. у горадзе ўзнікла эпідэмія, якая хутка распаўсюджвалася. У гэты час на Ф. Скарыну новай хваляй наваліліся крэдыторы брата. У лютым 1532 г. ён быў арыштаваны па неабгрунтаванай і нічым не падмацаванай даўгавой прэтэнзіі “іудзеяў-крэдытораў” Майсея і Лазара з Варшавы і Якаба з Познані. Але пакінуць Вільню Ф. Скарыну прымусілі не гэтыя падзеі. Свецкае кнігадрукаванне выклікала процідзеянне духавенства як каталіцкага, так і праваслаўнага. Сінод Віленскай епархіі ў 1526 г. прыняў рашэнне аб узмацненні барацьбы з рэфармацыйным павевам. Каталіцкі епіскапат Вільні не адабраў беспрэцэдэнтную дзейнасць першадрукара, вядомага сваімі сувязямі з гусіцкай Чэхіяй, “лютэранскімі” краінамі, які прызначаў свае кнігі “рускаму” насельніцтву Вялікага княства Літоўскага. Невыпадкова віленскі капітул заказаў кнігі не ў віленскай друкарні Ф. Скарыны, а ў кракаўскіх выдавецтвах.
У сярэдзіне 1530-х гг. Ф. Скарына канчаткова пакінуў Вільню і пераехаў у Прагу. Ён прыняў запрашэнне чэшскага караля Фердынанда І на пасаду каралеўскага медыка і садоўніка ў толькі што адкрытым батанічным садзе ў каралеўскім замку Градчаны. Даследчыкі лічаць, што пры чэшскім каралеўскім двары ён, хутчэй за ўсё, выконваў абавязкі кваліфікаванага вучонага-садавода. Годнасць доктара “в лекарских науках”, атрыманая ім у Падуі, патрабавала пэўных ведаў па батаніцы.
Памёр першадрукар не пазней за 29 студзеня 1552 г. Пра гэта сведчыць грамата караля Фердынанда І, дадзеная сыну Францыска Скарыны Сімяону, якая дазваляла апошняму карыстацца ўсёй захаванай спадчынай бацькі: маёмасцю, кнігамі, пазыковымі абавязкамі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *