Памятаць мінулае

Общество

Пад сонечным небам наша сінявокая Беларусь адзначыла 73-гадавіну Перамогі над гітлераўскімі захопнікамі.

Урачыстыя святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі, прайшлі і ў нашай вёсцы Парэчча. Адно з іх адбылося ў музеі мясцовай школы. Гэта імправізаваная экскурсія “Дарогай памяці”. Прынялі ўдзел у ей вучні і настаўнікі, а таксама госці: былы вязень Азарыцкага канцлагера Пась Іван Ільіч і я, аўтар гэтых радкоў, старшыня ветэранскай арганізацыі Парэцкага сельскага Савета Барысевіч Ніна Фядосаўна.

У якасці экскурсавода была вучаніца 11 класа Пігуль Аляксандра. Яна “правяла” прысутных па ўсіх памятных мясцінах вёскі, звязаных з падзеямі 1941-1945гг. Гэта перш за ўсё помнікі на месцы былога партызанскага аэрадрома, затым скульптура воіна ў цэнтры вёскі, помнікі мірным жыхарам, спаленым жывымі ў час акупацыі, і брацкая магіла, у якой пахавана 66 воінаў Савецкай Арміі, якія загінулі ў час вызвалення в.Парэчча 27-28 чэрвеня 1944 года. Прагучалі  таксама імёны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны нашага сельсавета, якіх, на вялікі жаль, ужо не засталося ў жывых.

Трэба адзначыць, што аповед Аляксандры суправаджаўся дэманстрацыяй здымкаў памятных мясцін і ўдзельнікаў тых векапомных падзей. Таму экскурсія атрымалася вельмі хвалюючай, запамінальнай, а галоўнае – нясучай глыбокі выхаваўчы сэнс. Тым больш, што па яе ходзе гучалі пранікнёныя вершы аб вайне.

Сваімі ўспамінамі аб перажытых жахах фашысцкай акупацыі і знаходжанні ў канцлагеры “Азарычы” падзяліўся Іван Ільіч Пась. Ён апынуўся ў лагеры са сваёй маці і дзвюма старэйшымі братамі. А самому тады ўсяго было 8 гадоў.

Дзеці слухалі і чула ўспрымалі кожнае слова жывога сведкі тых далёкіх жорсткіх гадоў

У канцы сустрэчы мы, прадстаўнікі старэйшага пакалення, пажадалі падрастаючай змене ўсім сваім жыццём, учынкамі і думкамі быць дастойнымі памяці вызваліцеляў, любіць сваю Радзіму, берагчы і мацаваць мір. Таксама выказалі падзяку арганізатарам мерапрыемства, асабіста кіраўніку музея Г.С.Матусевіч, за іх работу па патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення.

Старшыня ветэранскай арганізацыі Парэцкага сельскага Савета Н.Ф.Барысевіч



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *