Няскораная Рудабелка

Общество

Сярод шматлікіх мясцін Беларусі, адметных cваім гераічным мінулым i славутымі людзьмі, вылучаецца рэгіён на паўночным захадзе Гомельскай вобласці. Гэта гарадскі пасёлак Акцябрскі, больш вядомы ў гісторыі як Рудабелка. Першыя радкі яе слаўнага летапісу былі напісаны больш за 100 гадоў таму. А сведчылі яны аб унікальным факце: праз 15 дзён пасля ключавой падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі – штурму 3імняга палаца ў Петраградзе – на мітынгу працоўных у Рудабелцы 22 лістапада 1917 года была абвешчана савецкая ўлада i абраны валасны камітэт на чале з вядомым рэвалюцыянерам Аляксандрам Салаўём. Тыя падзеі дакладна i вобразна засведчаны ў дакументальнай аповесці Сяргея Грахоўскага «Рудабельская рэспубліка».

Гераічны характар мястэчка асабліва ярка праявіўся ў 1941-1945 гадах у час фашысцкай навалы. Нездарма Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2009 года гарадскі пасёлак Акцябрскі ўзнагароджаны вымпелам «За мужнасць i стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».

Першыя Героі

На 22 чэрвеня 1941 года у Рудабелцы быў прызначаны сход партыйна-гаспадарчага актыву раёна. Аднак за некалькі хвілін да яго пачатку першаму сакратару райкама партыі Ціхану Бумажкову патэлефанавалі з Мазыра, які быў у той час цэнтрам Палескай вобласці, i параілі не пачынаць планавае мерапрыемства. Затым паступіла паведамленне аб нападзе Германіі на Савецкі Саюз.

Парадак дня той нарады быў рады­кальна зменены: трэба было прымаць меры, каб мабілізаваць насельніцтва на барацьбу з ворагам. Паводле ўспамінаў былога кaмicapa 123-й партызанскай брыгады Сямёна Маханько i камісара партызанскага атрада імя 25-годдзя ВЛКСМ Сцяпана Пракопчыка, літаральна за тры дні быў створаны знішчальны батальён з больш як паўсотні чалавек. Узначаліў яго Ціхан Бумажкоў. У хуткім часе на базе батальёна ён разам з былым упаўнаважаным Наркамата нарыхтовак СССР па Акцябрскаму раёну Фёдарам Паўлоўскім арганізаваў партызанскі атрад «Чырвоны Кастрычнік». Гэтае фарміраванне пачало актыўна ўзаемадзейнічаць з вайсковым падраздзяленнем, якім камандаваў падпалкоўнік Курмышаў. Да канца ліпеня атрад i ваенныя сумесна знішчылі 300 гітлераўскіх салдат i афіцэраў, 20 варожых танкаў i 30 аўтамашын, падарвалі 20 мастоў. Адна з самых паспяховых аперацый партызанскага фарміравання – разгром штаба нямецкай дывізіі ў вёсцы Воземля.

Пастановай ЦК КП(б)Б ад 28 ліпеня 1941 года i камандавання Цэнтральнага фронту група беларускіх партызан была прадстаўлена да дзяржаўных узнагарод.

6 жніўня гэтае хадайніцтва падтрымаў Вярхоўны Савет СССР – 6 жніўня 1941 го­да больш за 40 чалавек, якія змагаліся з фашыстамі ў тыле ворага, былі ўзнагароджаны ордэнамі i медалямі. A Цixaн Бумажкоў i Фёдар Паўлоўскі сталі першымі сярод партызан Героямі Савец­кага Саюза.

18 жніўня ў газеце «Правда» быў змешчаны артыкул. У iм Ціхан Бумажкоў падрабязна расказаў, як партызанскі атрад рыхтаваўся да барацьбы з ворагам, як вучыліся маскіравацца, валодаць зброяй, займацца сапёрнай справай, карыстацца тапаграфічнай картай, компасам.

«Як маці клапоціцца пра свaix дзяцей, так клапоціцца аб нас насельніцтва, – пicaў ён. –Праз давераных людзей у вёсках партызаны заўсёды ведаюць аб ycix пераходах i планах ворага. У адной вёсцы жыве калгаснік М. Рызыкуючы жыццём, гэты патрыёт самааддана служыць свайму народу. Аднойчы таварыш М. даведаўся, што ў суседняй вёсцы размясцілася на адпачынак рота немцаў. Адразу ж умоўным знакам ён паведаміў пра гэта партызанам. Ноччу партызаны перабілі фашыстау… Разам з мужчынамі змагаюцца адважныя дзяўчаты: Надзя Жукоўская, Каця Сумакоўская i Фёкла Гуленка… Яны клапоцяцца пра раненых, сістэматычна вядуць разведку па ўcix напрамках. А калі трэба – бяруць вінтоўку i разам з намі ідуць у бой».

У канцы верасня 1941 года партызанскі атрад «Чырвоны Кастрычнік» вызваліў ад нямецкіх акупантаў многія населенныя пункты у Акцябрскім, Азямлянскім, Гацкім, Новадуброўскім, Гарохавіцкім, Ляскавкім, Парэцкім, Пратасаўскім, Ламавіцкім, Раманіцкім i іншых сельсаветах. Так быў пакладзены пачатак стварэнню Акцябрскай партызанскай зоны з цэнтрам у пасёлку Рудабелка.

У партызанскіх брыгадах i атрадах клапаціліся i пра ідэалагічнае забеспячэнне сваёй дзейнасці, у прыватнасці, пра баявую сімволіку. У якасці сцягоў партызанскіх атрадаў выкарыстоўваліся атрыбуты былых калгасаў i саўгасаў, прадпрыемстваў, узнагароджаных за пocпexi ў працы ў мірны час. Дапамагалі вырабляць ix i мясцовыя умельцы. Першы ў рэспубліцы баявы партызанскі сцяг па заданню камандавання атрада «Чырвоны Кастрычнік» вышыла камсамолка Лары­са Бяляева з вёскі Парэчча. Яна пачала рабщь i другі сцяг, але не паспела закончыць – загінула ў час карнай аперацыі фашыстаў.

«Другой Масквой» называлі Рудабелку за мужнасць i няскоранасць ворагу. Тут першымі распрацавалі тактыку i стратэгію барацьбы з ворагам на акупаванай тэрыторыі. Начальнік Беларускага штаба партызанскага руху Пётр Калінін так ацаніў дзеянні мясцовых змагароў: «Пакуль мы радзілі ды меркавалі, партызаны Акцябрскага раёна Палескай вобласці caмi знайшлі найбольш правільную арганізацыйную форму. Фактычна з 1942 года яны аб’ядналіся ў брыгады».

Варта адзначыць i такую важную акалічнасць: у глыбокім тыле, дзякуючы лясным змагарам, дзейнічала савецкая улада, тут базіраваліся штабы Мінскага i Палескага партызанскіх злучэнняў, існаваў аэрадром, працавалі школы, выходзілі газеты – рэспубліканскія «Звязда» i «Чырвоная змена», абласная «Бальшавік Палесся». 3 1942 года пача­ла друкавацца газета «Народный мсти­тель» – орган Акцябрскага падпольнага райкама партыі. На гэтай тэрыторыі размяшчаўся i шпіталь, а ў будынках спіртзавода рамантавалі зброю.

                                    Лясны фронт

Партызанскі рух на Акцябршчыне набыў асаблівую моц у другой палове 1942 — першай палове 1943 года. Дзейнічаў своеасаблівы лясны фронт у тыле ворага. Учарашнія механізатары i даяркі, настаўнікі, дактары i нават вучні на вачах бацькоў, дзядуль i бабуль iмгненна сталелі i ўліваліся ў рады партызан.

Напрыклад, па стану на 1 студзеня 1943 года ў брыгадзе Фёдара Паўлоўскага налічвалася 7 атрадаў агульнай колькасцю 700 чалавек. Пастаянна вялося аб’яднанне партызанскіх cіл, што павышала эфектыўнасць барацьбы з ворагам. 3імой 1942/1943 года ў Акцябрскім i Капаткевцкім раёнах згрупаваліся ўсе партызанскія атрады Палескай вобласці. Гэта была моцная сіла, якая магла эфектыўна вырашаць задачы па знішчэнні нямецкіх гарнізонаў i вывядзенні са строю дарожных камунікацый. Аднак на парад­ку дня паўстала пытанне аказання парты­занскай дапамогі суседнім раёнам. Зыходзячы з гэтага, у сярэдзіне лютага 1943 го­да ў вёсцы Сасноўка Акцябрскага раёна адбылася нарада камандна-палітычнага складу партызанскіх фарміраванняў. На ёй прысутнічалі сакратары Гомельскага, Мінскага i Палескага абкамаў КП(б)Б  I. Кожар, Р. Мачульскі, Ф. Языковіч, сакра­тары ЦК ЛКСМБ  М. 3імянін i К. Мазураў. Было прынята рашэнне атрадам вярнуцца ў іншыя раёны.

Увесь час народныя мсціўцы прымянялі метад «рэйкавай» вайны. Напры­клад, у жніўні 1943 года, каб вораг не мог выкарыстаць лінію Бабруйск – Старушкі, партызаны разбурылі 20 км чыгункі Карпілаўка – Paтмipавічы, у выніку чаго было пашкоджана больш за 3000 рэек i знішчана 7 мастоў.

У снежні 1943 года ў Акцябрскую партызанскую зону ўвайшлі вайсковыя злучэнні 65-й арміі. На лініі фронту паміж апорнымі пунктамі гітлераўцаў утварыўся разрыў шырынёй каля 10 км, так званыя «Рудабельскія вароты». Праз ix была наладжана сувязь паміж партызанскімі фарміраваннямі i 65-й арміяй. На працягу снежня да народных мсціўцаў паступала зброя, боепрыпасы, медыкаменты. Партызаны змаглі адпраіць у вайско­выя шпiтaлi ўcix параненых i хворых, у савецкі тыл – некалькі дзясяткаў тысяч жанчын, старых i дзяцей.

Дарэчы, жыхары Акцябршчыны не толькі выдатна змагаліся з ворагам. Хаця i caмi жылі бедна, яны адгукнуліся на зварот сабраць сродкі на будаўніцтва танкавай калоны i для гэтай мэты ахвяравали 214 624 савецкія рублі, 50 рублёў золатам.

 

3 вучнёўскага сшытка…

У Цэнтры гісторыі i культуры Акцябрскага раёна захоўваецца звычайны вучнёўскі сшытак з успамінамі ветэрана, начальніка штаба 225-й брыгады Палескага партызанскага злучэння Аляксандра Якаўлевіча Шчэцькі, якому давялося змагацца з ворагам у гэтых краях. 3 пачатку вайны ён служыў у дзеючай Чырвонай арміі. У час бою ля чыгуначнай станцыі Палогі Запарожскай вобласці быў паранены i ўзяты ў палон. Аднак з лагера яму ўдалося ўцячы. Вырашыў накіравацца дадому i ў канцы лістапада 1941 года дабраўся да сястры, якая жыла ў вёсцы Парэчча Акцябрскага раёна. Ад яе даведаўся, што на тэрыторыі Парэцкага сельсавета дзейнічае партызанскі атрад, а дом сястры – адна з явачных кватэр.

Першага снежня 1941 года ноччу з групай партызан Шчэцька накіраваўся ў атрад. «Праз некалькі дзён я прыняў партызанскую прысягу, — піша Аляксандр Якаўлевіч. —  У пачатку 1942 года быў прызначаны камандзірам парты­занскага атрада. Атрад меў свабодны выхад на чыгунку Брэст – Гомель, па якой нямецка-фашысцкія войскі забяспечваліся жывой сілай i тэхнікай… У атрадзе было 9 дыверсійных груп, якія сістэматычна накіроўваліся на чы­гунку для правядзення падрыўной ра­боты. Адну з ix узначальвау камсамолец Санчукоўскі Віктар, які добра ведаў мясцовасць i ўмелымі дзеяннямі разам з групай падарваў 19 варожых эшалонаў з жывой сілай i тэхнікай пpaціўнікa. У час адной з аперацый Віктар загінуў i быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам». Далей ветэран распавядае, што ў атрадзе быў радыёпрыёмнік: гэта давала магчымасць штодзённа прымаць паведамленні з Вялікай Зямлі. Іх перапісвалі ў нeкaлькix экзэмплярах  i распaўсюджвалі сярод жыхароў навакольных вёсак.

«Насельніцтва для партызан было вушамi i вачыма ў тыле ворага, — адзначае ў cвaix успамінах Аляксандр Якаўлевіч. — Перамога Чырвонай Арміі пад Масквой актывізавала партызанскі рух, пасля яе было разгромлена некалькі паліцэйскіх гарнізонаў… Адной з буйных аперацый было знішчэнне чыгуначнага маста даўжынёй больш за 120 метраў праз раку Пціч. Рух паяздоў спыніўся на 18 сутак».

У час, кaлi Чырвоная Армія пачала вызваляць Беларусь, партызанскім атрадам пачалі часцей дастаўляць зброю i боепрыпасы самалётамі, а назад зaбipaлi параненых i хворых. «Для бяспечнай пасадкі самалётаў неабходна было выбраць пляцоўку пад аэрадром, — піша Шчэцька. — Такое даручэнне атрымаў штаб нашай брыгады №225 i паспяхова выканаў: пляцоўку абсталявалі каля вёскі Парэчча… У канцы чэрвеня 1944 года Акцябрскі раён быў поўнасцю вызвалены ад немцаў».

За гэтымі старанна выведзенымі рукой немаладога чалавека радкамі – вялікая i самаадданая праца на карысць Перамогі  аднаго партызанскага фарміравання. A ix былі coтнi…

Цікавы лёс i ў іншага ветэрана Вялікай Айчыннай з Акцябрскага раёна – Прохара Шэйкі. Тэрміновую службу ён пачаў у 1940 годзе, у войску i заспела яго вайна. Дайшоў да Чэхаславакіі, затым удзельнічаў у баявых дзеяннях на японскім фронце. Дадому, у вёску Новая Дуброва, вярнуўся толькі ў 1946 годзе з ордэнам Славы 3-й ступені на грудзях. Праз 60 гадоў Прохара Рыгоравіча знайшла яшчэ адна такая ўзнагарода, а неўзабаве за ёй – і ордэн Славы 2-й ступені.

 

Помсцілі за зверствы

Што давала сілы партызанам? Вядома ж, яны хацелi бараніць родную зямлю, берагчы родных i блізкіх. А яш­чэ – адпомсціць за тыя зверствы, што ўчынялі ворагі. У кнізе Алеся Адамовіча i Янкі Брыля «Я з вогненнай вёскі» прыведзены аповед Матруны Буднік з вёскі Рудня, якая разам з вёскамі Карпілаўка i Рудабелка пазней утварыла гарадскі пасёлак Акцябрскі: «Прыйшоў немец. Я была ўдава, i ў мяне пяцёра дзяцей бы­ло. Немец рыжы, помню, узяў палку ды мяне ў машыну кідае з дзецьмі. Гоняць у Азарыцкі лагер… Дык каторыя бабы не здалелі, дык яны прыстрэльвалі па дарозе. А я іду з дзеткамі, а дзевачка ўпала… на дарозе, а яны коньмі топчуць, а яны нарочна калёсамi едуць па ёй. А яна між калёс папала i асталася жыць. Я выцягнула яе мокрую… Пасадзілі нас за калючай провалакай. Яму бальшую выкапалі, дык якое дзіця не здалее, бо не кармілі нас там, дык яны жывых туды i кідалі…».

У канцы 1942 года фашыстамі бы­ла праведзена карная аперацыя «Бам­берг», у ходзе якой шэсць вёсак спалілі разам з жыхарамі. Зямля адтуль ёсць i  на сімвалічных «Могілках вёсак» у мемарыяльным комплексе «Хатынь». Ад рук ворага ў Акцябрскім раёне пацярпелі 32 вёскі, загінула больш за 6 тысяч мірных  жыхароў, у нямецкае рабства быў вывезены 1491 чалавек.

У акце раённай камicii па расследаванні i ўстанаўленні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў i ix памагатых у Акцябрскім раёне, датаваным сакавіком 1945 года, Кацярына Жулега з вёскі Рудня сведчыла: «…Я сама бачыла, як немцы сабралі ўсё насельніцтва нашай вёскі на вуліцу, а затым мужчын загналi ў калгасную адрыну, а жанчын з дзецьмі – у калгасную канцылярыю… Адтуль выводзілі па шэсць чалавек у пустыя дамы, дзе расстрэльвалі разам з дзецьмі. Як толькі дом быў напоўнены трупамi, яго немцы падпальвалі i запаўнялі іншы дом. Такім чынам у нашай вёсцы расстраляна i спалена 400 чалавек мужчын, жан­чын i дзяцей».

Аб ycix гэтых зверствах фашыстаў ведалі i партызаны, а таму рашуча з нянавісцю ішлі ў наступ на ворага…

 

Перамогу набліжаў у… Францыі

Акцябрскі, дзякуючы дзеянням партызан, безумоўна, быў моцнай цытадэллю – аб яе не раз ламалі зубы фашысты. Яны былі вымушаны трымаць тут шматлікія сілы, што не дазваляла накіраваць дапамогу вайсковым злучэнням, якія рваліся да Масквы. Але i за тысячы кіламетраў ад гэтага гераічнага мястэчка змагаліся з фашызмам людзі Акцябршчыны. Гаворка iдзe пра Івана Кісялёва з вёскі Старая Дуброва, што зусім побач з Акцябрскім.

3 пачатку Вялікай Айчыннай ён добраахвотнікам ідзе на фронт. Апошняе месца на беларускай зямлі, дзе бaчылi 19-гадовага юнака, быў Лоеў.  Затым яго сляды губляюцца. Як потым высветлілася, Іван спачатку трапіў у акружэнне, затым — у палон. Разам з іншымi вайскоўцамі быў вывезены ў Францыю. Іван Кісялёў i яго сябры Фёдар Кажамякін, Васіль Прыелка i Мікалай Гаўрылаў уцяклі з палону i апынуліся ў макі – французскіх партызан, сталі байцамі руху Супраціўлення. Усе яны, як i акцябрскія лясныя змагары, праявілі сапраўдную мужнасць i загінулі ў барацьбе з ворагам.

Ураджэнец Магілёўшчыны лейтэнант Кажамякін быў пасмяротна прадстаўлены да вышэйшай узнагароды Францыі – ордэна Ганаровага легіёна, а памяць Кісялёва, Прыелкі i Гаўрылава ўшанавана ўзвядзеннем надмагільных помнікаў у горадзе Энбон. Праўда, прозвішчa Кісялёва там напісана на французскі манер.

Цікава, што бацька Івана Кісялёва, Якім Гаўрылавіч, у час Грамадзянскай вайны служыў матросам на расійскім крэйсеры «Багатыр».

Доўгі час у вёсцы Старая Дуброва нічога пра «французскага героя» Івана не было вядома. «Толькі дзякуючы пошукавай працы вучняў, добра наладжанай у школах у 1960-я гады, пачалi з’яўляцца нейкія канкрэтныя дэталі, — гаворыць Ган­на Васільеўна Сінкевіч, пляменніца Івана Кісялёва. – Аднойчы суседзі прынеслі ў наш дом газету з артыкулам «Подзвіг на кpai Еўропы» з фатаграфіяй чатырох юнакоў у нейкай незнаёмай форме. Мацярынскае сэрца адразу адчула роднае: «Вось гэта мой Іван», — сказала тады мая бабуля. Потым былі наладжаны кантакты з французамі. Maix родных вельмі ўзрушыў факт, што зусім чужыя людзі праяўляюць клопат пра загінуўшых, у тым ліку пра беларуса Івана. Яны прыходзяць на магілу, прыносяць кветкі i абавязкова спяваюць гімн удзельнікаў партызанскага Супраціўлення ў гонар тых, хто загінуў за ix Радзіму…».

У час адной з сустрэч з беларусамі намеснік дырэктара каледжа імя П’ера i Марыі Кюры Лаік Белбеёк з горада Энбон сказала так: «На жаль, нашы вучні мала ведаюць аб Другой сусветнай вайне, яе гісторыі…». А мэр горада Жэрар Перо адзначыў:

«Нам трэба паказваць людзям, што гэ­та была інтэрнацыянальная вайна, але не паміж народамі, а супраць нацыстаў, фашыстаў. I трэба змагацца, каб такая небяспека не ўзнікла зноў».

 

Дакументы сведчаць

Слаўная гісторыя Акцябрскага раёна, вядома ж, патрабавала сістэмнай i настойлівай працы па яе захаванні для будучых пакаленняў. Спачатку гэтым займаліся cупрацоўнікi невялічкага, адкрытага ў 1968 годзе музея Народнай славы на чале з яго першым дырэктарам, арганізатарам усталявання Савецкай улады на Рудабельшчыне Андрэем Падутам. Тут было сабрана больш за 1500 каштоўных экспанатаў. Аднак зда- рылася бяда – драўляны будынак знішчыў пажар.

Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны звярнуліся ў Акцябрскі райвыканкам з хадайніцтвам аб узвядзенні новага, больш сучаснага музея. У выніку было прынята рашэнне ўзвесці яго метадам народнай будоўлі. Праз два гады, як раз перад Днём Перамогі, 6 мая 1995 го­да, прыгожы двухпавярховы комплекс адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў. Цяпер гэта Дзяржаўная ўстанова «Цэнтр гісторыі i культуры Акцябрскага раёна». Нямала намаганняў давялося прыкласці

яго супрацоўнікам, каб напоўніць шэсць экспазіцыйных залаў i адну выставачную цікавымі экспанатамі.  Сёння ў асноўных фондах ix больш за 2300, а навукова- дапаможных – звыш 1200.

— Мы бачым, што падзеі, якія адбываліся ў час Вялікай Айчыннай вай­ны, апошнім часам трактуюцца не так, як было у рэальнасці, замоўчваюцца зверствы фашыстаў, пад сумненне ставіцца гераізм нашых людзей не толькі на лініі фронту, але ў тыле i акупацыі, — адзначае навуковы супрацоўнік Цэнтра Любоў Шэйка. — Таму нездарма, улічваючы партызанскую гісторыю нашага краю, цэнтральнае месца ў музеі мы адвялі тэме маштабнай партызанскай барацьбы. Акцябрскі раён – кавалачак зямлі, дзе ў часы вайны слова Радзіма для яго жыхароу сапраўды набыло той высокі сэнс, які ў яго закладзены.

Экспазіцыя «Рудабелка – край партызанскі» ўражвае. У вітрыне размешчаны фота арганізатараў партызанскага руху, спіс усіх лясных салдат, копія дакумента аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза Ціхану Бумажкову i Фёдару Паўлоўскаму. Змешчаны асабістыя рэчы партызан i ix данясенні аб праведзеных аперацыях, копіі сцяга атрада «Чырвоны Кастрычнік» i карты дыслакацыі народ­ных мсціўцаў…

Цікавасць выклікаюць матэрыялы аб шпіталі, які дзейнічаў у раёне з першых дзён вайны, медыцынскія прылады, што там выкарыстоўваліся. Нельга абмінуць увагай i стэнд, прысвечаны рабоце майстэрні па рамонце зброі i самому майстру-збройніку Яфіму Лесуну. Наведвальнікі музея маюць магчымасць азнаёміцца з тэхналогіяй выпуску партызанскіх газет.

Уражвае фрагмент экспазіцыі аб праведзеным на станцыі Чорныя Брады та­ране фашысцкага браняпоезда экіпажам танка Т-34 у складзе камандзіра Дзмітрыя Камарова i механіка Mіхаілa Бухтуева. За гэты подзвіг ім было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

— Вядома ж, не абыдзены ўвагай гераічныя падзеі пры вызваленні раёна ад фашыстаў, — гаворыць Любоў Шэйка. – У час аперацыі «Баграціён» асабліва праявілі сябе чырвонаармейцы 28-й арміі пад камандаваннем генерал-палкоўніка Лучынскага. Толькі за бой ля вёскі Пружынішчы некалькі байцоў атрымалі званне Героя Савецкага Саюза, а ўсяго такога гонару ўдастоены 16 чалавек. Сярод ураджэнцаў раёна, адзначаных за ратную справу на франтах Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Са­юза Андрэй Пінчук, поўныя кавалеры ордэна Славы Рыгор Жулега i Miкaлaй Aсмыковіч.

 

Акцябрскі раён – невялікі i па плошчы, i па колькасці насельніцтва. Апошняя акалічнасць у значнай ступені з’яўляецца трагічным наступствам Вялікай Айчын­най вайны. Сённяшнія жыхары памятаюць пра геразм i самаадданасць дзядоў i бацькоў i імкнуцца cваімі справамі зрабіць гэты край больш багатым i шчаслівым. Героем Сацыялістычнай Працы стаў Іван Ціханавіч Вараб’ёў, больш за 100 чалавек узнагароджаны працоўнымі ордэнамі i медалямі. А прадукцыю самага вядомага прадпрыемства гарадскога пасёлка – завода сухо­га абястлушчанага малака – з брэндам «Рудабелачка» ведаюць у дзясятках краін свету.

Віктар Лоўгач.

Мінск – Акцябрскі – Мінск.

 

 

 

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *