ААТ «Бумажкова-агра»: новае – добра забытае старое

Сельское хозяйство

Апрабаваныя і паспяхова зарэкамендаваныя на працягу многіх гадоў тэхналогіі ўтрымання буйной рагатай жывёлы паступова замацоўваюцца і на любанскай малочнатаварнай ферме адкрытага акцыянернага таварыства “Бумажкова-агра”.

Па-ранейшаму галоўнай праблемай для гэтага жывёлагадоўчага аб’екта з’яўляецца востры недахоп рабочых кадраў. Так, на сённяшні дзень захоўваюцца вакансіі брыгадзіра фермы, заатэхніка, ветэрынарнага ўрача, адразу некалькіх жывёлаводаў. Найбольш запатрабаваны як мінімум 3 аператары машыннага даення – жадаючых так і не знайшлося, хоць кіраўніцтва гаспадаркі прапаноўвае на такім рабочым месцы зарплату ў памеры тысячы рублёў. Грошы немалыя, якія і ў горадзе не шмат дзе заробіш. Аднак кадравае пытанне з даяркамі (і не толькі) на цэнтральнай ферме названай сельгасарганізацыі пакуль застаецца адкрытым.

Тыя ж, хто заняты цяпер у Любані непасрэдна ў малочнай вытворчасці, працуюць з двайной нагрузкай, а то і болей. Па сутнасці, увесь дойны статак любанскай МТФ, а гэта 468 кароў, не лічачы тых, якія ў запуску, абслугоўваюць літаральна без выхадных 3 аператары машыннага даення – маці і дачка Ірына і Алена Радаманавы і Ала Борсук. Непасрэдна на ферме яны праводзяць больш часу, чым іх калегі з іншых гаспадарак, – першая дойка доўжыцца з 5 гадзін раніцы да апоўдня (звычайнай для іншых ферм дзённай дойкі з-за некамплекту даярак тут няма), а другая – з 17 гадзін вечара і да 23.00. Руплівым жанчынам даводзіцца завіхацца ў прамым сэнсе гэтага слова на двух розных участках. Спачатку кожная з даярак доіць сваю групу, дзе не менш 45 буронак, у хляве з іх прывязным утрыманнем і праз малакапровад, а потым разам абслугоўваюць звыш 300 кароў на даільна-малочным блоку. А калі сюды яшчэ дадаць прывядзенне ў парадак свайго рабочага месца і інвентару, то становіцца зразумелым, чаму ў любанскіх аператараў машыннага даення такая працяглая працоўная змена.

Кіраўніцтва ААТ “Бумажкова-агра” на чале з выканаўчым дырэктарам Мікалаем Верасам з выпадку складанай сітуацыі, у якой апынуліся работнікі жывёлагадоўчай галіны, стараецца рабіць усё магчымае, каб палепшыць умовы іх працы. І за апошні час пэўныя перамены ў гэтым напрамку відавочны. Па-першае, любанская МТФ, якая ў недалёкім мінулым мела даволі непрывабны знешні выгляд у розных яе кутках, прыкметна змянілася. Так, тут выканана вялікая работа па навядзенню санітарнага парадку, што становіцца правілам для персанала, нядаўна быў праведзены суботнік па добраўпарадкаванню  тэрыторыі, пад час якога многія недахопы выправілі. Па-другое, прадпрымаюцца канкрэтныя дзеянні да ўдасканалення вытворчага працэсу на ўказанай МТФ. Прыклады ёсць: з надыходам бягучай зімы ўступілі ў эксплуатацыю рэканструяваны хлеў для ўтрымання нецеляў, пераабсталяванае памяшканне былога кароўніка, дзе ўтульна размясціўся маладняк узростам старэй 2-месячнага ўзросту, сваё “месца прапіскі” атрымалі і запускныя каровы, і тыя, што расцяліліся, – усе ў адным хляве, дзе маецца і радзільнае аддзяленне. Няхай і не зусім па правільнай тэхналогіі, аднак у пералічаных памяшканнях усё больш яскрава праяўляюцца элементы, на жаль, паўзабытай зараз паточна-цэхавай сістэмы ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Рабочы ж працэс у цэлым на любанскай ферме забяспечваюць энтузіясты сваёй справы, якія добрасумленна, часта ў адной асобе, выконваюць ускладзеныя на іх нялёгкія абавязкі. Тут ніяк нельга не адзначыць аператара па раздою групы з 22 першацёлак на сённяшні дзень Святлану Борсук, даглядчыкаў маладняка БРЖ узростам да 6 месяцаў – ветэрана працы Людмілу Літошык, узростам звыш паўгода – Аляксандра Вежнаўца, загоншчыка жывёлы на даільна-малочным блоку Рыгора Дайнеку. Можна сказаць, што ідэальны парадак на рабочым месцы і захоўванне тэхналогіі кармлення і выпойвання самых малодшых бычкоў і цёлачак узростам ад нараджэння да 2 месяцаў спаўна прысутныя цялятніцы Людміле Кандратовіч.

Трэба сказаць, што актывізацыя вытворчага працэсу на любанскай малочнатаварнай ферме не спыняецца і ў гэты зімовы час. Так, у бліжэйшыя дні парадка 70 цёлак будуць пераведзены з грузкай пераўвільготненай кашары на далейшую зімоўку ў былы арачнік-тэнтавік. Няхай там старое пашкоджанае пакрыццё і знята, дах адкрыты, аднак пад нагамі жывёлы будзе цвёрды грунт і пастаянны сухі подсціл. Заслугоўвае ўвагі  і тэхналогія прыгатавання кармоў – метад не новы і прапанаваны кіраўніком гаспадаркі Мікалаем Антонавічам Верасам. Здрабнёная яшчэ з лета і збуртаваная прама на полі салома рэгулярна дастаўляецца на пляцоўку зернетока, дзе змешваецца з сіласам. Якасць такога фуражу не выклікае нараканняў, мае вялікую спажыўную каштоўнасць і дае пэўны эканамічны эфект – не трэба падключаць у работу камбайн-здрабняльнік, шукаць для яго паліва і гэтак далей. Тым больш, што здрабнёнай саломы ў гаспадарцы яшчэ шмат: запасаў, якіх налічваецца больш за 120 тон, павінна хапіць да красавіка.

Калі яшчэ раз закрануць цэнтральны зернеток ААТ “Бумажкова-агра”, то работы на гэтым аб’екце не абмяжоўваюцца толькі прыгатаваннем кармоў. У тэнтавым арачніку зараз вядзецца ачыстка насення аўса пад яравую сяўбу бягучага года.  План засыпкі ў аб’ёме 138 тон насення гэтай зерневай культуры па папярэдніх разліках будзе перавыкананы. На работах па дапрацоўцы насеннага матэрыялу з дапамогай агрэгата “Петкус” задзейнічаны механізатары гаспадаркі Алег Маскальчук і Аляксандр Будкевіч, а таксама паляводы Пётр Дзячык і Зінаіда Бабкіна.

Юрый Каспяровіч.

Фота Алены Старыновіч.      



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *