Незвычайныя спосабы вырошчвання расады

Общество

iМіні-парнічок

Бераце пластыкавую бутэльку. Толькі абавязкова празрыстую (не карычневую, не зяленую), разразаеце напалам уздоўж (па даўжыні). На палавінку укладваеце 6-8 слаёў туалетнай паперы. Затым зверху яе трэба добра намачыць, але каб вады не было (перакулілі — лішняя вільгаць сцячэ, а папера нікуды не дзенецца).

Зверху раскладаеце насенне, як быццам саджаеце. На бутэльку насоўваеце звычайны паліэтыленавы пакет і завязваеце на канцы. У вас павінен атрымацца своеасаблівы парнічок. І ўсё. Лісточкі вырастуць толькі два, але корань будзе ўзмоцнена развівацца. Паліваць не трэба: кандэнсат будзе пастаянна вяртацца на старое месца. Калі прыйдзе час — перасадзіце ў зямлю.

Вельмі добра такім чынам вырошчваць насенне петуніі, суніц. Потым расада, пасаджаная такім чынам, пераганяе тую, што садзім звычайна, бо ў яе ўжо вялікія карані, якія, толькі зачапіўшыся, пачынаюць пускаць лістоту. А звычайная расада спачатку ўзмоцнена нарошчвае каранёвую сістэму, а потым усё астатняе.

Беззямельная тэхналогія

Наразаем палоскі паліэтыленавай плёнкі (падыходзіць любая — з пакетаў, рэшткі старой ад парніка): шырыня 10 см, даўжыня адвольная.

На плёнку ўкладваем палоску туалетнай паперы, змочваем яе вадой. Потым раскладваем насенне, адступіўшы 1см ад верху і па 2-3 см у радзе. Затым зверху кладзём яшчэ адну палоску туалетнай паперы. і на яе — стужку плёнкі. Згортваем у рулончык. Можна нават дзве палоскі скруціць у адзін рулончык. Затым устаўляем рулончык у шклянку насеннем угору. Замест шклянкі можна выкарыстоўваць абрэзаную пластыкавую бутэльку. Наліваем ваду на ўзровень 3-4 см і ставім на падаконнік або іншан месца ў пакоі. Ваду час ад часу неабходна мяняць.

Прыкладна праз тыдзень з рулончыка зэяўляюцца першыя парасткі.

Праз два тыдні ў шкляначцы стаіць зялёны букет.

У ваду пажадана дабавіць некалькі кропель канцэнтрату для ўзмацнення росту. Пры з’яўленні ў расады двух сапраўдных лісточкаў разгортваем рулон, здымаем верхнюю палоску плёнкі, а там ляжаць парасткі як у пялёнках, карэньчыкі даўжынёй 5-7 сантыметраў. Пры гэтым відаць, якія парасткі дужыя, а якія слабыя. Папера раскісла, але гэта не перашкода. У грунт высаджваем разам з ёй.

Тэхналогія добрая тым, што не займае месца. Няма чорнай ножкі, ёсць час падрыхтаваць глебу для рассадных скрыняў.

«Звязда» ад 1-га красавіка 2015 года.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *