Нечаканыя падарункі

Общество

У Дзень Незалежнасці, які ў нашай краіне з’яўляецца і Днём вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, асаблівыя віншаванні ў першую чаргу дасылаюцца ветэранам вайны. Жывых яе сведкаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай амаль не засталося сярод нас, аднак праз дзіцячыя ўспаміны аб тых страшных гадах могуць расказаць дзеці той пары. Тыя, хто нарадзіўся ў даваенны час. У пяцігадовым узросце сустрэў фашысцкую акупацыю Аляксандр Козыр. Цяжкія выпрабаванні выпалі на лёс маленькага Сашы. Калі яму было ўсяго адзін тыдзень – памерла мама, гадаваць хлопчыка ўзялася цётка Мар’я, родная сястра бацькі. У вайну разам з ёю малы папаў у Азарыцкі лагер. Там, у голадзе і холадзе, у жудасных умовах утрымання абмарозіў ногі, але ж застаўся жывым. Давялося паўгода правесці  ў шпіталі, каб пазбаўлены ног Саша зноўку навучыўся хадзіць.  З бальнічнага ложка хлопчыка адправілі ў Рэчыцкі дзіцячы дом, адкуль у 1953 годзе яго забраў з сабой на Урал бацька. Жыць на чужыне Аляксандр доўга не змог, вярнуўся ў Беларусь, атрымаў спецыяльнасць і накіраванне на працу ў Бабруйск. Там хлопец пачаў выконваць абавязкі майстра закройнага цэху на фабрыцы.  А потым ён сустрэў сваю будучую жонку Веру, і разам пасля вяселля маладыя пераехалі ў Бубнаўку. Так разам і жывуць у гэтай невялічкай вёсачцы ў хаце, якая была пабудавана больш, чым сто гадоў назад. Працавалі Козыры ў сельскай гаспадарцы, гадавалі дваіх дзяцей. Аб сваім жыцці нам расказалі Аляксандр Кузьміч і Вера Пятроўна, пакуль чакалі ганаровых гасцей. Для ветэранаў гэта быў нечаканы сюрпрыз, паколькі павіншаваць са святам да іх прыехалі старшыня Акцябрскага райвыканкама Андрэй Бараноўскі, старшыня Краснаслабодскага сельскага Савета дэпутатаў Ірына Гумар і дырэктар ААТ “Краснаслабодскае” Уладзімір Цагельнік. Андрэй Анатольевіч пажадаў Івану Кузьмічу моцнага здароўя і бадзёрасці духу, уручыў падарункі, а вакальная група цэнтра вольнага часу узмацніла святочны настрой выкананнем ваенных песень.

Дзядуля з бабулей доўга дзякавалі гасцям і таксама жадалі ім усяго добрага.

Ірына ЛЯШКОВА.

Фота Наталлі ЁВЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *