“Мяцеліца” ў сакавіку

Культура

победители мЧарговая «Мяцеліца» адбылася! Ды яшчэ як! Праляцела і пранеслася, нібыта сапраўдная пагодная з’ява. У мінулую нядзелю фестываль, які праходзіў ужо ў трэці раз у горадзе Мінску, сабраў шмат аматараў народна-побытавых танцаў з усёй Беларусі. У іх ліку было дзве пары і з Акцябрскага раёна: Яндола Яўген і Баравая Наталля – удзельнікі дзіцячага ўзорнага фальклорнага калектыва “Цярэшкавы шчодрыкі” Рассветаўскага культурна-спартыўнага цэнтра, Леанід Шчэрбін – дырэктар Валосавіцкага сельскага дома народнай творчасці, і Алена Агейчык – загадчыца сектарам культмасавай работы ДУК “Цэнтр культурна-дасугавай дзейнасці” в. Гаць. Нашыя рудабельскія танцоры даволі яскрава прадставілі ў танцы радзіму “Берагіні” – Акцябрскі раён, а Яўген і Наталля ў сваёй юнацкай групе сталі прызёрамі.
Падчас асабістай гутаркі хлопец выказаў думку, што ў гэты раз яны проста павінны былі ўзяць прызавое месца. “У мінулым годзе на “Берагіні” нам крыху не пашанцавала: мы сталі чацвертымі. На конкурсе ў Калінкавічах па віне арганізатараў нас знялі з танцаў (запісалі не ў тую ўзроставую групу), таму я вельмі спадзяваўся ў гэты раз добра выступіць і ўзяць Дыплом і, як атрымалася, не дарэмна”. А вось партнёрка Яўгена Наталля прызналася, што прызавога месца зусім не чакала: “Я ведала і верыла, што мы – моцная пара, але не настолькі, – усміхаецца дзяўчына. – Фестываль мне вельмі спадабаўся, я ў захапленні. Столькі новых сяброў і знаёмстваў! Было прыемна сустрэцца з рабятамі, з якімі пазнаёмілася на “Берагіні”.
Фестываль “Мяцеліца” грунтаваўся на прынцыпах “Берагіні”, што праходзіць на нашай Рудабельскай зямлі. І пары, і індывідуальныя танцоры дэманстравалі сваё майстэрства ў катэгорыях, адпавядаючых іх узросту. Не пазайздросціш журы! Паспрабуй за пару хвілін разгледзець сапраўдны талент, калі 6 пар з розных куткоў Беларусі на адной пляцоўцы! І ў кожнага танцавальнага дуэта свая манера, свая характэрная для мясцовасці апрацоўка танца.
Сапраўдныя баталіі развярнуліся ў спаборніцтве індывідуальных танцораў, якія павінны былі выканаць “Мікіту” (для дзяўчын) і танец “Жабка” (для хлопцаў). Асабліва цікава было назіраць, калі на адной пляцоўцы схліснуліся “маладосць” і так званы “высакародны ўзрост”. Акрамя пазаконкурснай праграмы для ўсіх гледачоў прапанаваліся танцавальныя перапынкі. І, ведаеце, калі на большасці розных канцэртаў і фестывалях людзі неяк саромеюцца ці баяцца, то ў міжнародным адукацыйным цэнтры ім. І. Раў (месца, дзе праходзіў конкурс) месца не хапала, каб змясціць усіх жадаючых! “Лявоніха”, “Падыспань з пераходамі”, “Барыня”, “Ночка”, “Субота”, “Полька імправізаваная” – якіх толькі танцаў мы не ператанчылі! Асабліва для аўтара гэтага рэпартажу было прыемна ўспомніць танцавальнае мінулае.
Фестываль “Мяцеліца” – патрэбная і важная з’ява ў культурным жыцці Беларусі. Гэта ж заўважыў і адзін з яе гасцей – Тадэвуш Стружэцкі (Беларускі фонд культуры): “Традыцыйная культура сёння заімела сваё пачэснае месца ў нацыянальнай культуры. Сёння мы ўжо не прадстаўляем нашы святы і творчыя канцэрты без удзельнікаў, аматараў, носьбітаў традыцыйнай культуры. Пераемнасць, перадача традыцый з рук у рукі, з вуснаў у вусны працягваецца, а значыць, традыцыйная культура будзе развівацца. Хацелася, каб Міністэрствы культуры і адукацыі, безумоўна, лічылі гэты фестываль важным накірункам дзейнасці”. А даўні сябар Акцябрскага раёна і арганізатар “Берагіні” Мікалай Козенка даў такую характарыстыку фестывалю: “Мяцеліца” – гэта яскравае праяўленне і яскравы працяг фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”.
Таксама хочацца падкрэсліць, што ў складзе арганізатараў фестывалю прысутнічала і наша зямлячка, у мінулым удзельніца дзіцячага фальклорнага ансамбля “Рудабельскія зорачкі” Кацярына Шэйка: «Конкурс беларускіх танцаў «Мяцеліца» праходзіць у Мінску ўжо трэці раз. Я памятаю 2013 год, калі гэтую ідэю ад Міколы Козенкі (аўтара ідэі «Берагіні») мы са сваімі ўдзельнікамі танцавальнай студыі «GUDA» падтрымалі. Для мяне ўвогуле правядзенне такога мерапрыемства было марай, таму што любоў да фальклору, якую ў свой час нам прывіла мастацкі кіраўнік Вольга Гаўрылаўна Дульская яшчэ ў «Рудабельскіх зорачках», была настолькі вялікай, што не ўзнікала пытання па арганізацыі. Было нялёгка, таму што шукалі сродкі для рэалізацыі конкурсу, шукалі зацікаўленых людзей. Ініцыятыва грамадская, гэты конкурс ладзяць людзі, якія адносяцца з павагай да беларускай танцавальнай культуры, да сваіх каранёў. Сёлета на “Мяцеліцу” прыехала 76 танцавальных пар з усіх рэгіенаў Беларусі! Гэта сапраўднае танцавальнае свята! На працягу 2013-2017 гг. мне пашчасціла пазнаёміцца падчас запрашэнняў са многімі ўдзельнікамі, з іх кіраўнікамі. Мне вельмі прыемна, што яны кожны раз з захапленнем едуць на конкурс. Трэцюю “Мяцеліцу” мяне ведаюць не толькі як арганізатара, але і як вядучую конкурсу. Вельмі добра, што на яго з’язджаюцца як дарослыя, так і дзеці – гэта пераемнасць традыцый складае надзейны фундамент для будучыні. Мне падабаецца, што на конкурс прыходзяць сем›ямі, што ў складзе арганізатараў таксама працуюць сямейныя пары. Дзякуй вялікі маёй сям›і за дапамогу, за падтрымку! Дзякуй В. Г. Дульскай, што разгледзела калісьці ў 12-гадовай дзяўчынцы творчы патэнцыял і запрасіла ў свет цудоўных беларускіх традыцый. Запрашаем наступным разам усіх далучыцца да танцавальнага кола “Мяцеліцы”!
…Фестываль яшчэ дастаткова малады, аднак яму – гэта відавочна – наканавана доўгае жыццё! Да такой думкі я прыйшла падчас магнетычнага ўсплеску захапляльных эмоцый, якія цяжка было ўтрымліваць у сабе, узяўшых усё і ўсіх прысутных у нябачны таямнічы палон.
“Эээх!” – доўгае, звонкае, гучнае, як рэха, якое вяртаецца ад адной пары да другой! Цяжка ўтрымацца! “Іііх!” – і не трэба!
Для спраўкі: конкурс “Мяцеліца” праводзіцца з мэтай захавання, падтрымкі, актуалізацыі і папулярызацыі беларускай народнай танцавальнай культуры сярод моладзі і дарослых, павышэння ўзроўню выканальніцкага майстэрства сярод аматараў беларускіх традыцыйных танцаў. Арганізатары сёлетняй “Мяцеліцы” – Школа традыцыйнага мастацтва, Беларускі фонд культуры, Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”
…З асалодай і захапленнем танчыла на “Мяцеліцы”
Кацярына Ліхашапка, студэнтка
2 курса Інстытута журналістыкі БДУ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *