Моваведаў становіцца больш

Знай наших! Образование

За 100 вучняў 9-­11 класаў прымалі ўдзел у абласным этапе алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. Ад Акцябрскага раёнаў Гомель паехалі адразу дзве вучаніцы раённай гімназіі – дзесяцікласніца Паліна Арчугова і дзевяцікласніца Ганна Цалковік.

Адзначым, што гэта стала магчымым дзякуючы таму, што ў мінулым годзе Паліна стала пераможцай як на абласным этапе алімпіяды, так і на заключным, таму зараз сваё месца ў раённай камандзе яна ўступіла Ганне. Удзел самой Паліны ўжо і так быў зразумелым, а Ганна гэтым шансам скарысталася ў поўнай меры. Яна атрымала Дыплом III ступені. У Паліны – Дыплом ІІ ступені, што дало падставу для ўключэння гімназісткі ў абласную каманду для ўдзелу ў заключным этапе алімпіяды. Некалькі дзён адпачынку – і для дзяўчыны зноў наступіць чарговы этап падтрыхтоўкі. Як з настаўніцай Таццянай Сяргееўнай Крэч, так і на абласных зборах.

Таццяна Сяргееўна лічыць, што паспяховае выступленне на абласной алімпіядзе патрабуе адвучняў інтэлектуальнай сталасці, камунікабельнасці, развітой вуснай і пісьмоваймовы, умення хутка ацэньваць новую інфармацыю, канцэнтравацца для выканання  пастаўленай задачы.

Як прызналася сама Паліна, у гэтым навучальным годзе ёй здавалася, што яны з настаўніцай быццам ужо ўсё вывучылі, засталося толькі паўтараць пройдзенае. Алеж заданні алімпіяды паказалі, што складальнікі з кожным годам уносяць нешта новае, сучаснае. Неабходна адзначыць, што ў алімпіядных заданнях па літаратуры былі выкарыстаны прыёмы візуалізацыі: воблака слоў, кросэнс, калаж і  анатацыя да твораў.

– З гэтымі творчымі заданнямі мы працуем на ўроках, але падумаць прыйшлося, –кажа Паліна. – З дзесяці заданняў сем былі па мове, а тры – па літаратуры. Прычым, усе яны былі творчыя. Мала ведаць, трэба разважаць, думаць,арыентавацца ў кожных раздзелах мовазнаўства і літаратуразнаўства. А яшчэ я пісала водгук на празаічны твор, а Ганна – на лірычны, што было нечакана. Ды яшчэ на творы, якія па школьнай праграме мы яшчэ нават не вывучалі. Падкрэслю, алімпіяда была на самой справе складаная. Таму я вельмі рада, што змагла заваяваць Дыплом ІІ ступені, што той багаж ведаў дапамог мне выдатна адказаць на большасць пытанняў. Дзякуй Таццяне Сяргееўне, гэта яна так умее навучыць, падаць матэрыял, знайсці нешта новае, што мы раней не вывучалі.

–Я з чацвёртага класа займаюся беларускай мовай, пяць разоў прымала ўдзел у абласной алімпіядзе для вучняў 4­9 класаў, але у лік пераможцаў на абласным узроўні ніколі не ўваходзіла. І нарэшце поспех быў і на маім баку, – расказвае Ганна далей. – Так, у дзявятым класе я ўпершыню пазнаёмілася з напісаннем водгука. На абласным этапе за гэта складанае заданне атрымала 33 балы з 40 магчымых. Гэта, кажуць настаўнікі, цудоўны вынік. Разумею, што ён не даўся мне проста так,  пры падрыхтоўцы да абласнога этапу шмат прачытала і вывучыла матэрыялу па мове  і літаратуры, склала для сябе сістэму паўтарэння.

–Не толькі поспех дапамог Ганне, але і стараннасць, мэтанакіраванасць, працавітасць, – далучаецца да размовы настаўніца Таццяна Сяргееўна Крэч. Яна, як раённы трэнер, у апошнія два месяцы перад абласной алімпіядай таксама рыхтавала дзяўчынку. – У Ганны безумоўна ёсць гэтыя якасці. А ўвогуле, я лічу, што для перамог у такіх складаных конкурсах неабходны складнікі: жаданне вучня займацца, падтрымка бацькоў і праца настаўнка. Калі гэтыя ўмовы ёсць, то і вынік будзе.

З верасня Ганна займалася з Наталляй Іванаўнай Чарнікевіч. Як адзначыла настаўніца, яна адразу заўважыла, што ў дзяўчыны ёсць здольнасці  да вывучэння роднай мовы. А яшчэ вялікая адказнасць, працаздольнасць, жаданне займацца і ісці наперад.

Таццяна  Сяргееўна і Наталля Іванаўна вельмі задаволены вынікам сваіх дзяўчат. Яны лічаць, каб перамагаць на алімпіядзе, патрэбна любіць свой прадмет, пастаянна абнаўляць уласныя веды і ісці ў ногу зчасам. Што яны разам і робяць.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *