«Мне падабаецца тут жыць»

Человек и его дело

Столькі буслоў разам у сваім жыцці я не бачыла ніколі! Ходзяць на лузе між кароў павольна, паважна, здаецца, нікога не баяцца. Іх тут, мабыць, 30, а можа, і 40. Злічыць цяжка. “Начуюць яны таксама побач з намі. Вось тут, на ўзлеску, на дрэвах,”– расказвае наш суразмоўца Віталь Селіванаў. Знаходзімся мы непадалёку ад вёскі Сасноўка, тут зараз на вялікім лузе размясціўся летні лагер малочнатаварнай фермы. І пасвяцца, і дояцца каровы на месцы. Вось пад’язджае трактар, падключаецца ўсё неабходнае абсталяванне – і вячэрняя дойка пачынаецца…

Селіванаў ВітальВіталь Селіванаў працуе жывёлаводам. “Самая галоўная мая задача – каб каровы не былі галодныя,– расказвае ён. – А зрабіць гэта не цяжка. Глядзіце, якая трава тут добрая! Толькі не лянуйся ды пераганяй статак з месца на месца”. А каб перагнаць кароў, папярэдне патрэбна агарадзіць участак пад пашу: паставіць металічныя пруты, нацягнуць дрот. Сюды ж перацягваецца трактарам даільная ўстаноўка, бочка з вадой. І так кожны дзень.
Віталь – жыхар мясцовы, нарадзіўся і вырас у Краснай Слабадзе, закончыў мясцовую школу, вучыўся ў Акцябрскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы. «Жыць мне падабаецца ў роднай вёсцы, і праца задавальняе, – расказвае ён. – Быў час, калі я на заробкі ў Мінск ездзіў. Але вярнуўся назад. Вялікіх грошай там не бачыў. А дома, у нашай гаспадарцы, ведаю, што калі буду добра працаваць, то і зарплата будзе».
Для ўсіх сваіх работнікаў Ніна Мігун, якая працуе загадчыцай МТФ «Сасноўка» толькі другі месяц, знаходзіць добрае слова. «Віталь – малайчына, працуе старанна, праблем з ім ніякіх. Варозін АляксандрВельмі адказны ў нас трактарыст Варозін Аляксандр. Добрасумленны, сціплы, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. З ім я ўпэўнена, што дойка заўсёды пачнецца своечасова і пройдзе як належыць. Шчыруюць і даяркі. Маслок АленаМаслок Алена родам з Расіі, але даўно ўжо жыве ў Беларусі. Пераехала да нас з Асіповіцкага раёна. Даяркай рупіцца 26-ы год. Старанна працуе Крук Ірына, якая прыехала да нас з Казахстана».
Калі робіш справу дружна, адной камандай, калі разумееш, што і ад цябе залежыць агульны вынік, то і поспех не прымушае сябе чакаць. На МТФ «Сасноўка» ў параўнанні з мінулым годам надоі зараз некалькі павялічыліся. Ад адной каровы тут за суткі ў сярэднім дояць 10,4 кілаграмаў малака, ад усяго статку – крыху болей за дзве тоны. Летась гэтыя лічбы складалі 9,9 кілаграма і 1980 кг.
…Пакуль мы назіралі за вячэрняй дойкай, большая частка буслоў ужо адправілася на начлег у суседні лес. Некаторыя хадзілі ў статку, нечым яшчэ ласаваліся. А каровы паціху ўсё скублі і скублі траву, нібы адгукаючыся на клопат людзей аб іх і стараючыся назаўтра даць яшчэ больш малака…
Алена СТАРЫНОВІЧ. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *