Майстар з вялікай літары

Знай наших! Человек и его дело

Марыя Сарнаўская (на здымку), намеснік дырэктара, кіраўнік творчай майстэрні па ткацтву і пляценню паясоў Акцябрскага раённага дома рамёстваў, стала ўладальнікам ганаровага пасведчання «Народны майстар Рэспублікі Беларусь». Узнагароджанне адбылося 12 мая ў Гомельскім абласным цэнтры народнай творчасці, дзе таксама была арганізавана выстава работ усіх майстроў, майстар-класы. Мерапрыемства праходзіла ў рамках правядзення рэспубліканскага савета па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці. Узнагароды уручала начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Н. І. Задзяркоўская. Такога звання былі ўдастоены толькі пяць майстроў г. Гомеля і Гомельскай вобласці.
Работы Марыі Сарнаўскай раней былі прадстаўлены на рэспубліканскай выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці, якая праходзіла ў Мінску ў снежні 2016-студзені 2017 года. Па выніках гэтай выставы і былі вызначаны пераможцы.
– Марыя Іванаўна – майстар-самавучка. Займаецца рамяством ужо больш дваццаці гадоў. Акрамя ткацтва, яна авалодала навыкамі вышыўкі, салопляцення, вырабляе сувеніры з гліны. Менавіта да гэтага мерапрыемства мы рыхтаваліся з 2015 года. Майстар павінен быў праявіць сябе ва ўсім: гэта і перадача традыцый, і напрацоўка фондавага матэрыялу, і вучэбны працэс. Праведзена вялікая работа, таму і заканамерная перамога, – гаворыць дырэктар раённага дома рамёстваў Таццяна Халадок.
Марыя Іванаўна шмат увагі надае праблемам адраджэння, захавання і перадачы традыцыйнага ткацкага рамяства падрастаючаму пакаленню. Так, адна з яе вучаніц Кацярына Пась працуе ў філіяле раённага дома рамёстваў аг. Парэчча кіраўніком творчай майстэрні “Чаўначок”, а ўдзельнікі ўзорнага дзіцячага ансамбля “Праменьчыкі” і ўзорнага фальклорнага калектыву “Рудабельскія зорачкі” пад кіраўніцтвам Марыі Іванаўны прымаюць удзел у конкурсах па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву і займаюць высокія месцы.
У 2011 годзе М. І. Сарнаўскай было прысвоена ганаровае званне “Член саюза майстроў Рэспублікі Беларусь”. Яна заўсёды з’яўляецца ўдзельніцай шматлікіх міжнародных, абласных і раённых выстаў, фестываляў, конкурсаў. На аснове матэрыялаў, сабраных падчас фальклорных экспедыцый, распрацаваны і выдадзены наглядныя дапаможнікі, буклеты, фотаальбомы па традыцыйнай тэхніцы ткацтва і пляцення паясоў “Узорны паясок”, “Бабуліных кроснаў узор дзівосны”, “Лакальныя асаблівасці тканых перабіранак”, “Ручнікі рудабельскага краю”. Створаны калекцыі плеценых паясоў для ўзорных і фальклорных калектываў Акцябрскага раёна. Вырабы Марыі Іванаўны знаходзяцца ў прыватных калекцыях краін бліжняга і дальняга замежжа (Англіі, Турцыі, Германіі, ЗША, Расіі, Украіны і іншых).
Марыя Іванаўна з’яўляецца аўтарам і арганізатарам раённага конкурсу юных пляцельшчыкаў паясоў “Узорны паясок”.
М. І. Сарнаўская неаднаразова была адзначана ганаровымі граматамі, дыпломамі, пахвальнымі лістамі. Гэта гран-пры “Лепшы па прафесіі” абласнога агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства майстроў-метадыстаў дамоў і цэнтраў рамёстваў народнай творчасці “Майстар-метадыст года” ў 2007 годзе, Дыплом другой ступені абласнога свята народнага мастацтва ў рамках Дня беларускага пісьменства “Адвечная прыгажосць” ў 2010 годзе, Дыплом першай ступені IX рэспубліканскай выставы народнай творчасці “Калядныя ўзоры” (г. Мінск, 2011 г.), шматгадовы дыпламант рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Вясновы букет” і рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” і многія іншыя ўзнагароды.
Пра сябе і свае дасягненні Марыя Іванаўна гаварыць не любіць.
– Я пачала гэтым займацца даўно. Штуршком паслужыла першая “Берагіня”, калі трэба было дапамагчы дачцэ, якая на той час займалася ў калектыве “Рудабельскія зорачкі”, зрабіць касцюм, – успамінае Марыя Іванаўна.
Аднак, безумоўна, Марыя Іванаўна Сарнаўская – адораны творца, здатны на ўсе рукі майстар. Яна не спыняецца на дасягнутым, увасабляе новыя ідэі ў жыццё, ідзе толькі наперад.
Аксана Борсук.
Фота прадастаўлена
Акцябрскім раённым домам рамёстваў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *