КУЛЬТУРА ВЫХАВАННЯ І СЯМЕЙНЫХ АДНОСІН

Общество

Такіх людзей, як Людміла Мікалаеўна Галка з вёскі Дзвесніца, заўсёды называюць несупыннай руплівіцай. Яна адносіцца да ліку тых, хто мае павагу як у родных, так і аднавяскоўцаў, суседзяў і нават незнаёмых людзей. Зусім выпадкова пераканалася ў гэтым і я, бо ўпершыню сустрэўшы гэтую бадзёрую і жвавую невялікага росту жанчыну, адразу адчула яе гасціннасць, добразычлівасць, ветлівасць і нейкую інтэлігентнасць, хаця сама яна з простай сялянскай сям’і і культурным манерам паводзін ніхто раней не навучаў.

Гэтую велікадушную і з пазітыўнымі поглядамі на жыццё жанчыну мы наведалі ў незвычайны для яе дзень. Кожны год 14 кастрычніка яна адзначае ажно тры святы – Пакровы, Дзень маці, і дзень свайго нараджэння. У гэтым годзе была юбілейная дата – васьмідзесяцігоддзе. Падараваў жа ёй лёс шчасце з’явіцца на свет менавіта ў такі цудоўны восеньскі дзень! Мабыць, добры і своеасаблівы знак лёсу, таму і сама стала той матуляй, якая заслугоўвае ад дзяцей, унукаў і праўнукаў болей, чым зямны паклон і незлічоную колькасць шчырых пацалункаў.
Колькі радасці і шчасця адчула Людміла Мікалаеўна ў той дзень, простымі словамі перадаць нават цяжка. Замілаваная ўсмешка на дробным твары, лагодны позірк і яскравыя вочы. Здавалася, што яна ўся свяцілася ад шчасця, ад прыемнай нечаканасці, што ў святочны дзень ёй столькі ўвагі і ад родных, і ад землякоў. Разам з намі павіншаваць з юбілеем гэтую сціплую жанчыну завіталі навуковы супрацоўнік Цэнтра гісторыі і культуры Акцябрскага раёна Любоў Сяргееўна Шэйка, кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства «Краснаслабодскае», дзе доўгі час шчыравала Людміла Мікалаеўна, а таксама прадстаўнікі мясцовага сельвыканкама. Усе яны ад шчырага сэрца павіншавалі юбіляршу, падаравалі кветкі і падарункі. Ва ўрачыстай абстаноўцы Людміле Мікалаеўне ад імя супрацоўнікаў Цэнтра гісторыі і культуры была аб’яўлена Падзяка за цеснае супрацоўніцтва і захаванне народных традыцый (на здымку).img_0619 Падумалася, што яна вось-вось ўзляціць вольнай, лёгкай птушкай у свежае асенняе паветра і будзе кружыць у ім, быццам бы выконваючы танец, каб такім чынам аддзячыць людзей за павагу да яе. А па-іншаму яна – без меры шчодрая, умудроная жыццёвым вопытам і добразычлівая Мікалаеўна – не можа. І наўрад ці сустрэнеш такога чалавека, які б перанёс бы ў жыцці столькі цяжкасцей, горычы і пакут, але застаўся б духоўна багатым, шчырым і сардэчным, без крыўды і зайздрасці, што камусьці выпала лепшая доля. Але, як яна кажа, кожнаму сваё.
Аказаўся няпростым і шлях да сямейнага шчасця: непамерная праца ў саўгасе, вялікая хатняя гаспадарка, шмат дзяцей. Да таго ж, кожнага з іх трэба было падымаць на ногі, даваць адукацыю. Дарэчы, у Людмілы Мікалаеўны, як і ў яе маці, таксама было восем сыноў і дачок. На гэтае слова, БЫЛО, матуля заўсёды рэагуе балюча, і не можа без слёз успамінаць перажытае, бо страціла без часу пайшоўшых з жыцця трох сыноў і дачку. Гэта яе родны сыночак Васіль – воін-інтэрнацыяналіст, які служыў у Афганістане, а пасля вяртання на радзіму не вытрымаў кулявых раненняў. Ужо некалькі год Людміла Мікалаеўна засталася ў хаце і без гаспадара. Іншы б страціў бы сэнс да жыцця, а яна – не. Цягавітая жанчына. Трымаецца і нікому не скардзіцца, як па начам шчыміць сэрца, як яно заходзіцца ад болю, што размаўляць з даражэнькімі даводзіцца зараз толькі ўглядаючыся ў іх фатакарткі. Але матуліну балючую ўжо доўгі час рану духоўна і маральна лечаць астатнія дзеці, якія ні на хвіліну не пакідаюць яе ў адзіноце. Тэлефануюць, ідуць, едуць. І тады справы ўсім хапае на ўвесь дзень, а ўвечары заўжды ажываюць успаміны далёкага дзяцінства і маладосці. З прыемнай асалодай ўспамінаюць, як калісьці каля іх хаты збіралася ўся вясковая моладзь, раскладалі агонь і на вогнішчы смажылі сала, пяклі бульбу. Во была смаката! А як прыемна зараз прайсці па роднай, хаця ўжо даўно апусцелай вуліцы, выпадкова сустрэцца з сябрамі дзяцінства, юнацтва і маладосці, абавязкова ўспомніць пра тое, што так замілавана сэрцу. У час нашага прыезду каля Людмілы Мікалеўны таксама былі побач яе тры дачкі. Зараз яны для сталай матулі незаменныя памочніцы і кветкі жыцця, што даюць духмяны нектар і гаючы водар.
Наогул сям’я Галка заўсёды была гасціннай. У іх збіраліся суседзі, дарослыя і малыя. Не заставаліся пакрыўджанымі нават незнаёмцы. Для кожнага чалавека ў любую пару года, ноччу ці днём, тут знаходзілася месца і пачастунак. Гаспадыня хуценька накрывала абрусам стол і ад шчырага сэрца частавала ўсім, чым магла. Гатова была аддаць апошняе, толькі каб ніхто не застаўся без увагі.
Сям’я Людмілы Мікалаеўны сапраўды вялікая і багатая не толькі на дзяцей, але і на сямейныя традыцыі, бацькоўскі вопыт выхавання (з маленькімі сакрэтамі выхавання знаёмцеся ніжэй). Не знойдзецца той справы, якой бы не маглі займацца гаспадыня з ужо дарослымі дзецьмі. Яны як несупынна працуюць, так весела адпачываюць: усе хораша спяваюць, танчаць, жартуюць. Але, як заведзена ў сям’і – праца-працай, а адпачынак – дык каб з размахам. Умеюць падтрымаць гаворку на любой бяседзе. З імі не засумуеш! Калі не хочаш, дык усё роўна далікатна прымусяць паспрабаваць чаго-небудь з прыгатаванай смакаты. Няма ім роўных у рукадзеллі. Як адна – майстрыхі на ўсе рукі. За што не возьмуцца таленавітыя жанчыны з гэтай сям’і, зробяць так, што, як кажуць, не падкапаешся: і звяжуць, і сшыюць, і сплятуць. І зараз хата была прыбрана вышыванкамі, самаробнымі рознакаляровымі дыванамі, падузорнікамі, накідкамі, сурвэткамі. Вырабы, як толькі што выйшлі з-пад умелай рукі майстрыхі: роўненькія, прыгожыя ды бялюсенькія. Колькі раз яны займалі месца на розных выставах раёна і вобласці, нават і пералічыць цяжка. Да таго ж, гэтыя рэчы карыстаюцца вялікім попытам у прыхільніц вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога майстэрства. Цудоўна вяжа спіцамі і кручком унучка Людмілы Мікалаеўны – Зінаіда, якая жыве ў Гомелі і здзіўляе сваімі вырабамі гаражанак.
У сям’і Галка парадак любяць ва ўсім. А якія цудоўныя стравы гатуюць жанчыны – не адцягнеш за вушы. Гэтае ўменне перадаецца з пакалення ў пакаленне. А яшчэ адносіны да працы ў кожнага самыя што ні на ёсць добрасумленныя. На прыкладзе адной з дачок старэйшай Галіны (гэта яе дачка тая сама Зіна) можна зразумець, наколькі адданыя яны сваёй справе. Хто ведае настаўніцу пачатковых класаў з першай школы Галіну Васільеўну Галка, той падцвердзіць, што няма роўных такім людзям, як яна: мудрым, разважлівым, таленавітым, упэўненым у сваёй справе, якую настаўніца заўсёды выконвала бездакорна, з адкрытай душою, вялікай павагай да вучняў і іх бацькоў. І гэта абавязковае правіла навучання і выхавання малодшых школьнікаў. Галіна Васільеўна ўпэўнена, што няма дрэнных дзяцей ці дарослых. Ёсць не зусім даверлівыя адносіны паміж імі і настаўнікам. Але дзеля гэтага трэба сумленна займацца тым, што ты абраў аднойчы. Так выхоўвалі яе бацькі, вучыла маці.
Ды і сама Людміла Мікалаеўна нават і зараз без занятку не можна ўседзець ні дня, бо з дзяцінства прывыкла да думкі, што гультайнічаць сорамна. То на падворку варушыцца, то ў хаце што-небудзь сабе знойдзе. Да працы прывучана з маленства, і ведае, што перш, чым атрымаць ад зямлі добры ўраджай, ёй трэба мноста паклонаў адбіць. Зразумела, што справа гэта клапатлівая, патрабуе досыць часу. Таму асабліва жанчына маркоціцца ўзімку, калі на прысядзібным участку няма работы, абмяжоўваюцца і хатнія справы.
– Калі ёсць занятак, тады і жыць весялей, – усміхаючыся, кажа Мікалаеўна.
З самай вясны, калі прырода ўбіраецца ў пару квецені, і да першых замаразкаў з году ў год, руплівіца то на сотках, то даглядае хатнюю жывёлу. Не могуць дзеці пераканаць, каб збыла ўсё ды без клопату сабе сядзела. Куды там! Куры ды парсюкі яшчэ яе догляду чакаюць. Паспявае ўсюды: і па гаспадарцы пашчыраваць, і дзецям дапамагчы. Усё для іх – дачок, дванаццаці унукаў і дваццаці двух праўнукаў. Як відаць, напэўна, самая багатая ў раёне на іх бабуля і прабабуля!? Намерваецца дачакацца і прапраўнукаў. Гэта ж колькі падарункаў на святы трэба рыхтаваць?! Але атрымоўваецца наадварот, яны едуць да яе з кветкамі і пачастункамі.
– Ці зайздросцяць аднавяскоўцы вашай вялікай, дружнай сям’і? – пытаюся ў Людмілы Мікалаеўны на развітанне.
– Як сказаць,– адказвае яна. – Той, хто ведае, як даецца гэтая бацькоўская навука, калі з галавой апынаешся ў хатнія справы, працу на зямлі, той разумее, як цяжка з-за недахопу часу наладзіць добрыя сямейныя адносіны. На гэта трэба цэлая навука. Астатнім кажу, што кожны сам будуе сваё жыццё – паспрабуйце і вы выгадаваць такіх аб’яднаных любоўю і павагай адзін да аднаго, згуртаваных, прыстойных дзяцей і ўнукаў.
Наталля Ёвенка.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *