Кніга як непарыўная сувязь часоў

В трудовых коллективах

Гістарычная даведка: Акцябрская бібліятэка была заснавана ў 1945 годзе. З сучаснага пункту погляду і нашага звыклага ўяўлення аб бібліятэцы нават немагчыма паверыць, што тады, у цяжкі пасляваенны перыяд, яе фонд налічваў толькі… 35 экземпляраў кніг. У 1948 годзе Акцябрская бібліятэка атрымала статут раённай, а праз 30 гадоў, у 1978-м, з утварэннем цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы (ЦБС) стала цэнтральнай раённай. Пяць гадоў таму ўстанова набыла статут юрыдычнай асобы. На сённяшні дзень бібліятэчным абслугоўваннем насельніцтва на тэрыторыі Акцябрскага раёна займаюцца 14 бібліятэк. Іх фонд складае больш за 165 тысяч экземпляраў мастацкай літаратуры, выданняў па розных галінах ведаў, задавальняючы запатрабаванні ўсіх катэгорый насельніцтва.

На сучасным этапе Акцябрскую раённую бібліятэку па праву можна лічыць прызнаным цэнтрам інфармацыйнага і культурнага жыцця як самога гарпасёлка, так і населеных пунктаў Акцябр- шчыны. У сваёй дзейнасці наша ўстанова выкарыстоўвае самыя разныя формы работы, сярод якіх прававое і патрыятычнае выхаванне, адраджэнне і захаванне культурнай спадчыны і духоўнасці народа, краязнаўчая работа на аснове мэтавых раённых праграм, эстэтычнае і экалагічнае выхаванне насельніцтва, прапаганда здаровага ладу жыцця, інфармацыйнае абслугоўванне грамадзян і іншыя. Акрамя таго, на працягу апошніх гадоў прадстаўнікі розных катэгорый мясцовага насельніцтва могуць павышаць свае веды і адукацыю, каб абараніць уласныя правы, з дапамогай выданняў прававой тэматыкі і кансультацый спецыялістаў у Публічным цэнтры прававой інфармацыі, які дзейнічае пры Акцябрскай раённай бібліятэцы. Таксама для паслуг наведвальнікаў прадастаўлены даведачна-пошукавы апарат, які ўключае фонд даведачнай літаратуры і адлюстроўвае бібліятэчны фонд усяго раёна. Не кажучы ўжо пра міжбібліятэчны абанемент (МБА), які даўно стаў звыклай з’явай і дазваляе чытачам атрымліваць неабходную літаратуру з фондаў бібліятэк рэспублікі.
Варта адзначыць і такую запатрабаваную форму работы нашай бібліятэчнай установы, як абслугоўванне чытачоў на месцы з выкарыстаннем бібліёбуса. Так званая “бібліятэка на колах”, скампанаваная разнастайным фондам літаратуры і перыёдыкі на любы густ, у тым ліку і па папярэдніх заказах саміх чытачоў, працуе па 3-х маршрутах (прычым, ахопліваюць яны не толькі сельскія населеныя пункты, але і асобныя раёны і арганізацыі гарпасёлка) кожны чацвер месяца. У час такіх “вандровак” мы прывозім патрэбнае выданне прама на дом аматару літаратуры нават у самую аддаленую глыбінку. Сістэма выкарыстання бібліёбуса дзейнічае ў нас ужо з 2008 года (між іншым, такая паслуга ўкаранёна не ва ўсіх раёнах вобласці) і карыстаецца вялікім попытам і папулярнасцю ў больш чым 300 сельскіх чытачоў, якія з-за аддаленасці іх месца жыхарства альбо па стану здароўя не могуць наведваць стацыянарную бібліятэку. Больш таго, па прыезду бібліёбуса яго наведвальнікі могуць не проста ўзяць ці абмяняць кнігу, часопіс, а і пазнаёміцца з выставамі, паўдзельнічаць у мерапрыемствах, якія прапануюць нашы работнікі, абслугоўваючыя бібліёбус.
Дарэчы, наконт саміх апошніх мерапрыемстваў. Бягучы год выдаўся адметным на круглыя даты ў галіне гісторыі і асабліва – нашай роднай беларускай літаратуры. Тэматычныя выставы і вечарыны прайшлі і праводзяцца зараз ва ўсіх бібліятэках раёна з нагоды 135-годдзя з дня нараджэння славутых беларускіх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа, 105-гадовага юбілею народнага паэта Беларусі Максіма Танка, 100-годдзя з дня нараджэння класікаў айчыннай літаратуры Янкі Брыля і Пімена Панчанкі, 90-годдзя вядомага далёка за межамі краіны празаіка і публіцыста Алеся Адамовіча. І, безумоўна, самай адметнай падзеяй культурнага жыцця стала нядаўняе святкаванне 500-годдзя пачатку беларускага кнігадрукавання, без якога, калі б такая падзея не адбылася, не існавала б і сённяшніх бібліятэк, і нашай запатрабаванай у грамадстве прафесіі.
Праца бібліятэкара – надзвычай цікавая, аднак, разам з тым, і неверагодна складаная. Ім можа працаваць толькі вельмі ўседлівы, дысцыплінаваны, арганізаваны чалавек. У такога супрацоўніка ўсё ў літаральным сэнсе гэтага слова раскладзена па палічках. Добры бібліятэкар не стане доўга адшукваць патрэбную вам кнігу: ён дакладна ведае, у якім радзе і дзе стаіць выданне, якое вам патрэбна. У нашай сістэме працуюць менавіта такія людзі, сапраўдныя майстры сваёй справы – 12 спецыялістаў раённай бібліятэкі і 12 бібліятэкараў на вёсцы. Дзякучы ім, дзе яны працуюць, сувязь паміж чалавекам і кнігай застаецца такой жа жывой, хоць яе паступова і выцясняюць сучасныя тэхналогіі. Вось прыклад: чытачоў па бібліятэчнай сістэме раёна налічваецца на сённяшні дзень 7 з паловай тысяч, а кнігавыдач з пачатку года зарэгістрыравана амаль 45000 – і кажуць, што інтэрнэт апанаваў усё. Кніга была, ёсць і будзе, Таму можна гарантавать, што будуць жыць і бібліятэкі!
У гэты светлы восеньскі дзень шчыра віншую ўсіх калег, нашых дарагіх ветэранаў бібліятэчнай працы, якія не парываюць сувязей з роднай установай, наведваюць нашы мерапрыемствы, дапамагаюць добрымі парадамі маладзейшым работнікам бібліятэкі і дзеляцца з імі сваім багатым вопытам, з прафесійным святам – Днём бібліятэк. Няхай кніга вашага зямнога падарожжа стане аб’ёмнай і захапляльна цікавай, а ў ёй не будзе месца адмоўным героям!
Алена Мартыненка,
дырэктар ДУК “Акцябрская
раённая бібліятэка”.
На здымку: калектыў Акцябрскай раённай бібліятэкі.
Фота Юрыя Каспяровіча



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *