Каханне, непадуладнае часу

Главное Общество

І неўзгадалі Рыгор Яфімавіч з Верай Трафімаўнай, калі прамільгнулі шэсць дзесяцігоддзяў іх сумеснага жыцця. Быццам учора вёў малады хлопец пад вянец сваю закаханую. А сёння яны ўжо брылльянтавыя юбіляры. Святочную ўрачыстаць сям’я Сінькевіч адзначыла 7 мая. Муж і жонка ўступілі ў сёмы дзясятак сумеснага жыцця.

—І хто такую недарэчнасць выдумаў, што ў маі вяселлі не святкуюць, бо век маецца будзеш? — з усмешкай здзіўляецца не па гадах малажавая Вера Трафімаўна, – гэта ўсё людскія забабоны.На нас паглядзіце – болей чым паўстагоддзя разам у каханні ды згодзе. Дарэчы, у адной з нашых дачок Таццяны вяселле таксама майскае. А яна з зяцем –цудоўная пара. Жывуць па нашаму бацькоўскаму прыкладу і таксама захоўваюць самае  каштоўнае ў жыцці –сям’ю, каханне і павагу адзін да аднаго.

Шэсцьдзясят гадоў рука аб руку. Гэта,зразумела, неверагодная лічба, але менавіта столькі пражылі разам Рыгор Яфімавіч і Вера Трафімаўна Сінькевічы. На дваіх у юбіляраў не только сумеснае жыццё, але і праца. У абодвух вялікі працоўны стаж. Больш за сорак гадоў адпрацаваў на адным месцы Рыгор Яфімавіч. Быў экскаватаршчыкам у ПМК-37. Яго спадарожніца таксама не менш адшчыравала спачатку ў калгасе, потым ў леспрамгасе. Была брыгадзірам. Жывіцу ў лесе збіралі. Колькі вынясла яе на сваіх плячах, Вера Трафімаўна і не злічыць.Шмат узнагарод Сінькевічы  маюць за сумленную працу. Сёння жонцы і мужу па 82 і 89 гадоў адпаведна. Яны даўно на заслужаным адпачынку, але без справыне сядзяць і зараз. Нават прыстойныўзрост не перашкаджае. Як і раней садзяць соткі, вырошчваюць гароднінуі даглядаюць хатнюю птушку. На прысядзібным участку ў Веры Трафімаўны не знойдзеш ні травіны. Як з-пад іголкі прыгожыя градкі. Заўсёды чыста праполатыя і роўныя, як шнурочкі, звяртаюць на сябе ўвагу кожнага.

—У параўнанні з ранейшым, гэта мізэрная частка таго, што мы робім, — тлумачыць дабразычлівая гаспадыня. – Дапамогі нам не трэба. Самі, як можам, варушымся.Парадак і чысціню абавязкова падтрымліваем. Гэта галоўная сямейная ўмова.

Згарованыя рукі гаспадароў выдавалі, што працавалі яны насамрэч без меры. Жартуюць, што ў час такі ліхі нарадзіліся, калі ўсе выжывалі, як маглі. Вось і вучыцца Веры не давялося, каб добрую прафесію набыць, хаця пасля вайны скончыла сем класаў. Марыла быць  кінамеханікам. Але цяжкае жыццё, бытавыя недахопы, вялікая шмадзетная сям’я і адна матуля ў хаце, вымусілі дзяўчыну падацца ў рабочыя. У дадатак, у той час быў паўсюль загад пакідаць моладзь у калгасах. Працоўная сіла патрэбна была на сяле, таму і пашпартоў не хлопцам і дзяўчатам не аддавалі. Пад гэтую хвалю трапіла і Вера. Вось і пайшлаяна працаваць у калгас імя Кірава ў Ламавічах.Тут Вера  сустрэлася са сваім выбраннікам. Рыгора Яфімавіча ў 1959-м годзе камандзіравалі сюды на працу балоты асушваць. Нечаканае знаёмства адбылося ў сельскай дзяўчыны з такім жа  простым, як і яна, вясковым хлопцамз хутара Булец, што каля Шкавы. Яе малая радзіма — вёска Ніўнае. Абодва тады і не здагадваліся, што той год стане лёсавызначальным, і пойдуць яны разам па адной сцяжынцы насуперак ўсім жыццёвым выпрабаванням. Тады Рыгору хапіла аднаго позірка, каб зразумець: “Ён ажэніцца на Веры, бо сустрэў тую, з кім створыць моцную сям’ю”.

Гісторыя іх сустрэчы простая і, разам з тым, кранальная. Рыгора і Веру  пазнаёмілаў клубе савецкая песня. Якая, яны ўжо і не памятаюць.Галантны хлопецзапрасіў на танец сціплую дзяўчыну з карымі, як яскравыя вугалькі, вачыма, і так не змог адпусціць яе ад сябе. Потым нядоўгія сустрэчы, праводзіны дадому, сватаўство.

—Старыя людзі заўсёды прыслухоўваліся, прыглядаліся і раілі маладым, як трэба рабіць, — з лагоднай усмешкай на твары распавядала Вера Трафімаўна. – Ацанілі мясцовыя старажылы і майго наканаванага. Грышка на кватэры тадыў суседкі жыў. Вось і мне яна раіла: “Глядзі, які добры хлопец. Не ўпусці сваё шчасце”.

Рыгор насамрэч быў самастойным, хоць і вясковым, але даволі выхаваным хлопцам, паважлівым і вельмі працавітым. А гарманістам якім быў цудоўным! З гармонікам не разлучаўся. Усе гулянкі ягонымі былі. Нават, набыў Рыгор тульскі гармонік, каб здіўляць віртуёзным выкананнем песень, прыпевак і танцавальнай музыкі. Гэтым, зрэшты, ён і пакарыў сваю Верачку. Такімён заставаўся ўсё жыццё, за якое ні разу не пакрыўдзіў сваю адзіную і верную абранніцу. Не прыпамінае Вера Трафімаўна ніводнага выпадка за ўсё жыццё, каб яе муж пакрыўдзіў ці, наогул, голас павысіў на яе, альбо дзяцей.

—Дзякуй Богу, добры гаспадар мне трапіўся, — з удзячнасцю да лёсу кажа Вера Трафімаўна.—Дзяцей добрых выхавалі. Усіх нас кахаў, паважаў, шанаваў. Нават, калі мяне ў жонкі ўзяць захацеў, дык перш-наперш з матуляў маёй гаворку павёў, дазволу яе прасіць пайшоў. 

Руку і сэрца сваёй закаханай Рыгор Яфімавіч сапраўды адразузапытаў не ў будучай жонкі, а ў яе матулі, каб тая благаславіла пару на сямейнае жыццё. Дачка была дзяўчынай на выданні, таму атрымаўшы дазвол, згулялі вяселле.Адсвяткавалі яго 1 мая, а праз тыдзень маладыя афіцыйна ўзялі шлюб і ўзаконілі свае адносіны ў Ламавіцкім сельсавеце. Жыць засталіся на Верынай радзіме. Набылі ў Ніўным  асабістую хату, тут і пражылі чвэрць стагоддзя. Тут у Рыгора Яфімавіча і Веры Трафімаўны нарадзіліся дзве дачкі і сын. Бацькі працавалі. Дзеці самастойнымі раслі, паважліва да бацькоў ставіліся.Дапамагалі дарослым, і клопату старэйшыя не малі. Ведалі, што дома вялікая гаспадарка заўсёды дагледжана, калі, бывала, на працы дапазна затрымлівацца даводзілася. 

Размеранае вясковае жыццё і сялянскі ўклад задавальнялі сям’ю Сінькевічаў. Але неўзабаве ўзнікла ідэя пераехаць у райцэнтр. На той час бацькоўская хата Рыгора Яфімавіча была на хутары ўжо пустой. Родзічы пашкадавалі яе, і ў памяць аб бацьках вырашылі перавезці стары будынак з лесу ў гарпасёлак. На шэсць год зацягнулася будоўля новага селішча Рыгора і Веры Сінькевічаў. Увесь гэты час па выхадных днях езділі яны з вёскі Ніўнае ў Акцябрскі уладкоўваць сваё сямейнае гняздо. У 1996 годзе сям’я пераехалана новае месца жыхарства.Вуліца Іванова стала ім роднай.

Ох, і сумавала першы час Вера Трафімаўна па сваёй ранейшай хаце!Душа пакою не знаходзіла. Яшчэ б! У Ніўным прайшлі лепшыя гады маладосці. Дзяцей нарадзілі і ўзгадавалі. Але потым звыклася. Жыве ў райцэнтры сям’я Сінькевіч ужо больш за дваццаць год. Муж і жонка з гумарам адносіцца да ўсіх цяжкасцей, не губляюць пазітыўнага настрою, імкнуцца не надаваць увагі дробязям. У іх ёсць просты, але вельмі дзейсны сакрэт, як заставацца закаханымі на ўсё жыццё, нягледзячы на выпрабаванні, якія падкідае лёс. За шэсць дзесяцігоддзяў Сінькевічы пражылі шмат радасных і трывожных  момантаў. Але, як ніколі, Веры Трафімаўне цяжка апошнія тры гады. Нечаканы выпадак з дарожна-транспартным здарэннем моцна падкасіў здароўе Рыгора Яфімавіча. Але муж і жонка трымаюцца. Аптымізм дапамагае, запэўнівае гаспадыня. А яшчэ ў сям’і ведаюць, штоабодва патрэбныя адзін аднаму, і абавязкова — сваім дзецям, ўнукам і праўнукам у якіх душы не чаюць, як і тыя ў бацьках. Для нашчадкаў Рыгор Яфімавіч і Вера Трафімаўна эталон сумеснага жыцця, добра і павагі. Гэта зараз, праз гады, старэйшыя Сінькевічы могуць сказаць, што доўгі і шчаслівы шлюб – сапраўдная праца і ўменне дараваць, шанаваць і паважаць. Бацькоўскую мудрасць жыць у пары атрымалі ў спадчыну ўсе. Берагчы свае сем’і для дзяцей і ўнукаў– святы абавязак, як і берагчы ўзаемныя пачуцці, такія, як у Рыгора Яфімавіча і Веры Трафімаўны. Іх каханне – непадуладнае часу.

Наталля Ёвенка. Фото аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *