Каштоўнасці, якія нас аб’ядноўваюць

Общество

Каштоўнасці, якія нас аб’ядноўваюць.
У свеце шмат розных каштоўнасцяў, але кожны з нас па-свойму разумее гэтае паняцце. Што ж такое каштоўнасць? Гэта ўсё, што мае вялікае значэнне для чалавека, усё, што шануе чалавек. Каштоўнасці бываюць духоўныя і матэрыяльныя, асабістыя і агульначалавечыя.
Самай галоўнай каштоўнасцю з’яўляецца само жыццё, унікальнае і непаўторнае. Наша жыццё – каштоўнасць не толькі для нас, але і для нашых блізкіх і родных. Пагэтаму так вапска рабіць усё неабходнае, каб не было вайны, каб рос дабрабыт людзей, каб яны былі здаровыя і паспяховыя.


Ёсць каштоўнасці, важныя асабіста для нас: калекцыя кніг або старадаўніх манет, лялек або марак. Для чалавека гэтыя рэчы важныя па розных прычынах: рэч стала рэдкасцю, або яна прыносіць радасць, або з-за карпатлівай працы, у выніку якой была набыта.
Аднак існуюць каштоўнасці, значэнне якіх неацэннае для ўсяго чалавецтва: Радзіма, сяброўства, каханне, мастацтва, сям’я…
Гэтыя каштоўнасці аб’ядноўваюць людзей розных нацый, пакаленняў, веравызнанняў. Захаваць іх – значыць захаваць веру ў лепшае ў наш шалёны час.
І, канечне ж, нельга абмінуць увагаю тыя каштоўнасці, якія аб’ядноўваюць людзей у нацыю. Вось чаму сёння важна навучыцца шанаваць гісторыю і культуру свайго народа. Акрамя таго, народная традыцыйная культура дапамагае аб’ядноўваць сям’ю, захоўваць традыцыі, памятаць нашых продкаў.
Народная традыцыйная культура – гэта вялікая каштоўнасць і асабіста для мяне. Святы, абрады, якія заўсёды суправаджаліся песнямі, танцамі і ў якіх прымала ўдзел з маленства – усё гэта аб’яднала мяне з маёй сям’ёй.
Разам з бабулей і матуляй я хадзіла ў госці, дзе гучалі народныя песні, якія я завучвала на памяць, дзе вучылася танчыць, дзе краналі душу гукі гармоніка.
Абрадавыя святы – гэта яркія моманты майго маленства. Так, разам са старэйшымі братам і сястрой хадзіла калядаваць. Каляды – маё любімае свята. Да яго мы рыхтаваліся дбала: шылі касцюмы, майстравалі зорку – сімвал Ражства, вучылі прыпеўкі, а то і самі складалі іх, рыхтавалі добрыя пажаданні гаспадару і гаспадыні, прасілі матулю дапамагчы з песнямі і танцамі.
І вось доўгачаканы вечар. Я перапраналася ў “козачку”, танчыла пад гармонік брата, сястра спявала. Мы жадалі шчасця і міру сям’і, буйнога ўраджаю і добрай жывёлы гаспадарам. Як мне здаецца, задаволены былі ўсе.
Свае звычаі, традыцыі ёсць у кожнай сям’і, ёсць святы, якіх чакаюць з нецярплівасцю. Вось у такія хвіліны і адбываецца перадача вопыту, навыкаў аб старэйшага пакалення малодшаму.
Народныя святы – Каляды, Масленіцу, Купалле і іншыя – я палюбіла, дзякуючы маёй матулі. Яна прымала ўдзел ва ўсіх гэтых святах, ведала шмат песень, паданняў, танцаў, якім навучылася ад бабулі. Гледзячы на яе, і я імкнулася набыць гэты вопыт. Любоў да народнай спадчыны дапамагае мне лепей разумець жыццё нашых продкаў, іх быт, светапогляд. Я не раз выступала ў ролі Купалінкі на свяце Купалле. Для мяне было важна перадаць чысціню дзявочай душы, мяккасць яе характару, шчырасць пажаданняў. Купалінка – сапраўдная беларусачка, дзяўчына ласкавая, з добрым сэрцам, дорыць усім прысутным святло і радасць, робіць яшчэ больш чароўным вечар Купалля. Свята суправаджаецца пажаданнямі ад Купалінкі здароўя ўсім, заклікамі весяліцца, вянкі ў ваду кідаць, кветку папараць шукаць, якая абявязкова зробіць нас шчаслівымі.
А якое цудоўнае свята “Масленіца”! Мы з сяброўкамі пераапраналіся ў скамарохаў, з песнямі і жартамі прыстрайваліся ў конны вазок, упрыгожаны стужкамі і самаробнымі кветкамі, і ехалі па вёсцы, клікалі ўсіх на свята, жадалі добрага настрою сустрэчным, спявалі масленічныя песні. Пасля на плошчы вадзілі карагоды вакол саламянай бабы, частавалі прысутных блінамі, адным словам, дарылі людзям вяселле.
Для мяне вельмі важна дакрануцца да бяздоннай скарбніцы народа, адчуць настрой нашых продкаў у розных жыццёвых сітуацыях, зразумець глыбінны сэнс, які прыхаваны ў песнях, паданнях, танцах… Я – удзельніца ансамбля “Рудабельскія зорачкі”. У аснове работы ансамбля – знаёмства з носьбітамі аўтэнтычнага мастацтва. Яны не толькі вучаць нас спяваць і танчыць, але і дапамагаюць зразумець, як паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі, уносяць свій уклад у падрыхтоўку нас, моладзі, да самастойнага дарослага жыцця.
Мы спяваем народныя песні і бачым, як у песні адлюстроўваецца быт нашых продкаў, душа народа.
Мая зямлячка Аляксандра Іванаўна Яфрэмава навучыла мяне спяваць песню “Дзе стаяла буяла…”Песня дапамагае лепш зразумець жыццё нашых продкаў, перажыванні маладой дзяўчыны ад таго, што выходзіць замуж, “расплятае коску і разлівае слёзку” і , быццам лісцік, адрываецца аб бацькоў.
Слухаем песню – і слязамі напаўняюцца вочы не толькі ад спачування дзяўчыне, але і ад мілагучнасці мелодыі.
У песні “Рана раненька”…расказваецца пра лёс жанчыны, яе працу ад цямна да цямна. Спяваем – і быццам сам становішся сведкам гэтай жыццёвай гісторыі, бачыш тое шырокае поле, адчуваеш водар травы і тое бязмернае шчасце, калі праца скончана і можна ісці дамоў.
Яшчэ адна жыццёвая гісторыя раскрываецца ў песні “Мікалаева даліна…” Дзяўчына носіць ваду, але прынесці напіцца каханаму не можа, бо злая мачаха не дазваляе. Кацярына просіць Мікалая ажаніцца з ёй і забраць ад мачахі, вызваліць ад яе ўлады.
Ансамбль “Рудабельскія зорачкі “ выхаваў некалькі пакаленняяў за час свайго існавання. Многія былыя удзельнікі маюць ужо сваіх дзяцей, свае сем’і, але не забываюць сваю працу ў ансамблі, не забываюць свайго кіраўніка. А з часам перададуць свае навыкі, свае веды дзецям, якіх вучаць ужо зараз з павагай адносіцца да народнай культуры.
Народная традыцыйная культура – гэта жыццё народа, яго гісторыя, і мы павінны захаваць гэту культуру, павінны распаўсюджваць яе сярод малодшага пакалення, прапагандаваць усюды і заўсёды, дзе толькі ні будзем.
Вельмі важна, каб пра нашыя традыцыі даведаліся далёка за межамі Беларусі, каб людзі іншых краін ведалі: ёсць беларусы на свеце, якія маюць вялікія духоўныя каштоўнасці, цікавую культурную спадчыну. Тут я хачу выразіць вялікую ўдзячнасць маёй бабулі, носьбітам айтэнтычнага мастацтва, а таксама маёй настаўніцы за то, што яны займаюцца адраджэннем беларускага фальклору, распаўсюджваюць інфармацыю аб традыцыях нашага народа, збіраюць звесткі тых абрадах, гульнях, карагодах, якія яшчэ існуюць у глыбінцы.
Такім чынам народная традыцыйная культура для мяне – вялікі скарб, багацце, якое нельга згубіць. Упэўнена: традыцыйная культура не згіне, яна будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне, бо любоў да народнай спадчыны зараджаецца яшчэ з маленства, як толькі дзіця чуе калыханку ад маці, казку ад бабулі. Гэту любоў чалавек пранясе праз усё жыццё і ў радасці, і ў горы.
Я ў гэты момант адчуваю яе значэнне. Любіць свой народ, мову, фальклор, рабіць усё для таго , каб Радзіма квітнела, каб мір і спакой царылі ў ёй, вось тая задача, над рашэннем якой трэба працаваць маладому пакаленню.

Вероника Новиченок, Октябрьский районный центр творчества детей и молодежи



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *