І ззялі зорачкі на сцэне

Культура

 

 

Узорнаму фальклорнаму ансамблю “Рудабельскія зорачкі” споўнілася 20. З гэтай нагоды ў сераду ў Акцябрскім цэнтры вольнага часу прайшла ўрачыстая імпрэза. Наколькі шануюць жыхары раёна гэты ансамбль, было бачна па шчырых авацыях, добрых словах і ўсмешках на тварах. У зале не было пустых месцаў, людзі ішлі на канцэрт з кветкамі і падарункамі, былыя ўдзельнікі калектыву спецыяльна прыехалі на творчы вечар з іншых гарадоў. А тыя, якія не змаглі гэта зрабіць, моцна перажывалі. Аднак у думках яны былі разам з ансамблем. Але аб усім па парадку.

Гісторыю ствараюць асобы

Пачалася вечарына з дэманстрацыі дакументальнага фільма пра мастацкага кіраўніка “Рудабельскіх зорачак” Вольгу Дульскую. Стужка была знята каля дзесяці гадоў назад Гомельскім тэлебачаннем. Вольгу Гаўрылаўну ведае, можна сказаць,  ці не кожны чалавек у Акцябрскім раёне. Сваю дзейнасць яна пачала з дзіцячага садка, дзе была музычным кіраўніком. Ёй і тады было цікава працаваць з дзецьмі, знаходзіць творчыя здольнасці і развіваць іх. Затым Вольга Гаўрылаўна стала намеснікам дырэктара сярэдняй школы №3 гарпасёлка, а потым і раённай гімназіі. Разам з гэтым  не пакідала музычную работу з дзецьмі. Побач з ёй заўсёды ішла таленавітая моладзь. Ідэя стварыць фальклорны калектыў прыйшла не проста так. У Акцябрскі раён сталі прыязджаць людзі, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. І ў гэты ж час у раённым цэнтры ў тым ліку і для перасяленцаў была пабудавана сярэдняя школа №3. Як успамінае былы дырэктар установы Любоў Шэйка, прыезджых дзяцей і настаўнікаў было неабходна аб’яднаць, здружыць паміж сабой. На базе школы з’явіўся кабінет фальклору, пачалі працаваць гурткі, праводзіцца вячоркі. Перадумовы для стварэння ансамбля паўсталі самі па сабе. Таму амаль адначасова з адкрыццём фестывалю “Берагіня” з’явіліся “Рудабельскія зорачкі”.  Мастацкім кіраўніком стала Вольга Дульская, а музычным кіраўніком – яе родны брат Дзмітрый Бяжкоў. Яшчэ ў дзяцінстве бацька навучыў іх іграць на баяне і гармоніку, а маці – спяваць на два галасы.  Не дзіўна, што з творчай сям’і, у якой заўсёды пелі і ігралі на музычных інструментах, і выйшлі гэтыя таленавітыя людзі. Сёння яны заўсёды разам. Як кажа Вольга Гаўрылаўна, яе брат – гэта дарадчык, надзейны сябра і самы блізкі чалавек. Напаэўна, дзякуючы  такому творчаму і сямейнаму дуэту ўзорны фальклорны ансамбль “Рудабельскія зорачкі” працуе ўжо 20 год.

Зорныя пажаданні

Колькі добрых слоў было сказана на творчай вечарыне! Павіншаваць ансамбль прыйшло кіраўніцтва Акцябрскага райвыканкама. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Таргонскі назваў калектыў “Рудабельскія зорачкі” сапраўдным  брэндам Акцябрскага раёна. І падзякаваў кіраўнікам ансамбля за тое, што яны праз любоў да фальклору аб’ядноўваюць настаўнікаў, дзяцей і бацькоў.  Алег Віктаравіч уручыў калектыву Ганаровую грамату райвыканкама за значны ўклад у развіццё і  папулярызацыю беларускіх народных традыцый. Намеснік старышыні Акцябрскага райвыканкама Уладзімір Елісееў  адзначыў, што за 20 гадоў ансамбль выхаваў шмат таленавітых людзей, сапраўдных беларусаў. Кіраўнік справамі райвыканкама Валянціна Шлапакова таксама павіншвала ўзорны ансамбль з юбілеем і выказала думку, якую потым паўтаралі госці свята. У калектыве не только пяюць, танчаць і іграюць на музычных інструментах, тут сапраўды выхоўваюць дзяцей і моладзь. Ад раённага выканаўчага камітэта Валянціна Шлапакова ўручыла мастацкаму кіраўніку грашовы сертыфікат. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Марына Балынская падкрэсліла, што сёння бадай ніводнае свята ці канцэрт у раёне не абыходзяцца без “Рудабельскіх зорачак”.

Ля вытокаў стварэння калектыву стаялі былы дырэктар гімназіі Любоў Шэйка і мастацкі кіраўнік рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” Мікалай Козенка. Любоў Сяргееўна ўспомніла, як пачынаў свой шлях ўзорны ансамбль “Рудабельскія зорачкі”. Як захапіліся ў той час народнымі спевамі і дзеці, і дарослыя. Нясмелыя крокі дзіцячага ансамбля пераўтварыліся ў вялікі творчы шлях. Мікалай Аляксеевіч нагадаў, што і фестывалю, і калектыву афіцыйна 20 гадоў, але іх ідэя з’явілася раней. Хоць яна не ўсім была зразумела. Сэнс у тым, што адныя і тыя ж дзеці  водзяць карагоды, танцуюць, выдатна пяюць і іграюць на музычных інструментах, дэманструюць абрады, ходзяць у экспедыцыі, вывучаюць народную культуру, выступаюць на навуковых канферэнцыях. Мікалай Аляксеевіч адзначыў, што сёння ў краіне амаль у два разы скарацілася колькасць фальклорных калектываў, чым у папярднія гады. І таму ансамбль “Рудабельскія зорачкі” і ўвогуле Акцябрскі раён робіць вялікую справу.

Павіншаваць калектыў прыехалі госці: узорныя фальклорныя ансамблі “Верабейкі” і “Калыханка”, а таксама былыя ўдзельнікі калектыву. Многія з іх працягнулі праз гады любоў да народнай песні. А некаторыя і звязалі з ей жыцце. Напрыклад, Святлана Красоўская стала салісткай Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча. Былая ўдзельніца “Рудабельскіх зорачак” прыехала на свята, каб выказаць словы падзякі Вользе Гаўрылаўне і Дзмітрыю Гаўрылавічу за тое, што дапамаглі ёй вызначыцца ў жыцці. І ў якасці падарунка для ўсіх гледачоў праспявала народную песню.

Добрыя словы, пажаданні плёну і творчасці жадалі “зорачкам” кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў Акцябрскага раёна. Старшыня раённага спажывецкага таварыства Тамара Казакевіч, ведаючы, што калектыў хоць і займаецца народнай творчасцю, але сучасныя сродкі камунікацыі ім усё ж такі патрэбны, падаравала  ноутбук. Галоўны рэдактар раённай газеты “Чырвоны Кастрычнік” Алена Старыновіч пажадала “зорачкам” новых поспехаў,  каб з  задавальненнем расказваць аб гэтым чытачам на старонках выдання. Дырэктар Акцябрскага лясгасу Фелікс Коркуц параўнаў узорны ансамбль з лесам. Калі лес з’яўляецца багаццем раёна, то “Рудабельскія зорачкі” таксама багацце, але нематэрыяльнае.

Павіншавалі фальклорны калектыў кіраўнікі ўстаноў культуры раёна. А начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Беразоўская выказала надзею, што ў хуткім часе ўдзельнікам “зорачак” стане і яе ўнук Арцем. Як калісьці рабілі яго бацькі – Ксенія і Раман.

Не хопіць газетнай старонкі, каб перадаць усе тыя словы і пажаданні, якія гучалі на сцэне. Яшчэ шмат было сказана ў адрас кіраўнікоў узорнага фальклорнага ансамбля “Рудабельскія зорачкі”. І напэўна кожны глядач у зале не шкадаваў далоняў і добрых думак у адрас калектыву.

А госці, якія прыехалі на “Берагіню”, казалі, што імпрэза з  нагоды  юбілею “зорачак” задала вельмі прыемны тон усяму фестывалю.

Ірына ЛЯШКОВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *