І зноў першы

Знай наших! Образование

І зноў першы

29 красавіка на базе гомельскай гімназіі імя І. Мележа праводзіўся абласны конкурс рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску”, прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Наш раён прадстаўляла каманда ў складзе вучня 10 класа раённай гімназіі Данііла Шэйка і вучаніцы 9 класа сярэдняй школы №1 г.п. Акцябрскі імя А. Р. Салаўя Вольгі Навумавай. Па выніках конкурсу Данііл атрымаў Дыплом першай ступені. Дарэчы, дзесяцікласнік прымае ўдзел у конкурсе рытарычнага майстэрства ў трэці раз і заўсёды з’яўляецца пераможцам – гэта ўжо яго трэці Дыплом першай ступені.

Конкурс праводзіўся ў два этапы: першы – прадставіць мультымедыйнае эсэ па прапанаванай тэме “Ішоў прарок пясчанай сцежкай з навукай новаю к людзям…”  і другі – падрыхтаваць вуснае выказванне на тэму “На цябе, наша моладзь, надзея”.

У першым этапе трэба было расказаць пра беларускую культуру,  асветнікаў, пра шлях беларускага народа да ведаў і лепшага жыцця. Галоўнае, на што звярталі ўвагу члены журы (а гэта выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны і трэнеры абласной каманды на рэспубліканскай алімпіадзе), – гэта ўменне зацікавіць слухачоў, задаваць пытанні і адказваць на іх.

У другім этапе ўлічвалася маўленне, уменне хутка рэагаваць у прадстаўленай сітуацыі, — дзеліцца сваімі ўражаннямі пераможца і з удзячнасцю звяртаецца да свайго настаўніка беларускай мовы і літаратуры Таццяны Сяргееўны Крэч, якая рыхтавала вучня да ўдзелу ў конкурсе. – Вялікі дзякуй Вам, паважаная Таццяна Сяргееўна, за тыя веды, якія Вы мне далі, за выдатную падрыхтоўку да конкурсу. Менавіта Вы абудзілі ў мяне такую вялікую цікавасць да роднай мовы, дапамаглі разгледзець і перадаць усю яе прыгажосць.

Я таксама вельмі ўдзячна свайму вучню, які з самага маленства любіць і паважае родную мову, і ганаруся яго заслужанай перамогай, — дадае Таццяна Сяргееўна.

А мне ў сваю чаргу застаецца толькі пажадаць настаўніку і яго таленавітаму вучню далейшых поспехаў і новых перамог у наступных конкурсах.

Аксана Борсук. Фота аўтара.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *