Гісторыя Акцябршчыны на вялікім экране

Общество

Дзень 17 снежня 1924 года стаў кропкай адліку ўгісторыі беларускай нацыянальнай кінематаграфіі, калі адпаведным Дакрэтам было замацавана стварэнне кінастудыі “Белдзяржкіно”. За свой ужо 95-гадовы перыяд існавання беларускае кіно пастаянна ўдасканальвалася і развівалася, сведчаннем таму – шэраг мастацкіх і дакументальных карцін, якія атрымалі шырокае прызнанне гледачоў і сталі класікай айчыннага кінематографа. Дастаткова ўзгадаць толькі некаторыя мастацкія кінастужкі, добра вядомыя і любімыя да сённяшняга дня рознай узроставай аўдыторыяй не толькі ў нас у Беларусі, але і далёка за яе межамі. Гэта перш за ўсё фільмы на героіка-патрыятычную тэматыку, такія як“Лясная быль” (дарэчы, першая мастацкая кінакарціна беларускага кінематографа,якая выйшла ў 1926 годзе), “Гадзіннік спыніўся апоўначы”, “Канстанцін Заслонаў”, “Чырвонае лісце”, “Міколка-паравоз” (адзін з самых любімых дзіцячых фільмаў ва ўсе часы), “Альпійская балада”, “Знак бяды”, “Ідзі і глядзі”,папулярныя серыялы 80-х гадоў “Дзяржаўная граніца”, “Палеская хроніка”,сапраўды народная камедыя  “Белыя Росы” і многія іншыя. На працягу шэрагу гадоў наша кінастудыя “Беларусьфільм” і  аб’яднанне па вытворчасці хранікальна-дакументальных фільмаў “Летапіс” лічыліся аднымі з буйнейшых сярод краін былога Савецкага Саюза, а пастаўленыя імі кінастужкі адрозніваліся глыбінёй творчага пошуку, маштабнасцю, дакладнасцю і праўдзівасцю ў адлюстраванні жыццёвых падзей і гістарычных фактаў.

Адметна, што беларускія кінематаграфісты даволі часта звярталі ўвагу і на гісторыю нашага раёна. Так у фондах Цэнтра гісторыі і культуры захоўваюцца дакументальныя фільмы вытворчасці аб’яднання “Летапіс”,прысвечаныя гераічнаму Акцябрскаму краю, розным перыядам яго існавання, —“Рудабелка, год 41-ы”, “Ідучыя з легенды” і іншыя, якія і да сённяшняга дня дэманструюцца наведвальнікам музейнай установы падчас правядзення ў яе сценах урачыстых мерапрыемстваў. Гледачы, у асноўным старэйшага пакалення, напэўна, і зараз памятаюць мастацкі фільм“Рудабельская рэспубліка”, зняты ў 1971 годзе рэжысёрам Мікалаем Калініным па аднайменнай дакументальнай аповесці беларускага пісьменніка Сяргея Грахоўскага (выйшла асобнай кніжкай некалькі раней да гэтага, а дакладней, у 1968 годзе).Сам фільм, як  і кніга, заснаваны на рэальных гістарычных падзеях перыяду усталявання Савецкай улады на Рудабельшчыне і Грамадзянскай вайны. Па сюжэту былы вахмістр царскай арміі,удзельнік імперыялістычнай вайны Аляксандр Салавей атрымлівае ад Бабруйскага рэўкама заданне арганізаваць абарону Савецкай улады на сваёй радзіме – у палескай вёсцы Рудабелка ад нападу войскаў кайзераўскай Германіі, польскіхі нтэрвентаў і белагвардзейцаў. Сама ж новая ўлада трывала замацавалася ў гэтым глухім кутку: створаны яшчэ 22 лістапада 1917 года валасны рэвалюцыйны камітэт крыху пазней абвясціў Рудабельскую партызанскую (ці па-іншаму савецкую)рэспубліку. На яе тэрыторыі, якая ахоплівала воласці Бабруйскага, Мазырскага іРэчыцкага паветаў, нязменна захоўвалася Савецкая улада за ўвесь час варожай акупацыі (1918-1920 гг.), ствараліся партызанскія атрады, вялася вялікая агітацыйная работа сярод сялян. Сюжэтная лінія карціны як раз і пабудавана на фоне ўсіх гэтых неардынарных падзей па канонах і ў традыцыях пазабытага зараз жанру кінамастацтва – гісторыка-рэвалюцыйнага фільма. Кінастужка “Рудабельская рэспубліка” сама па сабе ўжо незвычайная тым, што распавядае аб дзіўнай з’яве Грамадзянскай вайны, зусім не характэрнай для тых “смутных гадоў”, дзе героямі выступаюць простыя сяляне, якія па сваёй волі, адчуваючы яўныя перавагі рэвалюцыйных пераўтварэнняў, без усялякага ідэалагічнага націску змагаюцца за новае жыццё. Поспеху прэм’ернага паказу карціны ў гледачоў (а тады, амаль 50год назад, у ліку іх было яшчэ нямала непасрэдных удзельнікаў і відавочцаў рэвалюцыйных пераўтварэнняў у краіне і на Рудабельшчыне ў прыватнасці) спрыяла дакладнасць прыведзеных фактаў і адлюстраваных падзей, прысутнасць дэталей, маючых непасрэднае падабенства з рэальнасцю. Хоць натурныя здымкі “Рудабельскай рэспублікі” і вяліся пераважна ў старой частцы горада Гродна з выкарыстаннем прыроднага ландшафта Панямоння, у шэрагу эпізодаў фільма яскрава праглядваюцца знаёмыя да дробязяў карэнным акцябрычанам краявіды – той жа бугор, дзе камунары аруць абагульненую зямлю, вельмі нагадвае ўзгорак перад сучасным заводам САМ, яскрава праглядваюцца на фрагментах паказанага ў карціне памешчыцкага бровара рысы ўжо неіснуючага спіртзавода, ёсць яўнае знешняе падабенства і ў мясцінах,дзе па сюжэту адбываліся ўзброеныя сутычкі меснага насельніцтва з акупантамі.Да таго ж пэўную папулярнасць гэтаму фільму прынёс удала падабраны рэжысёрам акцёрскі ансамбль, складзены як з ліку добра вядомых тады майстроў экрана, так і пачынаючых артыстаў: Юозаса Будрайціса (ён добра, на погляд кінакрытыкаў,справіўся з галоўнай роллю Аляксандра Салаўя), Мікалая Грынько (барон Урангель), Юрыя Каморнага (матрос Раговіч), Валянціна Белахвосціка (Максім Ус), Эмануіла Вітаргана (ротмістр Звонаў), Барыса Клюева (штабс-капітан Цялецкі), ну і, безумоўна, Леаніда Кміта, выканаўцы бессмяротнай ролі Пецькі – легендарнага ардынарца Чапаева ў аднайменным знакамітым фільме (у “Рудабельскай рэспубліцы”Леанід Аляксандравіч ярка і запамінальна сыграў характарную ролю дзеда Цярэшкі).

Калі мастацкі фільм “Рудобельская рэспубліка” так ці інакш увайшоў у фонд кінастудыі “Беларусьфільм” і калі-нікалі дэманструецца і сёння, праўда, толькі на нацыянальных тэлевізійных каналах, у прыватнасці, на“Беларусь-3”, то іншая кінакарціна, задуманая яшчэ ў перадваенны час, дзе наш славуты зямляк, герой Грамадзянскай вайны Аляксандр Салавей мог стаць культавым персанажам, так і не адбылася. Чаму так здарылася? Адказ на гэта пытанне дал іайчынныя вучоныя на чале з гісторыкам-архівістам Вячаславам Селяменевым, якія займаліся даследваннем на мяжы дзевяностых-двухтысячных сакрэтных раней матэрыялаў. Згодна з імі, сапраўды, у другой палове 30-х гадоў мінулага стагоддзя, наркаматам асветы БССР сумесна з кінастудыяй “Белдзяржкіно” распрацоўвалася ідэя стварэння мастацкага фільма з цэнтральнай фігурай  “беларускага Чапаева” па аналогіі з расійскай кінастужкай аб легендарным камандзіру дывізіі і украінскай карцінай “Шчорс” –падобны рэальны герой павінен быў атрымаць увасабленне на экране і ў Беларусі. Створаная тады спецыяльная камісія, якая дэталёва разгледзела дакументальныя матэрыялы аб героях Грамадзянскай вайны ў нашай рэспубліцы, спынілася на асобе рудабельца Аляксандра Салаўя. Сцэнарый будучага фільма распрацоўваў пісьменнік Міхась Лынькоў, вядучы тады айчынны кінарэжысёр Юрый Тарыч (паставіў першы беларускі мастацкі фільм “Лясная быль” зноў жа аб дзеяннях партызан у баях за Савецкую уладу ў першыя гады яе станаўлення) пачаў рыхтавацца да здымак, падбіраўся склад будучых акцёраў. Але… Хваля масавых рэпрэсій таго часу спыніла работу над фільмам. Кіраўніцтва беларускай кінематаграфіі было звольнена са сваіх пасад, некаторых з тых, хто меў дачыненне да работы над будучай карцінай, расстралялі альбо прыгаварылі да розных тэрмінаў зняволення ў сталінскіх лагерах. Такім чынам вобраз “беларускага Чапаева” захаваўся толькі на паперы. А ўяўляеце, якую вядомасць атрымала б наша Акцябршчына, калі б запланаваны фільм выйшаў  ў шырокі пракат, а цэнтральны персанаж, ініцыятыўны старшыня рэўкамаі адважны кавалерыст Аляксандр Салавей адразу заняў бы дастойнае месца ў плеядзе культавых кінагерояў? Аднак, на жаль, гісторыя бязлітасна ўсё перакрэсліла на свой лад…

Дзень 17 снежня штогод становіцца святам для ўсіх,хто мае дачыненне да беларускага кіно, слаўныя старонкі якога сталі здабыткам нашай гісторыі. Гэта кіно, якое, нягледзячы на паважаны ўзрост, працягвае жыць!

Юрый Каспяровіч.

Фота з інтэрнэта.    



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *