Галоўная праблема – кадравая

Сельское хозяйство

Востры недахоп прадстаўнікоў самых запатрабаваных прафесій у жывёлагадоўчай галіне – даярак, даглядчыкаў, ветурачоў негатыўна адбіваецца на вытворчасці малака і мяса ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Бумажкова-агра”.

Сапраўды, гэта гаспадарка ў апошні час не вызначаецца добрымі паказчыкамі працы ў жывёлагадоўлі. Так, толькі па выніках малочнай вытворчасці на сённяшні дзень названая сельгасарганізацыя саступае амаль усім іншым: валавы надой знаходзіцца ў межах толькі 78% да мінулагодняга ўзроўню, у той час, як па раёну гэта лічба складае 97%, а аб’ём продажу малака – таксама 78% (сярэдняраённы паказчык – 99%). Не на вышыні і прадукцыйнасць дойнага статка: у сярэднім ад каровы на “бумажкоўскіх” фермах дояць па 6,3 кілаграма малака за суткі – пятая пазіцыя сярод гаспадарак Акцябршчыны і з самым вялікім адставаннем да мінулагодняга ўзроўню (мінус амаль 2 кілаграмы малака). Не лепшае становішча і ў атрыманні прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы.

Па сведчанню выканаўчага дырэктара ААТ “Бумажкова-агра” Мікалая Вераса, асноўнай прычынай адставання ў жывёлагадоўчай галіне з’яўляецца кадравая, дакладней – пастаянны дэфіцыт работнікаў, якія павінны непасрэдна прыглядваць за жывёлай. Асабліва востра гэта праяўляецца на цэнтральнай МТФ у аграгарадку Любань. На даным аб’екце зараз утрымліваецца 1260 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх дойны статак складае амаль 600 галоў. Каля сотні кароў, дарэчы, знаходзіцца ў запуску, але каб абслугоўваць астатніх паўтысячы, жывёлаводаў не хапае: тых жа аператараў машыннага даення ўсяго толькі трое, якія працуюць літаральна без падмены і выхадных. Даглядчыкі часта мяняюцца, у іх штаце таксама недабор, таму адпаведна тыя, хто застаўся, ледзь паспяваюць выканаць неабходны аб’ём работы. З улікам гэтых і іншых акалічнасцяў кіраўніцтва гаспадаркі пайшло на вымушаны крок, адмовіўшыся ад дзённай дойкі. Безумоўна, такім чынам не дабіраюць патрэбнае малако, аднак па-іншаму і не зробіш – перайсці на трохразовае даенне не дазваляе кадравы дэфіцыт.

—Зразумела, не ад лёгкага жыцця мы вымушаны ў апошні час шукаць дбайных работнікаў далёка па-за межамі гаспадаркі, — тлумачыць Мікалай Верас. – Вось на бягучым тыдні зрабіў візіт ў аграгарадок Крукавічы суседняга Калінкавіцкага раёна. Тры маладыя жанчыны, якія маюць пэўны вопыт работы ў тутэйшым КСУП “Беразнянскі”, як быццам, выявілі жаданне папрацаваць даяркамі ў нашым ААТ “Бумажкова-агра”. Яны пабывалі ўжо ў Любані, азнаёміліся з умовамі вытворчага працэсу на даільна-малочным блоку цэнтральнай фермы, якія ацанілі станоўча, як і прапануемае жыллё. Аднак, каб канчаткова зрабіць свой выбар, яшчэ думаюць, вагаюцца. Маюцца кандыдаты на нашы фермскія вакансіі і ў некаторых іншых месцах. Усё ж такі хочацца спадзявацца, што ні сёння-заўтра новыя аператары машыннага даення прыступяць да работы, што стане для ўсяго калектыву цэнтральнай МТФ значнай палёгкай. А там далей можна разлічваць на трохразовую дойку і, адпаведна, на лепшыя вынікі ў малочнай вытворчасці.

Аднак, каб іх дасягнуць, патрэбна вырашыць не толькі кадравую праблему. Так, на той жа любанскай ферме неаднаразова выяўляюцца пэўныя недахопы ў тэхналогіі ўтрымання дойнага статка, вырошчванні маладняка. Напрыклад, відавочна блытаніна з групіраваннем жывёлы, у прыватнасці, кароў па тэрмінах іх расцёлаў. А вось там, дзе такі прынцып захаваўся (удалося сфарміраваць дзве секцыі), аддача буронак на раздоі павялічылася да 10 і болей кілаграмаў малака за суткі, што практычна ў два разы болей, чым у цэлым дояць па любанскай ферме. Ёсць прэтэнзіі і да складаемага кармавога рацыёну для дойнага статка: не заўсёды на кармавым стале ў сіласнай масе прысутнічае здробнёная салома. Як вызначылася, гэты грубы корм няма як прывезці з месца захоўвання і апрыходваць: пагрузчык “Амкадор” стаіць няспраўны, а тыя, што ёсць – маламагутны  “Мазман” і трактар МТЗ-1221, аснашчаны прыстасаваннем КУН, не спраўляюцца з вышэйназванай задачай. Да ўсяго іншага, шэраг жывёлагадоўчых памяшканняў патрэбна ачысціць ад гною. Таксама неабходна і пасіліць кантроль з боку кіраўніцтва і спецыялістаў гаспадаркі ў час кожнай ранішняй і вячэрняй дойкі за кормараздачай, працэсам атрымання малака, за правільным размяшчэннем кароў на бяспрывязным утрыманні па сваіх фізіялагічных групах.

Калі больш дэталёва закрануць пытанне рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў, то на любанскай МТФ у гэтым напрамку за апошні час адбыліся прыкметныя змены. Акрамя вышэйназванага хлява для ўтрымання нецеляў, месяц назад прыняў групу маладняка ўзростам да двух месяцаў пад свой дах (дарэчы, па-новаму перакрыты ўвосень) пустуючы на працягу некалькіх гадоў былы кароўнік. Таксама пераабсталяваны згодна з тэхналагічнымі патрабаваннямі раней бясхозны хлеў пад утрыманне запускных кароў з асобным блокам для расцёлаў і клеткамі-домікамі, куды адразу размяшчаюць нованароджаных цялят. Вядуцца аднаўленчыя работы і на былым цялятніку-арачніку: старое брызентавае пакрыццё, якое за 10 гадоў эксплуатацыі прыйшло ў нягоднасць, цяпер паступова здымаюць, замест якога накінуць новы тэнт. Калі, безумоўна, у гаспадарцы на гэтыя і іншыя мэты знойдуцца грошы…

Юрый Каспяровіч.

Фота аўтара.    



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *