Дзяцінства ў колерах “Вясёлкі”

Культура

Сельская бібліятэка… Якая яна? Наколькі запатрабаваны яе паслугі сёння, калі існуе шматлікая колькасць альтэрнатыўных крыніц інфармацыі? У Лаўстыцкую сельскую бібліятэку жыхары ідуць ахвотна. Хаця памяшканне невялікае, але тут створаны максімальныя ўмовы, каб чытачы маглі выбраць цікавыя кнігі, пачытаць перыядычныя выданні, проста адпачыць.
Асобная катэгорыя наведвальнікаў бібліятэкі – дзеці і падлеткі. Кожны з іх са сваім характарам, са сваім поглядам на жыццё, і адпаведна да кожнага трэба знайсці падыход. Дзяцей нельга падмануць ці прымусіць: яны, яшчэ не сапсаваныя жыццём, усё адчуваюць на інтуітыўным узроўні і менавіта ў гэты перыяд адкрываюць у сабе здольнасць да творчасці. Дзяцінства, як тая вясёлка ў небе, вабіць да сябе прыгажосцю і разнастайнасцю колераў.
Так, у Лаўстыцкай сельскай бібліятэцы пры ўдзелу такіх неўтаймаваных дзяцей створана аматарскае аб’яднанне “Вясёлка”. Мэта яго работы – дапамагчы кожнаму ўдзельніку раскрыць сябе, знайсці занятак па інтарэсах, развіць творчыя здольнасці, з карысцю правесці вольны час у бібліятэцы. У склад “Вясёлкі” ўваходзяць дзеці ўзростам ад 6 да 10 год з вёсак Кавалі і Лаўстыкі, з пасёлка Кавалі. Найбольш актыўныя – Шчэцька Насця, Шпак Насця і Паліна, Мадзеева Дзіяна, Навумавы Вольга і Юля, Саловіч Наташа і Надзея.
Асноўны напрамак дзейнасці аб’яднання – народная творчасць. Кожны з удзельнікаў з першых урокаў удасканальвае навыкі па вышыванні, маляванні, уменні рабіць вырабы з прыроднага і падручнага матэрыялаў. Работы членаў аматарскага аб’яднання “Вясёлка” заўсёды прадстаўлены для паказу. У бібліятэцы створаны вугалок творчасці “Рук залатых зямныя цуды”, дзе знайшлі месца лепшыя работы юных майстрыц. Вырабы вясёлкаўцаў былі прадстаўлены і падчас правядзенння Рэспубліканскага свята “Берагіня”.
Аб’яднанне існуе з 2000 года. За гэты час састаў гурткоўцаў не быў пастаянным. На змену адным прыходзілі другія, не менш таленавітыя і актыўныя. Але тыя, хто выйшаў з дзіцячага ўзросту, не пакідалі цікавага занятку і потым. Урокі, набытыя ў бібліятэцы, не забытыя. Дзяўчаты – былыя гурткоўцы – расказваюць, што і цяпер умеюць ствараць вышыванкі, выцінанкі, прыгожа аздабляючы імі свой хатні інтэр’ер або дорачы іх у якасці падарунка сябрам і блізкім.
У рамках работы аб’яднання – разнастайныя мерапрыемствы: урокі творчасці, сустрэчы з носьбітамі народных традыцый, майстар-класы, віншавальныя сустрэчы. Традыцыйна-абрадавыя ўрокі, якія праходзяць у форме гульні “Добры вечар таму, хто ў гэтым даму”, “Пасхальнае яйка – чырвонае”, “Свет кветкі купальскай”, “Вядзенне прыйшло – зіму ў хату завяло”, садзейнічаюць адраджэнню і захаванню народных свят і абрадаў. Цікавымі і запамінальнымі сталі пастаянныя краязнаўчыя сустрэчы з захавальніцай народнай творчасці Мухінай Марыяй Мікалаеўнай, якая стварыла ў сценах бацькоўскага дома сапраўдны музей. Такія мерапрыемствы выхоўваюць павагу да народных носьбітаў, далучаюць маладое пакаленне да народнай культуры, знаёмяць з асаблівасцямі роднага краю.
Дзейнасць аб’яднання не абмяжоўваецца заняткамі па народнай творчасці. Таксама праводзіцца вялікая пошукавая работа па зборы матэрыялаў аб гісторыі Акцябршчыны. Разам з бібліятэкарам дзеці наведваюць сем’і ветэранаў вайны, былых вязняў, дзяцей вайны. Так, нядаўна адбылася сустрэча з жыхаркамі вёскі Лаўстыкі Зінкевіч Надзеяй Адамаўнай і Мытнік Нінай Адамаўнай. Дзеці былі надзвычай уражаны аповедам пра трагічныя гісторыі іх лёсаў, апаленых вайной. У дар бібліятэцы былі перададзены фотаздымкі, дакументы і ўзнагароды родных – удзельнікаў тых далёкіх падзей. Матэрыялы такіх сустрэч знайшлі месца ў бібліятэцы на выставе-экспазіцыі “Праз іх лёс прайшла вайна”.
У нашай установе кожны знаходзіць занятак па душы, бо сёння бібліятэка з’яўляецца цэнтрам культуры, зберагчы якую і перадаць нашчадкам – наша задача.
Р. Вайцяхоўская, бібліятэкар Лаўстыцкай
сельскай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *