Да поспеху праз творчы пошук

Человек и его дело

Добры настаўнік дае больш пытанняў, чым адказаў. Ён развівае ў вучняў уменне крытычна мысліць і арыентавацца ў свеце ведаў. Менавіта на самастойны творчы пошук зрабіла акцэнт у сваёй працы настаўніца беларускай мовы і літаратуры раённай гімназіі Таццяна Сяргееўна Крэч. І выбар такой педагагічнай стратэгіі апраўдвае сябе. Вучні Таццяны Сяргееўны дабіваюцца выдатных вынікаў на цэнтралізаваным тэсціраванні, алімпіядах і конкурсах, пра што неаднаразова паведамляла раённая газета.

На думку Таццяны Сяргееўны, праца настаўніка заключаецца не толькі ў перадачы ведаў вучню, а яшчэ і ў развіцці ў падапечных жадання і ўмення вучыцца, знаходзіць адказы самастойна. Кожны вопытны настаўнік згадзіцца, што ў педагогіцы немагчыма абысціся без творчасці. Можна пры- трымлівацца розных методык, адточваць майстэрства на семінарах, карыстацца дапаможнікамі, але без творчага падыходу да навучання цяжка паспяхова выхаваць вучняў. Увагу сучасных дзяцей яшчэ трэба заваяваць: іх накрыла буйная хваля інфармацыі. І настаўнік павінен пабудаваць сваю працу так, каб прадмет прывабіў вучня, які мае доступ да вялізнага аб’ёму забаўляльнага кантэнту. А таму ўрок павінен быць не менш захапляючым і цікавым, чым мабільныя гульні і відэаблогі на YouTube. Таццяна Сяргееўна добра разумее гэта і прымяняе творчыя заданні, гульні, запрашае вучняў удзельнічаць у даследчай дзейнасці, інтэлектуальных конкурсах і алімпіядах. Праз удзел у прадметных спаборніцтвах навучэнцы Таццяны Сяргееўны больш грунтоўна авалодваюць матэрыялам, вучацца працаваць з літаратурай і самастойна прымаць рашэнні.
З 2013 года Таццяна Сяргееўна займаецца даследчай працай з падлеткамі, апантанымі вывучэннем роднай мовы і культуры. Дэбют у вучэбных даследаваннях выйшаў паспяховым. Падапечная Таццяны Сяргееўны Дар’я Гапоненка стала дыпламантам I ступені абласной навукова-практычнай канферэнцыі. Натхнёная перамогай, настаўніца працягнула працаваць з вучнямі ў гэтым накірунку. Вынікам сталі перамогі на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару Дар’і Шлапаковай, Данііла Шэйкі і Анастасіі Мартыненка. Усе трое сталі лаўрэатамі спецыяльнага фонда Прэзідэнта па падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, а Таццяна Сяргееўна была ўзнагароджана прэміяй фонда за ўклад у развіццё здольнасцей таленавітай моладзі.
Значных поспехаў дасягаюць навучэнцы Таццяны Сяргееўны і ў алімпіядах. Два гады запар Юлія Грынкевіч станавілася пераможцам трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды і ўдзельнічала ў заключным этапе спаборніцтваў. Сёлета Караліна Сарока стала дыпламантам III ступені абласнога этапа алімпіяды. Дыпломы на алімпіядзе для вучняў 4-9 класаў атрымалі Аміна Назарава, Ангеліна Аляхно і Паліна Арчугова.
Мне давялося пагутарыць са школьнымі выкладчыкамі Таццяны Сяргееўны – Тамарай Піліпаўнай Мішур і Галінай Сяргееўнай Матусевіч з Парэцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, дзе і вучылася будучы педагог гімназіі. Па словах настаўніц, у юнацтве Таццяна была руплівай вучаніцай, сапраўдным лідарам, арганізатарам усіх школьных спраў. Яна цудоўна дэкламавала вершы беларускіх класікаў, удала перадавала іх сэнс і настрой. Стаць настаўнікам роднай мовы і літаратуры Таццяне было наканавана лёсам! Тамара Піліпаўна кажа, што выбар вучаніцы яе ніколькі не здзівіў, бо настаўнік – сапраўднае прызначэнне Таццяны Сяргееўны.
Плённая і самаадданая праца Таццяны Сяргееўны неаднаразова атрымлівала высокую адзнаку. У скарбонцы настаўніцы – Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі і абласнога ўпраўлення адукацыі, раённага выканаўчага камітэта. І ўсё ж добрыя водгукі і па- дзякі вучняў ёсць самая вялікая ўзнагарода для настаўніка.
У сваёй аднакласніцы Караліны Сарока, дыпламанта абласной алімпіады, я запытаў, за што яна паважае свайго «трэнера». Адказ не быў нечаканым: “Таццяна Сяргееўна ўмее матываваць на поспех, яна ўсталёўвае цесны кантакт і заўсёды разумее мой настрой і перажыванні. Ва ўменні быць на адной хвалі з вучнем і знаходзіць правільны падыход да кожнага, як мне здаецца, заключаецца сакрэт настаўніцкага поспеху Таццяны Сяргееўны”.
Не магу не пагадзіцца са словамі Караліны. Таццяна Сяргееўна – чалавек, які не стаіць на месцы, заўсёды імкнецца да лепшага і вядзе за сабой вучняў. Кожны гімназіст любіць яе заняткі, таму што праходзяць яны ў добразычлівай атмасферы і больш нагадваюць сяброўскую гутарку, чым нудную лекцыю. Таццяна Сяргееўна зараджае ўпэўненасцю, верай і надзеяй. Такому настаўніку давяраеш і, дзякуючы яго падтрымцы, не баішся ніякіх перашкод на шляху да поспеху.
Данііл Шэйка,
вучань 11 класа Акцябрскай раённай гімназіі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *