Да нас зноў спяшаецца народнае свята

Культура

000513_519435На пачатку лета на Акцябршчыне зноў стартуе ІХ рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня», які пройдзе ў нашым раёне з 23 па 26 чэрвеня. Фестываль будзе праводзіцца пад патранатам ЮНЭСКА. Падрыхтоўка да свята пачалася і ідзе поўным ходам. Але часу не так шмат, таму праца актывізавалася сярод арганізатараў, калектываў-удзельнікаў, танцораў, вакалістаў, усіх тых, хто будзе прымаць непасрэдны ўдзел у мерапрыемстве.

Каб абмеркаваць араганізацыйныя моманты, на гэтым тыдні ў сераду, 16 сакавіка, у зале пасяджэнняў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі прайшоў раённы семінар-практыкум. У ім прынялі ўдзел выкладчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў М. А. Козенка, кіраўнікі, спецыялісты ўстаноў культуры, метадыст аддзела адукацыі, намеснікі кіраўнікоў па выхаваўчай рабоце ўстаноў адукацыі раёна, загадчыкі дзіцячых садкоў.
Прывітаўшы прысутных, загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Т. Е. Маскалёва агучыла пытанні, якія павінны былі разглядацца на семінары. Першае з іх, звязанае з падрыхтоўкай фестывалю «Берагіня», агучыла намеснік дырэктара ДУК «Цэнтр культурна-досугавай дзейнасці Акцябрскага раёна» Л. А. Казакова. Ларыса Аляксееўна паведаміла, што ў ім прымуць удзел сем дзіцяча-маладзёжных калектываў, столькі ж аўтэнтычных, каля ста трыццаці танцавальных пар, каля пяцідзесяці выканаўцаў народных песень, шэсць калектываў-гасцей, упершыню паўдзельнічаюць музычныя капэлы. Але гэтыя лічбы не канчатковыя, бо кожны дзень яны будуць ўдакладняцца. Зараз вядзецца праца па запрашэнню замежных калектываў. Мяркуецца, што яны прыбудуць з Польшчы, Сербіі, Літвы, Чэхіі, Расіі. Агульная колькасць усіх удзельнікаў на час правядзення семінара-практыкума налічвала каля васьмісот чалавек. Шмат работы вядзецца і ў іншых накірунках. Напрыклад, у рамках падрыхтоўкі да фестывалю на рэспубліканскім радыё ўжо зроблены запісы двух фальклорных калектываў нашага раёна – «Перазвоны» з Гаці і «Купалінка» з Пратасоў. Акрамя таго, распрацаваны ўмовы новых конкурсаў на лепшую вучнёўскую даследчую працу «Адкрыццё» (яго арганізатарам выступаюць грамадскае аб’яднанне «Беларускі фонд культуры» і «Краязнаўчая газета») і лепшы аповед пра творчасць носьбітаў і пераемнікаў традыцыйнай культуры пад дэвізам «Спадчына» (арганізатары: газеты «Культура», «Настаўніцкая газета», «ЛіМ», «Краязнаўчая газета»). На працягу некалькіх месяцаў збіраліся матэрыялы для будучых зборнікаў «Проза Рудабельскага краю» і «Традыцыйнае вяселле».
– Праводзіцца і шмат іншай працы па розных накірунках, – падкрэсліла Ларыса Аляксееўна.
Метадыст па традыцыйнай культуры Ю. А. Кулак у сваім выступленні расказала аб удзеле фальклорных калектываў Акцябрскага раёна ў заключных мерапрыемствах фестывалю «Берагіня» і прапанавала сваю дапамогу жадаючым ў падрыхтоўцы да свята. У прыватнасці, правядзенні майстар-класаў і рэпертуарных гадзін.
Абмяркоўвалі ўдзельнікі семінара праграму фестывалю, удакладнялі асаблівасці конкурсаў з М. А. Козенка. Мікалай Аляксеевіч звярнуў увагу прысутных непасрэдна на падрыхтоўку правядзення мерапрыемстваў у рамках тыдня традыцыйнай культуры Рудабельшчыны. Акрамя таго, ён не проста сканцэнтраваў увагу аўдыторыі на гэтым пытанні, але даваў адказы, парады і тлумачэнні, як лепей падрыхтавацца да ўдзелу ў святочных мерапрыемствах, бо, на яго думку, адраджэнне, захаванне і развіццё мясцовай культуры і ўмацаванне міжнацыянальнага супрацоўніцтва – адна з важнейшых задач фестывалю «Берагіня».
Завяршыўся семінар-практыкум падвядзеннем вынікаў разгледжаных тэм. Зараз галоўнае – не губляць дарэмна час, а грунтоўна падрыхтавацца да выступлення ўсім удзельнікам. Судакладчыкі перакананы, што паглядзець будзе што, асабліва тым, хто засумаваў па беларускаму фальклору, самабытнасці, народных традыцыях і абрадах. Фестываль расквеціць вялікая канцэртная праграмма з удзелам як мясцовых жыхароў, так і розных рэгіёнаў Беларусі, краін блізкага і далёкага замежжа.
Наталля Ёвенка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *