Чарговая вясна Дзвесніцы

Культура

Па даўняй традыцыі гэты аддалены населены пункт раёна штогод у канцы мая адзначае сваё свята.

“Галінкі на бярозках пусціліся ў скокі, птушачкі звонкімі спевамі забаўляюць нас, а хмаркі не плывуць, а танчаць у вышыні, таму што сёння госці ў нас”… Так вобразна і ўзнёсла можна ахарактарызаваць пачатак урачыстага дзейства з вышэйназванай нагоды, якое разгарнулася ў Дзвесніцы ўмінулую нядзелю. Гэта самабытная вёска, сапраўды, размешчана ў маляўнічых мясцінах, апаясаных з розных бакоў бярозавымі гаямі. Да таго ж Дзвесніца славіцца сваім  адметным ад іншых гераічным і працоўным мінулым. Так, у гады Вялікай Айчыннай вайны зусім непадалёку адсюль, на лясным востраве Добры існавала партызанская база,дзейнічалі Мінскі падпольны абкам КП(б)Б, штабы партызанскіх злучэнняў Мінскай і Палескай абласцей, выдаваліся газеты “Звязда” і “Бальшавік Палесся”.  Зараз аб тых гераічных падзеях яскрава нагадвае мемарыяльны комплекс “Партызанскія зямлянкі”. Сама ж Дзвесніца, як суцэльны населены пункт, пачала сваю гісторыю ў 50-х гадах мінулага стагоддзя –першую хату тут паставіў калгаснік Мікалай Дзянісавіч Асмыковіч зімою 1955года. З таго часу вёска пачала актыўна забудоўвацца. Імпульс для яе развіцця дала маштабная меліярацыя, разгорнутая ў 60-70-х, калі вялізныя навакольныя балоты пераўтварыліся ў надзвычай урадлівыя палі і сенажаці. З улікам гэтага травянога багацця тут, у Дзвесніцы, на пачатку 80-х гадоў быў пабудаваны і стаў даваць прадукцыю завод па вытворчасці камбікармоў і вітаміннай мукі. Тады Дзвесніца набыла зусім іншы выгляд з пэўнымі “гарадскімі” элементамі – цэльнае прадпрыемства побач, заасфальтаваныя дарогі і праезды. У вёсцы з’явіліся новы клуб і бібліятэка, магазін і ФАП, добраўпарадкаванне закранула і мясцовую ферму. На жаль, з цягам часу і па шэрагу прычын усё гэта засталося ў мінулым…

А раз багатая зямля, развітая сельгасвытворчасць,то, адпаведна, гэты глыбінны куток стаў сапраўдным астраўком працоўнай славы.Жыхары Дзвесніцы розных пакаленняў – механізатары, жывёлаводы, паляводы ўнеслі вялікі ўклад у развіццё роднага сельгаспрадпрыемства, выдатнымі вытворчымі поспехамі шчыра праслаўлялі свой край. У ліку іх і сённяшнія жыхары Дзвесніцы, якіх урачыста ўшаноўвалі на свяце вёскі. Гэта, напрыклад, былая даярка саўгаса“Чырвонаслабодскі” Любоў Мікалаеўна Губанава, узнагароджаная ордэнам ПрацоўнагаЧырвонага Сцяга і медалём “За працоўную доблесць”. А яшчэ за годнае выхаванне дзяцей яна ў свой час была ўдастоена высокай урадавай узнагароды – ордэна“Мацярынская слава” першай ступені. Альбо адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі і раёна Віктар Пятровіч Дубатоўка – кавалер ордэна Працоўнай Славы,мае і медаль “За працоўную доблесць”.

Віншаванні ў той дзень прымалі вясковыя працаўнікі, якія ў мінулым плённа працавалі не шкадуючы ні сіл, ні здароўя, каб родная зямля стала прыгажэйшай і лепшай, чым тая, якая дасталася ім ад бацькоў у цяжки пасляваенны час. Арганізатары свята з задавальненнем уручалі кветкі старэйшым жыхаркам вёскі Дзвесніца – 94-гадовай Марыі Паўлаўне Талмачовай, тым,каму за 80, — вышэй названай Любові Мікалаеўне Губанавай, Ніне Іванаўне Печань, Лідзіі Максімаўне Хілько, Людміле Мікалаеўне Галка, Людміле Мацвееўне Баркоўскай, Лідзіі Максімаўне Лоевай. Трох апошніх адзначалі асобна, бо іх сыны падчас армейскай службы прайшлі баявымі дарогамі Афганістана, а Васіль Галка,на вялікі жаль, памёр ад нанесеных яму там ран…

Прымаючы своеасаблівую эстафету ад старэйшага пакалення, віншаванні на свяце ў Дзвесніцы атрымала і самая малодшая жыхарка вёскі …., вучаніца Краснаслабодскай школы, якой спецыяльна прысвяцілі музычны падарунак. Наогул, песні, прыпеўкі, музыка і танцы ў той цёплы і сонечны майскі дзень былі трывалымі атрыбутамі вясковага культурна-масавага мерапрыемства,дорачы кожнаму яго ўдзельніку прыўзняты і па-сапраўднаму святочны настрой, які застаўся надоўга. У сваю чаргу мясцовыя жыхары і іх госці выказваюць самую шчырую падзяку старшыні Краснаслабодскага сельсавета Ірыне Іванаўне Гумар,дырэктару Краснаслабодскага СДНТ Галіне Пятроўне Кузьмічовай, узначальваемаму ёю калектыву аматарскай творчасці “Слабажаначка” за арганізацыю такога яркага і цікавага мерапрыемства.

Юрый Каспяровіч.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *