Бібліятэкар– прафесія творчая

Культура

 

Сёння бібліятэчная супольнасць знаходзіцца ў цэнтры вялікіх і сур’ёзных пераўтварэнняў. Прывычныя функцыі бібліятэк пашыраюцца. Яны займаюцца выхаваўчай, адукацыйнай, псіхалагічнай, культурна-масавай дзейнасцю.

    Акцябрская раённая бібліятэка з’яўляецца сацыякультурным цэнтрам раёна. Гэта сучасная інфармацыйная, духоўна-асветніцкая ўстанова забяспечвае назапашванне і прадастаўленне інфармацыі жыхарам Акцябршчыны. Сучаснаму чытачу патрэбна сучасная бібліятэка, а таму мы шукаем новыя і эфектыўныя формы работы. Каб не згубіць свайго карыстальніка, прытрымліваемся наступных прынцыпаў: даступнасці, традыцый і наватарства. 

 На працягу бягучага года бібліятэкі ажыццяўлялі праграмна-праектную дзейнасць. Сёння настаў час, калі трэба ўспамінаць аб сваіх каранях, аддаць даніну павагі таму краю, дзе нарадзіўся і вырас. З  мэтай выхавання  нацыянальнай самасвядомасці, адраджэння і развіцця культурных традыцый краю ў бібліятэчнай сістэме ажыццяўляўся праект краязнаўчага напрамку «Васільковая спадчына продкаў».

   На базе Забалацкай сельскай бібліятэкі больш за 20 гадоў дзейнічае музей сельскай жанчыны, мэта якога – захаванне самабытнай культурнай спадчыны рэгіёну, сямейных каштоўнасцей, быту сельскай жанчыны.  Бібліятэчны праект  «Да кнігі і чытання – праз гульні і адпачынак» аб далучэнні да кнігі праз гульнёвыя формы работы арганізаваны ў Любанскай сельскай бібліятэцы. У Парэцкай сельскай бібліятэцы створаны дзіцячы куток «Гульнятэкі ў бібліятэцы». З мэтай прапаганды сямейнага чытання ў Валосавіцкай с/б дзейнічаў праект “Сям’я. Бібліятэка. Кніга”. Краснаслабодская с/б арганізавала праваслаўную пляцоўку “Свет дабра”.  У Дзербінскай – наладжана супрацоўніцтва з дзіцячым садам, арганізуюцца заняткі ў летні час для дашкольнікаў “З кнігай у пясочніцы”. Праект “Кніга шукае свайго чытача” (дзіцячы аддзел раённай бібліятэкі) накіраваны на  папулярызацыю літаратуры і чытання сярод малодшых школьнікаў.  

    Важным прыярытэтам з’яўляецца абслугоўванне чытачоў пенсійнага ўзросту. Раённая бібліятэка ажыццяўляе гэту работу бібліятэчным аўтобусам “Маршрут добрага назначэння” ў аддаленыя вёскі раёна. Перад кожным выездам бібліятэкар рыхтуе адпаведную літаратуру, улічваючы запыты чытачоў, рыхтуецца да мерапрыемстваў.

       Абслугоўванне жыхароў маланаселеных пунктаў ажыцяўляецца сельскімі бібліятэкарамі праз “Дні спагадлівых адносін”. Далучэнне да свету кнігі і перыёдыкі для пенсіянераў набывае вялікае значэнне. Для іх важна не толькі прынесці патрэбную кнігу, але і падтрымацць гутарку на любую тэму,  звярнуць увагу на самаадчуванне, настрой, улічыць жыццёвую сітуацыю.

Ва ўсіх бібліятэках раёна дзейнічаюць аматарскія аб’яднанні, накіраваныя на развіццё творчага патэнцыялу юных чытачоў. А ў раённай бібліятэцы створана аматарскае аб’яднанне “Сустрэча”, членамі якога з’яўляюцца 25 прадстаўніц старэйшага пакалення. Калектыў аб’ядноўвае актыўных, апантаных людзей, якія з’яўляюцца ўдзельніцамі літаратурных гасцёўняў, вечароў, паэтычных сустрэч.

    Бібліятэкі раёна на працягу многіх гадоў ажыццяўляюць як традыцыйную дзейнасць, так і шукаюць новыя формы работы з чытачамі.Стала добрай традыцыяй правядзенне ў раённай бібліятэцы акцыі “Бібліяноч”, прымеркаванай да Дня бібліятэк. У гэты дзень хочацца нечым здзівіць, зацікавіць і, канечна ж, навучыць нашых чытачоў любіць кнігу.

    Як вядома, любыя дасягненні немагчымы без творчага калектыву. Таму галоўным багаццем бібліятэк з’яўляюцца не толькі фонды для самых розных катэгорый чытачоў, але і спецыялісты, якія дапамагаюць зрабіць культурнае жыццё жыхароў нашага раёна цікавым, напоўненым і змястоўным. Адміністрацыя, спецыялісты раённай бібліятэкі, сельскія філіялы, супрацоўнікі тэхнічнага абслугоўвання, вадзіцелі, рабочыя – кожны з іх уносіць сваю лепту ў развіццё бібліятэчнай справы раёна.

Трапна заўважана, што наша жыццё можна параўнаць з кнігай, дзе кожны пражыты год – гэта старонка з цікавымі падзеямі: сустрэчамі і  растаннямі, чаканнямі, нягодамі і радасцямі.

Напярэдадні надыходзячага свята хочацца пажадаць усім калегам, ветэранам і найперш тым, хто ствараў гісторыю бібліятэчнай справы раёна, – добрага здароўя, моцы духу, камфортнага жыцця ва ўсіх сэнсах: маральным, фізічным, матэрыяльным, яркіх падзей, а сённяшнім працуючым спецыялістам – плёну ва ўсіх справах, цікавых сустрэч з чытачамі, шчаслівага асабістага жыцця.

Калектыў Акцябрскай раённай бібліятэкі запрашае ўсіх жадаючых не забываць наведваць нашу ўстанову. Мы будзем рады вам і, спадзяюся, падорым шмат прыемных уражанняў.

Алена Мартыненка, дырэктар Акцябрскай раённай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *