Бібліятэчнае краязнаўства

Культура

Кожны чалавек павінен ведаць гісторыю родных мясцін, культурныя традыцыі свайго краю, вядомых землякоў-продкаў і суайчыннікаў, якія шмат зрабілі дзеля Бацькаўшчыны, дабра і хараства на зямлі. А ведаць — значыць цаніць і шанаваць, ганарыцца і будзіць годнасць, пачуццё патрыятызму. Пачэсную справу па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення выконваюць бібліятэчныя ўстановы раёна.
У ДУК “Акцябрская раённая бібліятэка” адбыўся семінар бібліятэчных работнікаў “Бібліятэчнае краязнаўства: новыя тэндэнцыі і традыцйныя каштоўнасці”. Адкрыла семінар дырэктар установы Алена Мартыненка. Яна засяродзіла ўвагу на неабходнасці краязнаўчай работы, мэтах і задачах, якія стаяць перад бібліятэкарамі ў гэтым напрамку, правядзенні масавых мерапрыемстваў, якасным накапленні краязнаўчых рэсурсаў, іх рацыянальным выкарыстанні для задавальнення інфармацыйных патрэб насельніцтва.
Выкарыстанне разнастайных форм і метадаў работы, як традыцыйных, так і навацый, уменне спалучаць новае і традыцыйнае, ствараць непаўторную бібліятэчную прастору – вось тая формула, якая прыдае імідж кожнай бібліятэцы. Гэтае пытанне падрабязна раскрыта ў выступленні метадыста ДУК “Цэнтр культурна-дасугавай дзейнасці Акцябрскага раёна” Людмілы Вырвіч.
Аб краязнаўчых праграмах і праектах, пошукавай рабоце, па якіх не адзін год працуе раённая бібліятэка, расказала бібліёграф Ала Чуева. Асаблівую ўвагу звярнула на новы мультымедыйны праект “Рудабелка. Гісторыя ў асобах”, прысвечаны 510-годдзю першага ўпамінання аб Рудабелцы.
Пытанні літаратурнага краязнаўства як асновы выхавання патрыятызму, захаванні і папулярызацыі творчасці мясцовых аўтараў, стварэнні экспазіцыі “Літаратурная Акцябршчына” асвятліла бібліятэкар Рассветаўскай сельскай бібліятэкі Тамара Савельева.
Пра пошукавую дзейнасць паведаміла бібліятэкар Любанскай сельскай бібліятэкі Людміла Гардзей. Краязнаўчыя экспедыцыі арганізоўваюцца разам з членамі аматарскага аб’яднання “Летуценнік”. Сустрэчы з носьбітамі традыцыйнай культуры дапамагаюць зблізіцца са старэйшым пакаленнем, атрымаць ад іх жыццёвыя ўрокі, даведацца аб вытоках багатай народнай душы.
У аснове краязнаўчай дзейнасці Краснаслабодскай сельскай бібліятэкі –адраджэнне і папулярызацыя свят народнага праваслаўнага календара, сустрэчы з мясцовымі майстрамі, правядзенне майстар-класаў. Бібліятэкар Валянціна Вараб’ёва асвятліла пытанне “Бібліятэка і народныя традыцыі”.
“Ад экалогіі прыроды – да экалогіі душы” – тэма выступлення бібліятэкара Гацкай сельскай бібліятэкі Таццяны Гормаш. “Галоўная задача экалагічнага краязнаўства, — як адзначыла прамоўца,– фарміраванне чалавека, для якога дзейсная любоў да прыроды свайго краю, яе ахова, разумнае і беражлівае выкарыстанне рэсурсаў з’яўляліся б прыярытэтнымі каштоўнасцямі”.
У семінары прымала ўдзел навуковы супрацоўнік ДУК “Цэнтр гісторыі і культуры Акцябрскага раёна” Любоў Шэйка, якая адзначыла важнасць дадзенай тэмы, неабходнасць узаемасувязі бібліятэк раёна з музеямі, больш поўнага і якаснага падыходу да вывучэння краязнаўства не толькі ўстановамі культуры раёна, але і адукацыі.
Практычная частка семінара адбылася на базе Забалацкай сельскай бібліятэкі ў “Музеі сельскай жанчыны”. Экскурсію-прэзентацыю “У культуры продкаў – душа народа” правяла бібліятэкар Лідзія Аслюк, якая пазнаёміла прысутных з гісторыяй стварэння Музея, цікава расказала аб сабраных экспанатах. Юныя члены аматарскага аб’яднання “Кнігалюб” дапаўнялі расказ экскурсавода вершаванымі творамі беларускіх аўтараў: Я.Коласа, Л. Геніюш, У. Караткевіча. Эмацыянальны настрой стварылі госці мерапрыемства – мясцовыя спявачкі: Зінаіда Паўлаўна Прыдыбайла, Антаніна Яўхімаўна Фясько і паэт-аматар рудабельскага краю Барыс Фёдаравіч Фясько.
Людміла Вырвіч, метадыст ДУК “Цэнтр культурна-дасугавай дзейнасці Акцябрскага раёна”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *