Адставанне ўжо набліжаецца да тоны …

Общество

За мінулае дзесяцігоддзе на Акцябршчыне значна зменшылася прадукцыйнасць грамадскага дойнага пагалоўя.

Згодна з выніковымі данымі вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі за 2019 год, канчаткова падведзенымі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, наш Акцябрскі раён і на гэты раз не здолеў умацаваць свае пазіцыі па шэрагу паказчыкаў. Калі з іх за асноўны крытэрый ацэнкі работы традыцыйна бярэцца прадукцыйнасць дойнага статка (сярэдні надой ад каровы), то тут акцябрычане знаходзяцца на 101-м месцы сярод 118-ці раёнаў рэспублікі. Па сутнасці, трапіць “у сотку” ці блізка да яе было звыклай і, можна сказаць, пастаяннай з’явай для мясцовых жывёлаводаў практычна кожны год у першай “дэкадзе” новага тысячагоддзя. І толькі на завяршэнне названага перыяду адбыўся пэўны значны прагрэс у малочнай вытворчасці, які, на жаль, пратрымаўся нядоўга.

Як кажуць, усё пазнаецца ў параўнанні. На мяжы “нулявых-дзясятых” дзякуючы мадэрнізацыі малочнатаварных ферм, палепшаным племянной рабоце і корманарыхтоўчаму працэсу пайшлі ўгору і справы працаўнікоў жывёлагадоўчай галіны Акцябршчыны. Для паўнаты інфармацыі звернемся да лічбаў дзесяцігадовай даўніны. Так, па выніках 2009 года ў цэлым на фермах раёна ўпершыню быў перакрыты рубеж чатырохтысячнага надою малака ад каровы. Мы тады атрымалі нават больш – 4134 кілаграмы.  Істотнай была і прыбаўка – 499 кг да ўзроўню 2008 года. З улікам гэтага і іншых складаемых Акцябршчына выйшла тады на 85-е месца з папярэдняга 99-га.

На парадак лепшым быў вынік і наступнага 2010 года. Акцябрскія жывёлаводы, якія надаілі па 4417 кілаграмаў малака ад каровы, падняліся на 29 пазіцый у агульнарэспубліканскім рэйтынгу, стаўшымі 56-мі па краіне і 6-мі ў Гомельскай вобласці. Прычым, выглядалі дастойна і па некаторых іншых крытэрыях. Напрыклад, у валавым вылічэнні за 2010 год мы атрымалі 31473 тоны малака (109,6%) і абыйшлі нават тагачасных (ды і сучасных таксама) флагманаў малочнай вытворчасці, у тым ліку і Мазырскі раён. Жывёла за той год у нас прыбаўляла за суткі ў вазе ў сярэднім на 624 грамы (+34 г), а па вытворчасці прывагперакрывалі сярэднія рэспубліканскі і абласны паказчыкі, чаго і блізка не назіраецца цяпер.

Безумоўна, час не стаіць на месцы, змены закранулі не толькі сам жывёлагадоўчы працэс, але і клімат. Умовы надвор’я, на жаль, у апошні час не ідуць на карысць тым, хто працуе на зямлі, забяспечвае насельніцтва малаком і мясам.  Усе мы памятаем цэлую чаргу зацяжных вёснаў і летне-асенніх засух, якімі адзначыліся сярэдзіна і канец адыходзячага дзесяцігоддзя. Гэта таксама негатыўна адбілася на кармавой базе – аснове малочнай вытворчасці як Акцябршчыны, так і Гомельскага рэгіёна ў цэлым. Зніжэнне надояў малака і прываг жывёлы стала таму пацвярджэннем. І як вынік (зразумела, з улікам і іншых прычын – тэхналагічнага і арганізацыйнага характару, вострай кадравай праблемы і гэтак далей) – у малочнай галіне Акцябрскага раёна адбыўся  адчувальны адкат. Так, сярэдні надой малака ад каровы за мінулы 2019 год склаў 3135 кілаграмаў, што на 392 кг меней, чым даілі ў 2018-м. Лічбы ж дзесяцігадовай даўніны яўна не нашу карысць: у 2009 годзе даілі на тону (калі быць дакладным, на 999 кілаграмаў) болей, ужо не кажучы пра самы ўдалы 2010-ы, на што мы ўказвалі вышэй. Адпаведна, акцябрычане, якія зараз займаюць 101-ю пазіцыю па прадукцыйнасці кароў у краіне і апошняе месца сярод раёнаў вобласці, не могуць пахваліцца і іншымі вынікамі.  А яны наступныя: валавая вытворчасць малака – 26915 тон (90,2% да пазалеташняга ўзроўню), вытворчасць жывёлы і птушкі – 2498 тон (89,6%), сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы – 470 грамаў (праўда, з прыбаўкай на 4 грамы). І гэта пры тым, што  па рэспубліцы ў сярэднім за мінулы год надаілі па 5043 кілаграмаў малака ад каровы (+39 кг), яго валавая вытворчасць склала 101,1%, а валавых прываг – 100,7% пры сярэднясутачных 572 грамах і 2-ма грамамі прыбаўкі (адпаведныя лічбы па Гомельшчыне: 4476 кг (-339 кг); 93,8%; 99,7%; 503 грамы (-6 г)).

Усе гэтыя паказчыкі прыведзены не проста так. Трэба разумець, што за імі, не так, як калісьці ў даўнія часы, ужо не стаіць пагоня за рэйтынгам, рэкордамі, гігантаманіяй, проста папяровымі лічбамі. У адрозненне ад мінулых гадоў, калі асноўная стаўка ў нашых гаспадарках рабілася на вырошчванне зерневых, бульбы, гародніны, што зараз ужо не апраўдвае сябе, жывёлагадоўля на сёння з’яўляецца вядучай галіной, штодзённай крыніцай наяўных сродкаў, фінансавай забяспечанасці і стабільнасці. А страчаныя пазіцыі – гэта страчаныя грошы, і запэўніваць тут не трэба любога, хто займаецца сельскай гаспадаркай. Рэзерваў жа для росту жывёлагадоўчай прадукцыі дастаткова, важна імі своечасова і ўмела распарадзіцца, задзейнічаць іх на рабочых месцах.

Юрый Каспяровіч.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *