Улады паабяцалі ужо сёлета забяспечыць беларусаў якаснай пітной вадой на 95,6%

Общество

 

 

У Міністэрстве ЖКГ паведамілі, што адным з важных кірункаў у 2019 годзе стане павышэнне якасці паслуг і кантроль за іх выкананнем. У тым ліку і праз удасканальванне супрацоўніцтва адзінай службы 115 на месцах з тэрытарыяльнымі органамі ўлады і заказчыкамі камунальных паслуг, піша Звязда.

Электрабойлеры, індывідуальныя лічыльнікі і жаданні людзей

Зацверджаныя Пастановай Саўміна № 39 новыя ўмовы капітальнага рамонту дазволяць вырашыць праблемы эксплуатацыі старой забудовы, лічаць у Міністэрстве ЖКГ.

— Можна будзе пазбавіцца ад састарэлага газавага абсталявання з адкрытай камерай гарэння, якое выкарыстоўваецца для падагрэву вады. Яго заменяць электрычныя бойлеры, — расказаў Андрэй РАМАШКА, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ. — Адначасова гэта дазволіць адмовіцца ад дымавых каналаў і іх праверак, што ў сваю чаргу сэканоміць сродкі грамадзян, а таксама зменшыць рызыку атручвання чадным газам. Можна адысці ад пячнога ацяплення ў шматкватэрных дамах, дзе немагчыма падвесці цэнтралізаванае ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне.

Унесеныя Пастановай Саўміна № 39 змены таксама пашыраюць пералік работ, якія можна выконваць падчас капрамонту. Дапускаецца пераўтварэнне балкона ў лоджыю, калі звычайны рамонт канструкцыі немэтазгодны, або ўстаноўка сістэмы дыстанцыйнага з’ёму паказчыкаў з прыбораў індывідуальнага ўліку вады, газу і цяпла. Пры гэтым можна рамантаваць ці абсталёўваць сістэмы дымавыдалення і рэцыркуляцыі ўнутрыдамавой сістэмы гарачага водазабеспячэння.

Дзякуючы новаўвядзенням да капрамонту могуць далучацца таксама таварыствы ўласнікаў і забудоўшчыкі. Праўда, пры ўмове, што яны ўносілі сродкі на капрамонт на рахункі мясцовай улады або ўнясуць гэтую плату. Яе памер разлічваецца па формуле, якая ўтрымліваецца ў праекце, заўважае прадстаўнік міністэрства:

— Прадстаўленая формула ўлічвае перыяды часу для разліку платы па жылых і нежылых памяшканнях. А таксама канкрэтызуе спіс работ, якія выконваюцца пры капітальным рамонце за кошт бюджэту.

Дарэчы, цяпер яшчэ да праектавання задання на капрамонт заказчык павінен на агульным сходзе паведаміць жыхарам пра вынікі агляду іх дома і работы, якія маюць на ім адбыцца. Вынікі сходу фіксуюцца ў пратаколе, які і стане падставай для стварэння праекта капрамонту і дадатковых рамонтных работ.

— Жыхарам павінны паведаміць пра неабходнасць устаноўкі ў кватэрах прыбораў індывідуальнага ўліку расходу вады, газу, цепла- і электраэнергіі. Прапанаваць грамадзянам фінансаваць работы па ўзмацненні і ўцяпленні фасада, а таксама паведаміць пра іншыя мерапрыемствы, якія павысяць энергаэфектыўнасць дома, — заўважыў Андрэй Рамашка.

Якасць вады

Забяспечыць беларусаў якаснай пітной вадой на 95,6 % плануюць сёлета, выконваючы дзяржпраграму «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2016—2020 гады.

А да 2025 года дастаўку вады з належнымі ўласцівасцямі збіраюцца наладзіць па ўсёй краіне.

Для паляпшэння якасці вады ў найбліжэйшыя два гады ў кожнай вобласці трэба будаваць не менш як 40 станцый абезжалезвання за год. Сёлета краіна атрымае 258 такіх аб’ектаў. Фінансаваць мерапрыемствы плануецца пароўну з мясцовых і рэспубліканскага бюджэтаў.

Якасная пітная вада і эфектыўная ачыстка сцёкавых водаў — адна з прыярытэтных задач, кажуць у міністэрстве.

— Летась у 14 населеных пунктах вяліся работы па закальцоўцы і будаўніцтве сетак водазабеспячэння. Уведзена ў эксплуатацыю 41 станцыя абезжалезвання, — расказала Марына ТОЎСЦІК, начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства ЖКГ. — У выніку каля 60 тысяч чалавек у гарадах і гарадскіх пасёлках і 110 тысяч сяльчан забяспечаны якаснай пітной вадой.

Энергетычная незалежнасць

У міністэрстве адзначылі, што для работы кацельных, як і раней, прыярытэтным застаецца выкарыстанне мясцовых відаў паліва (МВП). Мясцовыя віды паліва, дарэчы, менш за ўсё выкарыстоўваюць у Брэсцкай і Мінскай абласцях, а больш за ўсё кацельных на МВП — у Віцебскай.

— Павелічэнне выкарыстання МВП — не толькі энергетычная незалежнасць ад імпартуемых энергарэсурсаў, але і адзін са шляхоў да зніжэння сабекошту цеплаэнергіі. Яе фактычны сабекошт на паліўных шчэпках — 90,2 руб./Гкал, на торфе — 79,7 руб./Гкал, на газе — 99,8 руб./Гкал, — паведаміў Андрэй Садоўскі. — Сумеснае з Мінэнерга будаўніцтва кацельных на торфе дазваляе ўводзіць у эксплуатацыю сучасныя энергаэфектыўныя цеплакрыніцы, захоўваць рабочыя месцы і загружаць вытворчыя магутнасці торфабрыкетных заводаў мінімум на 20 гадоў.

У 2016—2018 гадах у сістэме ЖКГ запрацавала пяць кацельных магутнасцю 22,5 МВт на торфе, а ў найбліжэйшы час падобныя аб’екты з’явяцца ў Стоўбцах, Браславе, Крупках, Слуцку, Мар’інай Горцы.

Падтрымка ўразлівых катэгорый

На падставе Указа прэзідэнта № 225 пашырыўся пералік тых, хто можа атрымліваць безнаяўныя жыллёвыя субсідыі для аплаты камунальных паслуг па выяўляльным прынцыпе (калі дзяржава сама налічвае субсідыі, і чалавеку не трэба даказваць недахоп у яго грошай). Акрамя пенсіянераў і інвалідаў цяпер на гэта маюць права тыя, хто даглядае дзіця да трох гадоў ці дзіця-інваліда да

18 гадоў і атрымліваюць адпаведныя дапамогі. Тое ж самае датычыцца грамадзян, якія атрымліваюць дапамогі па доглядзе за інвалідам І групы ці асобай пасля 80 гадоў.

Такім чынам у краіне амаль удвая павялічылася колькасць сем’яў, якім выдзелілі безнаяўныя жыллёвыя субсідыі на аплату камунальных паслуг. Яшчэ ў 2017-м іх было 14,95 тысячы, а ўжо ў 2018-м — 30,8 тысячы. Адпаведна вырасла і фінансаванне дзяржавай такіх грамадзян: з 744,3 тысячы рублёў у 2017-м да 1148,6 тысячы — летась.

— Безнаяўныя жыллёвыя субсідыі даюцца найбольш уразлівым катэгорыям грамадзян. Прычым па выяўляльным прынцыпе іх атрымліваюць 96 % сем’яў, — адзначыла Жанна Папучэева, начальнік аддзела ўпраўлення эканомікі Міністэрства ЖКГ. — Пры гэтым, нягледзячы на тое што агульная сума субсідый вырасла, яе памер у пераліку на асобную хатнюю гаспадарку зменшыўся.

Субсідыі выдзяляюцца тым, хто аддае за «камуналку» 20 % даходу сям’і ў горадзе і 15 % — на сяле.

— Толькі 4 % грамадзян звяртаюцца па субсідыі самі. І гэта сведчыць, з аднаго боку, пра папулярнасць і давер людзей да гэтай магчымасці. А з другога, пра тое, што клопатам ахоплены амаль усе, хто мае патрэбу, — заўважаюць у міністэрстве.

Заканадаўчае ўдасканальванне сістэмы ЖКГ, зніжэнне сабекошту камунальных паслуг, пошук шляхоў энергаэфектыўнасці, індэксацыя тарыфаў, як і раней, закрануць сёлета жыллёвую гаспадарку краіны.
https://nn.by/?c=ar&i=226039



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *