“Берагінскі” рух у біблiятэках

Культура

     Традыцыйна ў канцы  чэрвеня, раз у два гады, у г.п. Акцябрскі праходзіць Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”. У гэтым годзе ён юбілейны – дзясяты – пройдзе з 20 па 24 чэрвеня. У перыяд падрыхтоўкі да чарговага маштабнага мерапрыемства бібліятэкамі  раёна традыцыйна праводзіцца  работа па вывучэнню, захаванню  і трансляцыі культурнай спадчыны краю. 

      На базе Забалацкай сельскай бібліятэкі  больш за 15 гадоў дзейнічае Музей сельскай жанчыны, мэта якога – захаванне самабытнай культурнай спадчыны рэгіёна, перадача наступным пакаленням традыцый і звычаяў, сямейных каштоўнасцей, быту сельскай жанчыны, умацаванне аўтарытэту жанчыны-маці ў сям’і і грамадстве. Этнаграфічныя раздзелы адлюстроўваюць быт і культуру вяскоўцаў першай паловы ХХ стагоддзя.  Бібліятэкар Аслюк Лідзія Мікалаеўна, паказваючы экспанаты, расказвае аб працавітасці, майстэрстве сельскай жанчыны, уменні сумяшчаць паўсядзённасць з творчасцю. У працэсе экскурсій дзеці даведваюцца аб мясцовых традыцыях, захаванні сямейных народных  святаў, прымяненні прадметаў народнага побыту.  Многія мерапрыемствы краязнаўчага характару праходзяць у Музеі: свята бабулінага рушніка “Свет рушніковы – скарб адмысловы”, урок радзімазнаўства “Галерэя жаночых партрэтаў”, урок традыцыйнай культуры “У культуры продкаў – душа народа”,  экскурсіі “Экспанаты распавядаюць”, “Вёска, у якой ты жывеш”, “Падарожжа ў мінулае”, “Зямля бацькоў – жыцця аснова”. Стала традыцыяй першы школьны ўрок для дзетак пачатковай школы праводзіць у сценах Музея. Тут жа  праходзяць і  мерапрыемствы раённага маштабу – семінары, творчыя лабараторыі, экскурсіі.

      Дзейнасць бібліятэк ажыццяўляецца праз даследчую дзейнасць і сувязь з мясцовымі носьбітамі.  Рад этнаграфічных экспедыцый “Сцяжынкамі рудабельскіх традыцый” праведзены бібліятэкарам  Любанскай сельскай бібліятэкі Гардзей Людмілай  Сцяпанаўнай. Папоўніўся фонд запісаў  краязнаўчых матэрыялаў у знікаючай вёсцы Падветка з унікальнага свята “Іван-Галавасек”.  У выніку   экспедыцый у вёскі Любань, Дзербін, Мікуль-Гарадок сабраны каштоўны этнаграфічны матэрыял, які  лёг у аснову даследчай работы “Ткацтва Рудабельскага краю”. У Краснаслабодскай сельскай бібліятэцы бібліятэкар Вараб’ёва Валянціна Васільеўна,  разам з удзельнікамі аматарскага аб’яднання “Пошук”, наладжвае сустрэчы з  народным  майстрам па лазапляценню Удовіным Васілём Іванавічам (1944 года нараджэння). У Лаўстыцкай сельскай бібліятэцы Вайцяхоўская Раіса Канстанцінаўна арганізоўвае экскурсіі  ў хату-музей мясцовай захавальніцы бацькоўскай спадчыны Мухінай Марыі  Мікалаеўны (1948 г. н.).  Наладжана добрая сувязь з мясцовымі спявачкамі Самусёвай Настассяй Паўлаўнай (1932 г. н.) і Прыдыбайла Зінаідай Паўлаўнай (в. Забалацце, 1949 г. н.), Русай Нінай Дзянісаўнай (аг. Рассвет, 1950 г. н.), Зінкевіч Надзеяй Адамаўнай  (в. Лаўстыкі, 1955 г. н.),  Драпеза  Лідзіяй  Захараўнай (в. Дзербін, 1947 г. н.), апавядальніцамі Пугач Марыяй  Рыгораўнай (аг. Парэчча, 1937 г. н.), Балута Алай  Мікалаеўнай (1949 г. н.) і Лебедзь Еўдакіяй Аляксандраўнай  (аг. Ламавічы, 1955 г. н.), майстрыхамі-вышывальшчыцамі  Ахраменка Таццянай  Андрэеўнай  (аг. Любань, 1929 г. н.), Пянькоўскай  Нінай Фёдараўнай  (аг. Красная Слабада, 1940 г. н.) і іншымі.

 Бібліятэкары ў  выніку  сустрэч з мясцовымі носьбітамі садзейнічаюць выхаванню ў падрастаючага пакалення любові да малой Радзімы, павазе да людзей свайго краю. Сабраныя матэрыялы  вуснай народнай творчасці назапашваюцца  і афармляюцца ў краязнаўчых папках ( “Песенная спадчына краю”, “Носьбіты духоўнасці”, “Ад прадзедаў спакон вякоў…”, “Народныя святы і абрады”, “Моўныя самацветы” і іншыя), а таксама выкарыстоўваюцца ў практыцы. Аб сувязі з мясцовымі носьбітамі  бібліятэкары расказваюць  у нарысах на старонках раённай газеты “Чырвоны Кастрычнік”.

       Штогод праходзяць цыклы мерапрыемстваў па папулярызацыі народнай культуры. Ладзяцца віншавальныя акцыі  са святамі народнага календара,  на мясцовым матэрыяле арганізоўваюцца прастольныя святы, праходзяць   краязнаўчыя гадзіны, наладжваюцца  майстар-класы, выставы  дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і іншае.  Клубам аматараў казкі “Церамок” (дзіцячы аддзел раённай бібліятэкі, кіраўнік Лоўгач Валянціна Васільеўна) арганізаваны паказ лялечных пастановак казак “Коцік і пеўнік”, “Каза-дзераза”, тэкст якіх  запісаны ад мясцовых носьбітаў.

Цікавы вопыт работы  па адраджэнню народнай культуры ў Лаўстыцкай сельскай бібліятэцы. Бібліятэкар Вайцяхоўская Раіса Канстанцінаўна праводзіць серыю  ўрокаў-даследаванняў “Сімволіка беларускага арнаменту”. Тэарэтычны матэрыял з іх лёг у аснову тэматычнай  папкі «Азбука беларускага арнаменту», а  работы юных майстрыц  – лялькі-абярэгі – прадстаўляюцца  не толькі на бібліятэчнай выстаўцы “Цуды сваімі рукамі”, але і на выстаўках раённага маштабу.

   На працягу года  бібліятэчныя і клубныя работнікі наладжваюць сустрэчы з мясцовымі носьбітамі – музыкамі, майстрамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, выканаўцамі народна-побытавых песень, апавядальнікамі, матэрыялы якіх ляглі ў аснову  новых тэматычных зборнікаў, прысвечаных фестывальнаму руху. У апошні час праводзіцца актыўная работа па падрыхтоўцы  да конкурсных імпрэз Х фестывалю “Берагіня”. 

    Людміла Вырвіч, метадыст ДУК “Цэнтр культурна-дасугавай дзейнасці Акцябрскага раёна



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *