Праз бярозы ды сосны (Жукавічы, Ламавіцкі сельскі Савет)

Год малой родины

 

Гістарычная даведка: упершыню ў пісьмовых крыніцах Жукавічы, як сяло ў Мінскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага, узгадваецца ў самым пачатку XVI стагоддзя. Гэта значыць, што даны населены пункт – адзін са старэйшых на тэрыторыі Акцябрскага раёна і ўтварыўся, магчыма, нават раней за Рудабелку, Парэчча, Шкаву і іншых. Як бы ні было, аднак гістарычныя дакументы сведчаць, што яшчэ ў 1505 годзе (тая ж Рудабелка па архіўных даных упамінаецца двума гадамі пазней) кароль Сігізмунд І падараваў сяло Жукавічы двараніну Шчаснаму. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Жукавічы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Гаспадарамі вёскі ў той час былі спачатку памешчык Ліпскі, а затым генерал-лейтэнант Осіп Міхайлавіч Юдзіцкі. З пачатку ХІХ стагоддзя Жукавічы знаходзіліся ў складзе маёнтка Граб’ё Нястанавіцкай сельскай грамады, а з 1908 года – у Рудабельскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерніі. Падчас белапольскай акупацыі ў наваколлі дзейнічаў партызанскі атрад легендарнага К. П. Арлоўскага, прыняўшы непасрэдны ўдзел у вызваленні вёскі 15 лістапада 1920 года. У 1929 годзе ў Жукавічах быў арганізаваны калгас, перадваеннае насельніцтва складала 150 жыхароў (42 двары) – найбольшая колькасць за ўсю гісторыю гэтага населенага пункта. У красавіку 1942 года нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі 15 двароў і загубілі 15 мірных жыхароў. Насельніцтва, дасягнуўшае амаль даваеннай лічбы – 141 чалавек у 1959 годзе, пазней пастаянна зніжалася прыкметнымі тэмпамі: 1996 год – 34 жыхары і 18 двароў; 2004 год – 24 жыхары і 14 двароў; жнівень 2019 года – 10 зарэгістраваных жыхароў, з якіх 7 знаходзяцца тут пастаянна.

Дзе гэта і як сюды дабрацца?

На жаль, з цягам часу назва “Жукавічы” у размовах акцябрычан упамінаецца ўсё радзей. Прадстаўнікі малодшага пакалення, наогул, наўрад ці змогуць правільна ўказаць, дзе знаходзіцца гэты населены пункт, альбо ці ён насамрэч існуе. Так ужо склалася гістарычна, што названая вёска нібы сама па сабе ў пэўнай ступені схавалася ад цывілізацыі – размешчана ў невялікай прагаліне сярод вялікага лесу, а вядуць сюды праз бярозы, сосны ды яшчэ вольхі з арэшнікам дзве вузкія “гравейкі” – адна ад фермы ў Ламавічах, другая – з такой жа дарогі на Подгаць, прычым, без усялякіх указальнікаў. Вось і паспрабуй знайсці, хто не ведае. Хаця для старэйшых акцябрычан гэта не праблема. Жыхары райцэнтра ўжо здаўна запаланілі тутэйшыя лясы ў летне-асенні сезон: тады выказванні “паедзем па грыбы ці па ягады пад Жукавічы” (альбо пад ужо блізкую адтуль Подгаць)  амаль заўсёды на слыху і не без падставы – лясных дароў тут, сапраўды, шмат ці не кожны год і на ўсіх хапае. І сёлетняе лета, дарэчы, таму падцвярджэнне.

Сёння, напэўна, ніхто са старажылаў ці ўраджэнцаў гэтай лясной вёсачкі ўжо і не растлумачыць, адкуль пайшла яе такая назва – Жукавічы, хаця іх бацькі і дзяды, хутчэй за ўсё, гэта ведалі. Мы ж, каб даць адказ, звярнуліся зноў жа да навуковых крыніц. Выяснілася, што на тэрыторыі Беларусі паселішчы з асновай “Жук-“ сустракаюцца даволі часта і ў розных кутках краіны, напрыклад, Жукі, Жукава, Жукаўка, Жукевічы, Жукавічы, Жукаўшчына. Падставай для гэтых назваў стала мянушка Жук – “чалавек з вельмі цёмнымі валасамі”, адсюль жа пайшлі і падобныя прозвішчы. Праўда, на нашы Жукавічы яны не распаўсюдзіліся – тут спакон жылі Сухія, Каваленкі, радзей – Гарбары і Касцюшкі, астатнія былі, у прынцыпе, адзінкавыя. Ну, а ці ўсе цёмнавалосыя, дык гэта зараз далёка не так: калі ж тое было…

“Шкада вёску? Дык яна ж аджыла сваё, неперспектыўная”…

Гэты выраз гераіні папулярнай і любімай многімі нават праз шмат гадоў камедыі “Белыя Росы” стаў крылатым і трывала ўвайшоў, як кажуць, у народ. Датычыць ён, на жаль, і Жукавіч, прычым, такі штамп замацаваўся за вёскай далёка не ў нашы дні. “Першая ластаўка” прамільгнула яшчэ на мяжы 60-70-х гадоў мінулага стагоддзя, здавалася, у не такі ўжо і дрэнны для сельскага жыцця час. Вось як распавёў аб тым далёкім часе старэйшы и карэнны жыхар Жукавіч, 87-гадовы Анатоль Еўдакімавіч Сухі:

—Хоць наша вёска ў пасляваенны час і не была такой вялікай і шматлюднай, як бліжэйшыя Ламавічы ці Граб’ё, жыццё тут па-сапраўднаму віравала, асабліва ў 60-х гадах, калі старшынёй  калгаса імя Кірава, куды і мы ўваходзілі, з’яўляўся былы партызан, граматны, талковы кіраўнік і паважаны  чалавек Аляксандр Якаўлевіч Шчэцька. Я ж у той час узначальваў паляводчую брыгаду ў Жукавічах – да 60 чалавек у яе ўваходзіла. Работы хапала: саджалі, даглядалі і капалі бульбу, апрацоўвалі ўчасткі лёну – вельмі працаёмкі працэс, асабліва, калі церабілі і сушылі валакно, у вёсцы для гэтай культуры адвялі спецыяльны будынак. Шчыравалі ўсёй брыгадай і нават сялом на сенажаці – у нас вакол лясы, касіць траву практычна не было дзе, вось і ездзілі ажно пад Колкі суседняга Петрыкаўскага раёна на асушаныя тарфянікі, па некалькі сутак не вылазілі адтуль. Ну і на жукавіцкую брыгаду, безумоўна, былі размеркаваны і немалыя ўчасткі зерневых. Яшчэ ў пачатку майго брыгадзірства жыта жанчыны жалі сярпамі, а каб атрымаць само зерне, выкарыстоўвалі нямецкую малатарню на механічным прывадзе і пры дапамозе коней. Выразна памятаю і зараз, якая выдатная выходзіла пры абмалоце салома – роўная, не пашкоджаная, як зараз на камбайне, хоць на выставу. Адпаведны атрымліваўся і подсціл для жывёлы, абмалочанае калоссе дабаўлялася і ў корм. Вось такая была па большасці ручная праца на жніве. Гэта ўжо дзесьці напрыканцы 60-х Якаўлевіч прыдбаў першы камбайн для калгаса – быццам бы тэхнічная рэвалюцыя адбылася. Я ж на ім і пачынаў памочнікам камбайнера і потым працаваў не адзін год.

Таксама у нашым распараджэнні была і жукавіцкая жывёлагадоўчая ферма, — працягнуў расказ Анатоль Еўдакімавіч. – Кароў, праўда, на ёй не трымалі, стаялі бычкі і цёлачкі – маладняк, да 500 галоў, бывала, іх колькасць даходзіла, а таксама коні. Ферма сама была на ўездзе ў вёску з боку Ламавіч, там зараз пустэча, усё зарастае. Наогул, калгасную жывёлу з Жукавіч пачалі пераводзіць на новы комплекс у Ламавічы, здаецца, у 1976 годзе, так паступова нашу ферму і закрылі. Адпаведна і людзі сталі пакідаць брыгаду: хто падаўся ў цэнтр гаспадаркі, дзе да таго ж давалі новае  добраўпарадкаванае жыллё, хто пераехаў у райцэнтр, не кажучы ўжо пра моладзь, якая асела ў вялікіх гарадах. Вось тады мы і сталі неперспектыўным сялом. Да чаго гэта прывяло, вы і самі бачыце сёння.

Не згадзіцца з нашым суразмоўцам нельга. Сапраўды, у жыцці невялікіх населеных пунктаў здараецца такі момант, калі раптоўна спыняецца якая-ніякая вытворчасць і адразу ірвецца своеасаблівы ланцужок, адкрываючы шлях да вымірання і самой вёскі. Гэта яскрава бачна па прыкладу Жукавіч і ёй падобных. Няма фермы – знікае і брыгада, ад’язджаюць людзі – зачыняецца клуб (ён стаяў як раз насупраць хаты Анатоля Сухога, там раней было шматлюдна, ладзіліся святы, канцэрты), потым такі лёс напаткоўвае і магазін, і атрымліваецца тое, што маем зараз.

Лёс такі і час такі, але не скараюцца землякі

Любой, не важна ці цэнтральнай, ці аддаленай вёсцы, заўсёды ёсць чым ганарыцца, і ў першую чаргу сваімі ўраджэнцамі, людзьмі, чыя карані тут, у глыбінцы, праявіўшымі сябе ў пэўнай справе, няхай і не на малой радзіме. Так,  многія жукавічане мужна і гераічна змагаліся з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны на франтах і ў партызанскіх атрадах, 10 землякоў жывымі дадому адтуль не вярнуліся. Давялося некаторым іх нашчадкам адчуць на сабе подых вайны праз дзесяцігоддзі толькі ўжо на зямлі Афганістана – двое ўраджэнцаў Жукавіч Сяргей Гарбар і Мікалай Кудзелька чэсна і годна выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак за тысячы кіламетраў ад малой радзімы. Былыя вяскоўцы, якія раз’ехаліся па гарадах, сталі добрымі спецыялістамі ў розных галінах народнай гаспадаркі, займаюць нават высокія кіруючыя пасады, як, напрыклад, Аляксандр Аляксандравіч Каваленка, які з’яўляецца намеснікам генеральнага дырэктара РУПЭ “Гомельэнерга”.

Наогул, сённяшнім зусім нешматлікім жыхарам, сапраўды, лясной вёсачкі Жукавічы заўсёды ёсць сказаць шмат добрага ў адрас тых, хто зараз бывае ў родным доме толькі госцем. Аднак пры гэтым і за сябе не сорамна. Узяць для прыкладу нашага суразмоўцу. Анатоль Еўдакімавіч Сухі, як мы ўжо ведаем, працаваў брыгадзірам, прычым, добрасумленна на працягу 12 гадоў, потым да выхаду на пенсію шчыраваў механізатарам у родным калгасе імя Кірава. На вёсцы яго ведаюць і як добрага будаўніка – і праз гады не страціў набытыя падчас службы ў арміі навыкі, калі ўзводзіў ваенныя аэрадромы ў Запаляр’і і Крыму. А з малых гадоў навучыўся  супрацьстаяць усім цяжкасцям і нястачам: падлеткам перажыў варожую акупацыю, прайшоў разам са многімі аднавяскоўцамі праз жахі Азарыцкага лагера смерці ў сакавіку 1944-га. Нядаўна, у маі,  перажыў вялікае гора – пайшла з жыцця любімая жонка Вера Максімаўна, з якой разам выхавалі чацвярых дзяцей, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў. Жыццё ёсць жыццё, і старэйшы жукавічанін, разумеючы гэта, стараецца не скарацца цяжкасцям. Дома ў ветэрана працы парадак, паспеў багаты ўраджай гародніны, на чарзе бульба, а з хатнімі справамі дапамагае ўпраўляцца дачка Святлана (яна завуч школы ў Жлобіне, летам, безумоўна, у родным доме) і прыёмны сын Анатоль, былы будаўнік, ужо сам пенсіянер, гамяльчанін ажно з 1970 года. Калі ўзяць яшчэ зусім нешматлікіх суседзяў, з якім бачыцца штодзень і не толькі падчас прыезду аўтамагазіна па аўторках і пятніцах насупраць яго дома, то дзядуля адзінокім сябе не адчувае. У райцентр ездзіць няма патрэбы (ды і рэйсавы аўтобус у Жукавічы цяпер не ходзіць – няма жадаючых быць у якасці пасажыраў), усё, што трэба, даставіць аўталаўка, фельчар з ламавіцкага ФАПа дабіраецца па першаму выкліку. Адзінае, аб чым папрасіў Анатоль Еўдакімавіч, каб параўнялі дарогу, вядучую на сельскія могілкі (там з-за ям на легкавой машыне праехаць праблематычна) і захоўваўся графік візіта ўчастковага ўрача з райбальніцы да пажылога чалавека на дом. А ў астатнім – усё нармальна, хай і ў неперспектыўнай вёсцы!

Юрый Каспяровіч.

Фота аўтара.              



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *