Наша “раёнка” – дзевяцітысячніца!

Важное Общество

Заўтрашні нумар газеты “Чырвоны Кастрычнік”, які вы атрымаеце , юбілейны па колькасці сваіх выхадаў у свет, што здараеццапрыкладна раз за дзесяцігоддзе, а то і болей (так, васьмітысячны нумар “ЧК” значыўсяад 23 жніўня 2006 года).

Бягучае лета выдалася адметным на знакавыя падзеі для Акцябршчыны. На мінулым тыдні з розніцай у адзін дзень, 27 і 28 чэрвеня, мы ўрачыста адзначылі адразу два юбілеі – 75-ю гадавіну вызвалення нашага краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 80-годдзе ўтварэння Акцябрскага раёна. А як раз пасля агульнага для ўсёй краіны таксама юбілейнага свята – 75-й гадавіны вызвалення Беларусі і Дня Рэспублікі, а дакладней сёння, 6 ліпеня, раённая газета “Чырвоны Кастрычнік” выйшла ў свет у дзевяцітысячны раз. Калі яшчэ дадаць, што такая падзея для “раёнкі” таксама адбылася ў яе юбілейны год (у снежні 2019 года “Чырвонаму Кастрычніку” споўніцца 80), то ўсё атрымліваецца неяк вельмі сімвалічна. А гэта – добры знак, лішні раз указваючы на тое, што раённая газета жыве, карыстаецца устойлівым попытам і надалей будзе мець сваіх верных сяброў і шчырых прыхільнікаў.

За свой амаль 80-гадовы шлях наша “раёнка” перажыла многае. Нарадзіўшыся ў снежні 1939-га, яна дзякуючы землякам-патрыётам змагла выстаяць у перыяд варожай акупацыі, калі выдавалася ў падполлі пад іншай назвай “Народны мсцівец”. Гэта значыць, што газета-партызанка таксама была самым актыўным змагаром супраць іншаземных захопнікаў, са сваіх старонак горача заклікала біць ненавіснага ворага, натхняла жыхароў шматпакутнай Акцябршчыны на гераічныя справы. Мясцовае друкаванае выданне паспяхова перажыло не самыя лепшыя часы і ў сваёй далейшай гісторыі – адрадзілася і дасягнула новых рубяжоў пасля скарачэння раёна ў 1962-1966 гадах, змагло застацца на плыву ў складаныя 90-я пасля развалу Савецкага Саюза. Напэўна, пастаянныя чытачы і падпісчыкі “раёнкі” памятаюць той перыяд 25-гадовай даўніны, калі “Чырвоны Кастрычнік” стаў выходзіць раз у тыдзень замест ранейшых трох, пэўны час выдаваўся нават у выглядзе лістоўкі ў дзве старонкі альбо ў незвычайным фармаце накшталт пісьма-канверта ў 8 лістоў, як гэта было ў 1998 годзе. Пазней, ужо на пачатку лютага 2013 года замест двухразовага выпуску па серадах і суботах падпісчыкі сталі атрымоўваць штотыднёвік “раёнкі” аб’ёмам 16 старонак, трэцяя частка якіх – у колеры. Менавіта такім, да якога мы ўсе ўжо прывыклі, раённае выданне выходзіць у свет і да сённяшняга дня. Таму зразумела, што дзевяцітысячны нумар сам па сабе некалькі ўмоўны: калі б захавалася ранейшая, як у савецкія часы, перыядычнасць і той фармат, гэта лічба была б значна большай.

Аднак факт застаецца фактам: калектыўны летапісец Акцябршчыны – газета “Чырвоны Кастрычнік” ужо мае ў сваім багажы 9 тысяч нумароў! І на ўсіх іх старонках за гэты доўгі час нібы ў люстэрку адлюстроўвалася мясцовае жыццё ў самых розных яго праявах, калі ў цэнтры ўвагі, безумоўна, заўсёды заставаліся чалавек працы, творчая асоба, нашы землякі, якія  добрымі справамі адраджалі, мацавалі і развівалі сваю малую радзіму, ідучы ўпэўненым крокам у будучыню. Аднак гэта складана рабіць без здабыткаў мінулага, таму “раёнка” і раней, і цяпер вялікую ўвагу надае гісторыі роднага краю, нашым ураджэнцам і жыхарам, якія праслаўлялі сваю Акцябршчыну і зрабілі яе вядомай далёка па-за яе межамі.

У дзень такога своеасаблівага юбілею варта нагадаць, што за гады існавання Акцябрскай раённай газеты змястоўнай і цікавай для чытача, а значыць, і сапраўды масавай, яе рабіў рэдакцыйны калектыў, складаемы з высокіх прафесіяналаў, які ў розныя часы ўзначальвалі Юрый Беніцыянавіч Шляфер (у даваенныя гады), Філімон Міхайлавіч Камоцкі (перыяд Вялікай Айчыннай вайны), Вольга Герасімаўна Яраш, Сямён Цімафеевіч Малаковіч, Аляксандр Міхайлавіч Ермаліцкі, Емяльян Іванавіч Карклін, Іван Віктаравіч Анкудовіч (з моманту вызвалення ў 1944 годзе і да скасавання раёна ў 1962-м), Вадзім Трыфанавіч Цішкевіч (1966-1970 гг.), Віктар Аляксандравіч Лоўгач (наш паважаны ветэран працы ўзначальваў “раёнку” значна даўжэй за іншых – 29 гадоў), Георгій Кірылавіч Кундас, Ала Сямёнаўна Фядосенка, Валянціна Уладзіміраўна Шлапакова, а са снежня 2012-га па сённяшні дзень у руля раённага выдання знаходзіцца Алена Якаўлеўна Старыновіч.

Было б несправядлівым казаць, што ўсе 9 тысяч нумароў газеты рабілі толькі ўласныя творчыя работнікі. Змест і цікавасць ёй заўсёды надавалі пазаштатныя аўтары, добрыя і верныя сябры “раёнкі” як мясцовыя, так і майстры пяра рэспубліканскага ўзроўню.

Спадзяемся, што з разменам ужо на дзясятую тысячу сваіх выхадаў у свет газета “Чырвоны Кастрычнік” і надалей з актыўнай падтрымкай сваіх чытачоў, пазаштатнага актыву застанецца любімым, так сказаць, настольным перыядычным выданнем жыхароў раёна, набудзе новых прыхільнікаў, стане больш цікавай і рознапланавай, апраўдваючы і працягваючы гістарычныя, працоўныя і культурныя традыцыі легендарнай Акцябршчыны. Усіх з нашым сумесным святам!

Калектыў ДУ “Рэдакцыя газеты “Чырвоны Кастрычнік”.      



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.