Культурная вандроўка «Рудабельскай пацехі»

Культура Эхо события

Народны вакальна-харэаграфічны ансамбль“Рудабельская пацеха” нядаўна наведаў з творчым візітам суседнюю з Беларуссю краіну – Літоўскую рэспубліку, дзе прымаў самы актыўны ўдзел у мерапрыемствах Міжнароднага фестывалю фальклору.

Для гэтага добра вядомага нават за межамі Акцябршчыны самадзейнага калектыву, які за сваю гісторыю не аднойчы дэманстраваў самабытнае выканаўчае майстэрства на пляцоўках розных краін, у тым ліку Германіі і Францыі, паездка ў Літву адбылася ўпершыню – такі высокі давер нашым землякам аказаў Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. Такім чынам,артысты з Акцябрскага 4 дні – з 21 па 24 чэрвеня – правялі на жывапісным узбярэжжы Балтыйскага мора ў курортнай жамчужыне вышэй названай краіны, а дакладней, у славутым гарадку Нерынга, што паблізу стратэгічнага парта Клайпеда.

На гэты святочны форум з’ехаліся дзясяткі і наватсотні шчырых прыхільнікаў нацыянальных традыцый сваіх рэгіёнаў з той жа Літвы,Латвіі, Польшчы, Германіі. Беларусь прадстаўляла наша “Рудабельская пацеха”. Зачас правядзення фестывалю акцябрычане публічна выступілі двойчы: адзін раз з міні-канцэртам на галоўнай плошчы Нерынгі, потым – у кафэ-гатэлі гэтага горада з песенна-танцавальнай праграмай пад “жывое” суправаджэнне баяна і шумавых інструментаў. Кожны наш выхад з захапленнем і шчырымі апладысментамі сустракалі шматлікія гледачы. Акрамя таго, артысты з “Рудабельскай пацехі” і іншыя прадстаўнікі акцябрскай дэлегацыі (усяго 12 чалавек) прымалі непасрэдны ўдзел у купальскім свяце, дзеля якога па сутнасці і праводзіўся сам фестываль у Нерынзе, – прайшлі ў складзе шэсця з факеламі, плялі вянкі (цэнтральным персанажам гэтага абраду з’яўлялася ўдзельніца ансамбля “Рудабельская пацеха”,супрацоўніца раённага цэнтра вольнага часу Ганна Верас, якая выступала ў ролі Купалінкі і прэзентавала песню “Купала”).

Бліжэй да завяршэння фестывалю на літоўскай зямлі артысты з “Рудабельскай пацехі” паказвалі майстар-клас у выкананні беларускіх побытавых танцаў “Падыспань”, “Лявоніха”, “Лысы”, “Карапет”, што было высока адзначана экспертамі і, безумоўна, гледачамі. Вялікую цікавасць праявілі ўдзельнікі форуму да прэзентацыі рудабельскага мёду на стылізаваным падворку –пачаставаць салодкі прадукт прапаноўвалі ўсім жадаючым у жартаўлівай вершаванай форме гаспадыні – Алена Філіпшанава і Людміла Міхедава.

Народны калектыў з Акцябрскага, падрыхтаваны да ўдзелу ў вышэй названым турнэ культработнікам Ганнай Гароднай, за свой актыўны ўклад у папулярызацыю народнай культуры роднага краю, за самабытнасць прадстаўленых канцэртных і конкурсных праграм быў удастоены памятнага падарунку і святочных буклетаў.  Аднак, галоўнае, безумоўна, не гэта. Акцябрскія майстры мастацкай самадзейнасці атрымалі шмат незабыўных уражанняў ад знаходжання ў гасцях у краіне-суседцы. Уявіце сабе: чысцейшае, незвычайнай прыгажосці Балтыйскае мора, шчырая гасціннасць і добразычлівасць гаспадароў, новыя сябры і знаёмыя, кожны са сваім  непаўторным нацыянальным каларытам… Адным словам, як сцвярджаюць усе госці нерынгаўскага фестывалю з ліку акцябрычан, гэта была сапраўдная казка.

У сваю чаргу ўдзельнікі ансамбля “Рудабельская пацеха” выказваюць словы самай шчырай падзякі і ўдзячнасці арганізатарам і каардынатарам паездкі на замежны фэст, у тым ліку і былому начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлане Анатольеўне Беразоўскай,тым, хто рыхтаваў калектыў да выступленняў на купальскім свяце на ўзбярэжжы Балтыкі ў Літве.

Юрый Каспяровіч.

Фота прадастаўлена Акцябрскім раённым цэнтрам вольнага часу.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.