Ай да Ілля

Знай наших!

Не так даўно адбыўся раённы этап конкурса юных чытальнікаў“Захаваем свет разам”.  Па яго выніках члены журы выбралі трох лепшых чытальнікаў, якія прайшлі ў наступны завочны этап. Камісія, у саставе якой працавалі пісьменнікі, журналісты, артысты тэатра і кіно, да 4 вочнага тура дапусціла 23 фіналістаў, сярод іх і Іллю Ёўжанка, вучня 11 класа сярэдняй школы №2 г.п. Акцябрскі. Прадстаўнік Акцябрскага раёна чытаў твор “Падкузьміў” нашага земляка, былога рэдактара раённай газеты “Чырвоны Кастрычнік” Віктара Лоўгача. І ў выніку стаў пераможцам абласнога конкурсу, заняўшы другое месца.

Яшчэ на раённым этапе было бачна, што ў Іллі выдатныя чытальніцкія задаткі і акцёрскія здольнасці. Як расказаў сам юнак, фіналісты конкурсу былі моцнымі. Перад камісіяй на чале з вядомым гомельскім паэтам і грамадскім, культурным дзеячам  Гомельшчыны Міхасём Болсунам была няпростая задача: з лепшых чытальнікаў  выбраць найлепшых.

У Іллі засталіся самыя добрыя ўражанні ад удзелу ў конкурсе. У зале панавала добразычлівая атмасфера, чытальнікі са сваімі настаўнікамі прыстутнічалі і бачылі выступленні ўсіх фіналістаў. Ілля кажа, што ён згодзен з рашэннем камісіі. Пераможцам конкурсу стала дзяўчына, якая пранікнёна прачытала ўрывак пра вайну. У Іллі ж быў юмарыстычны твор, але ён спадабаўся камісіі. А старшыня Гомельскага абласнога адзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч падзякаваў хлопцу за выбар твора. У сваю чаргу Ілля выказвае словы падзякі сваім настаўнікам – Ларысе Прахоцкай і Наталіі Ягоравай. Менаваіта з іх дапамогай у хлопца атрымалася здзівіць і захапіць камісію і ў раёне, і ў вобласці.

Усе лаўрэаты атрымалі ў падарунак альманахі абласнога аддзялення СПБ “Літаратурная Гомельшчына”, аўтарскія кнігі пісьменнікаў абласной арганізацыі. Граматы і наборы буклетаў пра кожнага члена Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі атрымалі ў падарунак ад пісьменніцкай сям’і Гомельшчыны і ўсе педагогі, якія падрыхтавалі лаўрэатаў абласнога конкурсу чытальнікаў.  

Але галоўны прыз, як кажа Ілля – гэта запрашэнне да ўдзелу ў XIV Міжнародным фестывалі-свяце “Славянскія літаратурныя дажынкі-2019” і ІІІ Форуме маладых літаратараў і аматараў мастацкай творчасці“Слова”.

Ірына ЛЯШКОВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.