Каб вясна дружна прышла, і зямля ўрадзіла

Культура Эхо события

 

Апоўдні ў нядзелю, 10 сакавіка, на Цэнтральнай плошчы гарпасёлка для жыхароў і гасцей райцэнтра разгарнулася традыцыйнае свята праводзін зімы – Масленіца.

З пляцоўкі ля цэнтра вольнага часу ўсіх прысутных шчыра віталі галоўныя гераіні і яны ж вядучыя тэатралізаванага прадстаулення –багіня вясны Лёля і багіня роду Лада адпаведна ў выкананні супрацоўніц устаноў культуры г. п. Акцябрскі  Алены Ганжуравай і Надзеі Заброцкай. Яны шчыра павіншавалі гасцей са светлым вясновым святам Масленіцы, пажадалі ім дружнай вясны, добрых засевак, такога ж ураджаю ў далейшым і, наогул, паспяховага здзяйснення ўсяго задуманага.

Сцэнічная пляцоўка, трэба сказаць, не пуставала ні на хвілінку: пачаргова змянялі адзін аднаго прызнаныя майстры аматарскай творчасці Акцябршчыны, такія, як народныя калектывы – ансамбль танца “Весніца”, хор ветэранаў “Спадчына”, а таксама ўзорны фальклорны ансамбль “Рудабельскія зорачкі”, жаночыя вакальныя групы “Вербніца” Парэцкага цэнтра вольнага часу і “Вяснянка” з Ламавіцкага СДНТ, індывідуальныя выканаўцы. У перапынках паміж выхадам самадзейных артыстаў рознаўзроставай аўдыторыі прапаноўвалася паўдзельнічаць у захапляльных конкурсах, дзе пераможцаў, безумоўна, чакалі прызы, — адгадаць загадкі, дапоўніць вядомыя прыказкі і прымаўкі, дакладна прадэкламаваць хуткамоўкі і іншае. Прычым, конкурсы разлічваліся не толькі на эрудыцыю і кемлівасць, але іна спрыт і фізічную падрыхтоўку. Напрыклад, найбольшую цікавасць ва ўдзельнікаў свята выклікала відовішчнае спаборніцтва, якое, дарэчы, здаўна з’яўляецца неад’емным атрыбутам Масленіцы, па вызначэнню пераможцы ў лазанні на слуп.Лепшыя ў яго выніках атрымалі ў якасці ўзнагароды па мяху зерня.

А якая ж Масленіца без бліноў! Іх, гарачых,румяных і вельмі апетытных з разнастайнай запраўкай, мог прадэгуставаць кожны жадаючы альбо за сімвалічную плату, альбо зноў жа за актыўны ўдзел у конкурсахці турнірах. Так, лідары раённага камітэта ГА “БРСМ” прапаноўвалі такі пачастунак тым, хто згуляе ў дартс і, адпаведна, паспяхова трапіць у мішэнь. Наогул,набыць бліны ці кандытарскія вырабы, памятныя сувеніры можна было на выставе-кірмашу, арганізаванай установамі культуры раёна.

І нават капрызнае сакавіцкае надвор’е, якое змяніласяў горшы бок у самы разгар свята (пайшоў дождж і ўзмацніўся халодны вецер) не змагло сапсаваць настрой удзельнікам святочнага мерапрыемства, апафеозам якога стала спальванне імправізаванага пудзіла Зімы на “палянцы” гарадскога сквера.Такім даўнім арыгінальным звычаем нашы продкі заклікалі вясну, надыход доўгачаканага цяпла з надзеяй, зразумела, толькі на лепшае.

Юрый Каспяровіч.

Фота аўтара.   



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.