Шчасце – спяваць

Общественность

Жанчыны ў бялюткіх вышываных кашулях і фартушках спяваюць народныя песні. Спяваюць так, як гэта рабілі яшчэ іх матулі. За кожнай песняй – лёс, жыццё.

Аўтэнтычны гурт “Шчадрухі” з вёскі Забалацце быў створаны  ў 1974 годзе.  Удзельніцы гэтага калектыву спявалі абрадавыя, пазаабрадавыя, жартоўныя і сумныя песні, танчылі полькі – “мазурку”, “весялуху”, “Цар за горадам гуляе”, “Суботу”, захоўвалі традыцыі народных мясцовых абрадаў “Шчодрыкі”, “Вялікдзень”, “Пакровы”. У 2004 годзе гуртоўцы прынялі ўдзел у здымках тэлефільма “Шчодрыкі ў Забалацці”.  

У 2017 годзе калектыў аднавіў сваю дзейнасць. Зараз ў ім 10 жанчын. Мастацкі кіраўнік – Галіна Іванаўна Тукач. З ранейшага складу засталася Зінаіда Паўлаўна Прыдыбайла, галоўная захавальніца традыцый калектыву. Аўтэнтычны гурт  “Шчадрухі” прыняў удзел у Х Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”. У яго выкананні зноў загучалі песні з  былога рэпертуару : “Прапалола дзеўка васілёчкі”, “Ой, ты, сонца яснае”, “Пасею гурочкі”, “І туды гара, і сюды гара”  і іншыя.

У складзе гурта не так даўно з’явілася новая салістка Ганна Іваненка, якая валодае моцным, прыгожым голасам. Ганна  Арцёмаўна – дбайная гаспадыня, вельмі любіць спяваць старадаўнія песні, песні савецкага часу, даспадобы ёй і жартоўныя байкі.  Ганна Іваненка з песняй “Азярэчка” будзе прадстаўляць Акцябрскі раён на канцэрце-прэзентацыі Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” ў г. Мінску. Яна пераканана: каб быць шчаслівым – трэба спяваць!

Напярэдадні Дня работнікаў культуры віншуем усіх удзельнікаў калектыву са святам і жадаем далейшых поспехаў у творчай дзейнасці. Здароўя, натхнення вам, добрага настрою і новых цудоўных песень на радасць гледачам і слухачам!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.