Спяваць было наканавана спрадвеку

Человек и его дело

Сваімі шматлікімі заслугамі і дасягненнямі ў галіне харавога мастацтва Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі абавязаны ў першую чаргу радавым вытокам, роднай вёсцы Тонеж.

Размешчаны гэты буйны нават па сучасных мерках сельскі населены пункт (тут налічваецца звыш 600 жыхароў) у самой глыбінцы Прыпяцкага Палесся сярод, здаецца, бясконцых лясоў на тэрыторыі Лельчыцкага раёна. Здаўна Тонеж і яго наваколле славіліся харавымі спевамі, і народную песню шанавалі і паважалі ў кожнай сям’і. Нездарма славуты беларускі паэт-песеннік Адам Русак у свой час трапна назваў Тонеж салаўіным берагам. Тут яшчэ ў далёкім 1934 годзе пры сельскім клубе быў створаны харавы калектыў – унікальная і, бадай, адзіная па тым часе з’ява для Беларусі. З цягам часу слава пра самабытны тонежскі калгасны хор выйшла далёка за межы вёскі і раёна. Нават больш таго, харавы калектыў з сельскай глыбінкі быў удастоены гонару прадстаўляць беларускае мастацтва на Ўсесаюзным аглядзе-конкурсе ў Маскве, прычым, двойчы – у 1959 і 1971 годзе. Цікава, што незадоўга да свайго саюзнага дэбюту хорам тонежскага калгаса “Праца” кіраваў… 13-гадовы хлапчук Міша Дрынеўскі, які, нягледзячы на такі юны ўзрост, валодаў незвычайнымі музычнымі і арганізатарскімі здольнасцямі.

У сям’і Дрынеўскіх з Тонежа музыка і спевы былі ў вялікай пашане: спявалі і ігралі на музычных інструментах, здаецца, усе, аднак свой жыццёвы лёс звязаў з музычным мастацтвам толькі адзін Міхаіл – чацвёрты па ліку з пяцярых братоў (трое з іх пазней сталі медыкамі, адзін – інжынерам).

Нарадзіўся будучы дзеяч мастацтваў Беларусі незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 12 лютага 1941 года, разам з роднымі і аднавяскоўцамі перажыў шматлікія пакуты фашысцкай акупацыі. Як мы ўжо казалі, маючы пэўны вопыт музычнага кіраўніцтва, пасля заканчэння сярэдняй школы ў суседняй вёсцы Букча паступіў у Гомельскае музычнае вучылішча. І там адразу праявіў сябе: пад час вучобы працаваў з народным хорам вёскі Прыбыткі Гомельскага раёна, дзіцячым хорам Палаца піянераў г. Гомеля. Пазней, паспяхова скончыўшы Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (1968 год) і з’яўляючыся яе выкладчыкам, М. П. Дрынеўскі кіраваў народнымі харавымі капеламі Палаца культуры Мінскага трактарнага завода, упраўлення бытавога абслугоўвання г. Мінска. Як таленавіты перспектыўны хармайстар, у 1975 годзе прыняў  Дзяржаўны акадэмічны народны хор Беларусі імя Г. І. Цітовіча, стаўшы яго мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам, і бяссменна кіруе праслаўленым калектывам да сённяшняга дня.

Міхаіл Дрынеўскі – аўтар шматлікіх запісаў і апрацовак беларускіх народных песен. У рэпертуары вядучага харавога калектыву рэспублікі, акрамя народнай асновы, прысутнічаюць песні сучасных кампазітараў – Леаніда Захлеўнага, Ігара Лучанка, Уладзіміра Будніка і іншых. Незвычайнай яркасцю і самабытнасцю вызначаюцца многія падрыхтаваныя выдатным майстрам і кіраўніком канцэртныя праграмы, у якіх шырока прадстаўлены песенны стыль роднага яму Палесся, інструментальныя і танцавальныя жанры. Наогул, любы канцэрт акадэмічнага хору імя Г. І.  Цітовіча – па-сапраўднаму яркае відовішча, якое спалучае песенна-харавыя, інструментальныя і танцавальныя жанры. У гэтым змаглі ўпэўніцца і жыхары Акцябршчыны, якія віталі шчырымі апладысментамі і дастойна ацанілі  выступленне праслаўленага калектыву на чале з іх кіраўніком, прафесарам М. П. Дрынеўскім ў якасці ганаровых гасцей на адкрыцці VІІ Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” у чэрвені 2012 года.

Заслугі Міхаіла Дрынеўскага ў развіцці нацянальнай культуры і мастацтва высока ацэнены дзяржавай. Ён удастоены звання заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1978 г.), народнага артыста Беларускай ССР (1987 г.), лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1982 г.), мае шэраг узнагарод, у тым ліку – ордэн Францыска Скарыны (2002 г.). А нядаўна, дакладней, у верасні 2016 года, на чарговым фестывалі “Кліч Палесся” Міхаіл Паўлавіч быў абвешчаны і Ганаровым паляшуком. Як сапраўдны патрыёт, грамадзянін, чалавек, улюбёны ў свой родны край, яго спадчыну, непаўторныя народныя спевы…

Юрый Каспяровіч.

Фота з інтэрнета.   



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.