Вандроўка першая. Парэчча (Працяг. Пачатак у №№30-33)

Год малой родины Образование

Адвечнае

Мой родны кут

(сумесны праект Цэнтра гісторыі і культуры Акцябрскага раёна і рэдакцыі газеты “Чырвоны Кастрычнік”)

 

І школу родную люблю я…

Каля вёскі Парэчча па-над самаю рэчкай

Ёсць “ластаўчына гняздо”, а пяшчотней – “гняздзечка”.

І вось гэты куточак прыроды чароўнай,

І прыцягальнай, і непаўторнай

Асацыірую з Парэцкаю школай.

Тут і сад вам зімовы, і краязнаўчы музей –

Скарбонка ведаў, мінулага – усё для дзяцей.

Калідоры, як рэчка вясной, гаманлівыя,

І вучні да ведаў тут усе не  лянівыя.

Тут прасторныя класы. Дзеці ветліва-сціплыя,

А вось іх вачаняты, бачна, надта дасціпныя.

Для іх усе ёсць умовы: толькі вучыся!

Адно заўжды ведай: разважаць не ляніся!

Караліна Шылкова, вучаніца ДУА “Парэцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа”.

Звяртаючыся зноў і зноў да багатай гісторыі нашага цяперашняга аграгарадка, ніяк нельга пакінуць па-за ўвагай яе школу. Здаецца б, што тут такога: сярэдняя навучальная ўстанова для буйной вёскі – звычайная з’ява і, так сказаць, неад’емны атрыбут яе сацыяльнай сферы. Аднак, Парэчча і тут вылучаецца сярод іншых. Мясцовыя жыхары па праву могуць ганарыцца тым, што іх школа насамрэч старэйшая ў раёне сярод усіх дзеючых сёння. Яна была адкрытая ў 1861 годзе (для параўнання: народнае вучылішча нават у цэнтры тагачаснай воласці – Рудабелцы прыняло сваіх першых вучняў двума гадамі пазней) пры мясцовай Багародзіцкай царкве і прызначалася для дзяцей сялян, якія толькі-толькі выйшлі з прыгоннай залежнасці. Па скупых гістарычных звестках, усяго вучняў тады было пяцёра – тры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі, іх вучылі настаўнікі Бабіч і Русакоў (імёны невядомыя). Паступова жадаючых асвойваць грамату пабольшала, і школьны пакой у звычайнай вясковай хаце ўсіх не змяшчаў. Таму надалей частка дзяцей вучылася у так званых хатніх настаўнікаў у іх дома. Напрыклад, адным з такіх быў Дзяніс Сцяпанавіч Пась, які лічыўся на сяле ці ні самым адукаваным чалавекам.

З восені 1918 года ў Парэччы пачала працаваць чатырохкласная пачатковая школа. На працягу 15-ці гадоў, пакуль яна не стала сямігадовай (1933 г.), тут пачаргова настаўнічалі Андрэй Андрэевіч Расюкевіч, Аркадзь Якаўлевіч і Анастасія Андрэеўна Адзінцы, Міхаіл Сяргеевіч Зелянко і яго жонка Ганна Спірыдонаўна. Але ж штатныя настаўнікі з ускладзенай на іх вялікай нагрузкай не заўсёды спраўляліся, таму на дапамогу ім прыходзілі здольныя выпускнікі “пачаткоўкі”. Вось як аб гэтым распавядаў праз многа гадоў ва ўспамінах ураджэнец і Ганаровы грамадзянін вёскі Парэчча, расійскі пісьменнік і журналіст Юрый Абрамавіч Левін (1917-2008):

«Школа наша – железом крытая изба – частоколом огорожена. Большой двор травой порос. В школе 4 класса и два учителя: Зеленка Михаил Сергеевич и его жена Анна Спиридоновна. Она учила первый и третий классы, а он – второй и четвертый. В одной комнате занимались два класса одновременно. Одни читали «Букварь», другие писали контрольную по арифметике. А в это время Анна Спиридоновна, сидя у окна, что-то вязала. Все делом заняты…

Мы не только книжки читали да на коньках катались, мы еще и учительствовали. Это правда! В нашем селе ликбез образовался. Это такая школа, где учились пожилые неграмотные люди, которые ни писать, ни читать не умели. Зеленке было трудно одному управляться с ликбезом, село почти сплошь было неграмотным, вот и привлек он для этого дела многих учеников школы. Я должен был обучать неграмотных арифметике, а мой друг Гришка Сак – письму и чтению.

Смешно было. Сижу я вечером дома, зажег лампу, разложил задачник и чистые тетрадки, которые учитель выдал, и жду. Слышу – идут. В сенях голос:

— Тут учитель проживает?

Это про меня спрашивают, а как же, я ведь теперь именуюсь учителем. Во как! Все-таки неловко и даже смешно: взрослые люди – ученики, а я еще совсем маленький – и учитель…».

Сапраўды, было і такое ў той складаны час. Гэта ўжо пазней, у пасляваенныя гады, педагагічны калектыў Парэцкай сямігодкі паступова папаўняўся настаўнікамі, якія мелі адпаведную адукацыю з дыпломамі не толькі педвучылішчаў і  двухгадовых настаўніцкіх інстытутаў, але і вышэйшых навучальных устаноў. Разам з мясцовымі педагогамі Іванам Паўлавічам Дудко, Вячаславам Рыгоравічам Глінскім, Ізотам Навумавічам Адзінцом, Аляксеем Андрэевічам Пасем калектыў паступова папаўнялі ўраджэнцы іншых рэгіёнаў рэспублікі, выпускнікі ВНУ педагагічнага профілю, якія прыязджалі сюды па накіраванню, праходзілі тут прафесіянальнае станаўленне, а многія засталіся ў Парэччы назаўсёды з пачэснай мэтай несці сваім вучням “разумнае, добрае, вечнае”. І гэта ім удавалася спаўна, аб чым сведчаць нават сённяшнія (праз столькі гадоў!) удзячныя і вельмі шчырыя водгукі выхаванцаў у адрас калектыву парэцкіх настаўнікаў пасляваеннага часу. Слова выпускніцы Парэцкай сямігадовай школы канца 50-х Любові Сяргееўне Шэйка (Балута):

“Карыстаючыся выпадкам у сувязі з агульным для многіх святам – Днём ведаў, не магу не ўспомніць маіх любімых настаўнікаў, хто аддаваў свае шчырыя гарачыя сэрцы нам, пасляваенным дзецям, якія раслі ў беднасці, у цяжкіх умовах аднаўлення разбуранай вайной народнай гаспадаркі. Яны спаўна сумелі нам перадаць свае веды, уменне любіць Радзіму, верыць у лепшае будучае, выхоўвалі нас на высокіх маральных каштоўнасцях. Многія пайшлі ўжо з жыцця, некаторыя жывыя і сумелі захаваць, нягледзячы на паважаны ўзрост, бадзёрасць і аптымізм. Я асабіста вельмі рада, што маю магчымасць і зараз пабачыць і павіншаваць сваю першую настаўніцу Таісію Гаўрылаўну Ярковіч (Адзінец пасля замужжа), выпускніцу Барысаўскага рускага педагагічнага вучылішча 1948 года, якая на працягу 32 гадоў вучыла юных парачан у пачатковых класах, за добрасумленную плённую працу ўдастоена ордэна “Знак Пашаны”, узнагароджана шэрагам Ганаровых грамат пачынаючы з Акцябрскага РАА і нават да Вярхоўнага Савета БССР, аўтарытэтны  і глыбокапаважаны чалавек для многіх пакаленняў нашай вёскі. Таксама ганаруся, што магу наведаць настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Сцепаніду Паўлаўну Іванову, якая, скончыўшы Бабруйскі настаўніцкі інстытут у далёкім 1953 годзе, па 1985 год нязменна шчыравала ў нашай Парэцкай школе. Яе ўрокі роднай мовы, ідучыя ад сэрца, пастаянна былі напоўнены дабрынёй і цеплынёй, што не забывалася ніколі. На жаль, ужо няма сёння з намі пяшчотнай, ласкавай, любімай усімі намі настаўніцы рускай мовы і літаратуры і нашага класнага кіраўніка Марыі Іосіфаўны Буранковай (Сарагавец), завуча школы, настаўніка матэматычнага цыкла, педагога высокага абавязку Георгія Фёдаравіча Мажэева, высокаадукаваных, патрабавальных і разам з тым душэўных настаўнікаў Кацярыны Дзмітрыеўны Караковай (гісторыя і замежная мова), выкладчыцы геаграфіі і прыродазнаўства Лідзіі Іванаўны Хацьковай (Мажэевай), Іллі Афанасьевіча Яраслаўскага (фізічная культура) і іншых. Добрая ім памяць!

Трэба адзначыць, што наша Парэцкая школа стала стартавай прыступкай да вяршынь педагагічнага майстэрства многім паважаным на Акцябршчыне і за яе межамі людзям – Вользе Лаўрэнцьеўне Чумаковай (на жаль, ужо нябожчыцы), Надзеі Нікіфараўне Пазняк, Тамары Васільеўне Ходзька (Русанавай), Валерыю Сяргеевічу Болбасу і многім-многім іншым, хто пакінуў у гісторыі раёна ў цэлым і вёскі Парэчча паасобку добры след”.

Што ж датычыць самой, старэйшай на Акцябршчыне, установы адукацыі, то яна па-ранейшаму жыве, развіваецца і з’яўляецца адным з найбольш прыкметных аб’ектаў аграгарадка. Дарэчы, летась споўнілася роўна 55 гадоў, як Парэцкая сямігадовая школа набыла статут сярэдняй, а ў наступным годзе адзначыць 40-ю гадавіну, як знаходзіцца ў цяперашнім трохпавярховым будынку. Тагачаснае наваселле зрабіла літаральна пераварот у жыцці мясцовых дзяцей і педагогаў: раней Парэцкая школа месцілася то ў звычайных хатах, як у 30-50-я гг., адразу ў некалькіх дзе прыдатных, а дзе толькі прыстасаваных памяшканнях насупраць саўгаснай майстэрні ўжо ў 60-70-х. Зараз школа ў Парэччы – гэта па мясцовых мерках сапраўдны адукацыйны цэнтр з абсталяванымі па-сучаснаму вучэбнымі кабінетамі, прасторнымі спартыўнай і актавай заламі, утульнай сталовай, стадыёнам, які ніколі ў цёплую пору года не пустуе і мноставам рознакаляровых, мастацка аформленых кветкавых клумбаў з сімвалічным паравозікам на ўваходзе. Гонар школы – унікальны гісторыка-краязнаўчы музей з вялікай колькасцю рэдкіх экспанатаў, “зімні сад” – сапраўдны аазіс унутры памяшкання з кветак і раслін ды і, наогул, у кожным кабінеце можна знайсці сваю непаўторную ізюмінку. Безумоўна, у станаўленне і развіццё мясцовай установы адукацыі свой асабісты ўклад  у розныя гады спаўна ўносілі прадстаўнікі педагагічнага калектыву, які ўзначальвалі за апошняе 60-годдзе Лідзія Мартынаўна Адзінец (1957-1982 гг.), Людміла Фёдараўна Куляшэўская (1982-2008 гг.), Святлана Васільеўна Рагачэвіч (2008-2014 гг.), затым – Вікторыя Васільеўна Вежнавец і дырэктар навучальнай установы з бягучага навучальнага года Дзмітрый Леанідавіч Матвееў.

А ўвогуле за свой працяглы перыяд існавання са сцен Парэцкай школы выйшла больш за тысячу выпускнікоў. Яны жывуць і працуюць у самых розных кутках краіны, блізкага і далёкага замежжа, многія сталі інжынерамі, урачамі, тэхнолагамі, настаўнікамі, ёсць ваенныя і нават артысты. Шмат хто застаўся і ў сваёй роднай вёсцы. Але самае галоўнае, што ўсе былыя вучні  памятаюць і любяць сваю родную школу, лічачы за вялікае шчасце кожны раз сустракацца ў яе сценах праз годы і праз адлегласці.

І, нарэшце, некалькі дакладнай статыстыкі за апошнія 5 дзесяцігоддзяў. У 70-я гады мінулага стагоддзя штогод выпуск Парэцкай сярэдняй школы складаў па 27-51 дзесяцікласнікаў, у 1980-х – ужо 9-35, а пасля 2010-га – ад 3 да 9 чалавек. Усяго з 1966 па 2017 год скончылі школу 937 вучняў, з іх медалістаў – 40 (прычым, аж па 5 – у 1992 і 1998 гг., па 4 – у 1989 і 2002 гг.).

Любоў Шэйка, навуковы супрацоўнік ДУК “Цэнтр гісторыі і культуры Акцябрскага раёна”, Юрый Каспяровіч. Фота з фондаў ЦГіК і Юрыя Каспяровіча.

(Працяг будзе)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.