Танцы – наша ўсё

Культура

Адным з самых цікавых конкурсаў на фестывалі “Берагіня” з’яўляюцца танцавальныя спаборніцтвы. Менавіта яны складаюць аснову фальклорнага фэсту. Трэба быць у зале, каб адчуць тыя эмоцыі, якія літаральна ільюцца са сцэны. Дынаміка, накал уражанняў, дух спаборніцтва. І разам з імі – беларуская музыка, народныя скокі, прыгожыя адносіны паміж партнерамі ў пары. Здаецца, наша Беларусь невялікая краіна, але як адрозніваюцца танцы ў яе розных куточках. Калі ўзяць, напрыклад, “Лявоніху”. Традыцыйны парны танец. Аднак у конкурсе пар-выканальнікаў нават звычайны чалавек, які не мае спецыяльных ведаў, убачыць розніцу. Адна пара танчыць па крузе, другая – на месцы, адна топае, другая кружыцца. Члены журы лёгка арыентуюцца ў гэтых асаблівасцях. І звяртаюць увагу на некалькі крытэрыяў: як трымаецца пара, наколькі добра ведае манеру выканання сваёй мясцовасці. Калі гэта конкурс, то збівацца ў танцы нельга. Журы сачыць за майстэрствам. Таксама ў полі зроку кампетэнтных спецыялістаў – культура падачы касцюмаў рэгіёну танцораў. Чым яшчэ цікавы конкурс пар-выканаўцаў народных побытавых танцаў, дык гэта тым, што ў ім прымаюць удзел і дзеці, і дарослыя. Калі ў першых фестывалях спаборнічалі толькі школьнікі, то зараз танчаць пары ва ўзросце ад 25 да 50 гадоў і больш.

Напэўна, не ўсе бывалі на конкурсе пар-выканаўцаў народных побытавых танцаў. Таму мы крыху раскажам, як адбываецца гэта мерапрыемства. У пяці ўзроставых катэгорыях спаборнічаюць пары з розных рэгіёнаў Беларусі. Напрыклад, ў гэтым годзе ў першай узроставай катэгорыі 9-12 год прымалі ўдзел 25 пар. Звычайна на сцэне іх пяць-шэсть. У кожнай з іх ёсць свой нумар. Група выконвае некалькі танцаў. У чвэрцьфінале пары выконвалі “Лявоніху”, “Птушкі”, “Падыспань” і “Польку імправізаваную”. Журы закрытым галасаваннем выбірае лепшых. Гледачы не ведаюць, каго яны ўбачаць у паўфінале. На гэтым этапе цяжка арыентавацца, паколькі пар вельмі шмат. Затым наступае паўфінал. Перад яго пачаткам узнагароджваюцца дыпломамі і каштоўнымі падарункамі пары, якія не прайшлі ў другі этап. Танцавальная праграма змяняецца. І пары спаборнічаюць у выкананні “Мальвіны”, “Козачкі” і “Какеткі”. Галасаванне ідзе адкрыта – кожнай пары члены журы выстаўляюць адзнакі па дзесяцібальнай сістэме. Ужо на этапе паўфіналу лепшыя пары вылучаліся сярод астатніх. Нават не дасканалым майстэрствам, хаця і гэта ўлічваецца, а лёгкасцю, харызмай, нават драйвам. Было бачна, асабліва па дзецях, як некаторыя атрымліваюць задавальненне ад таго, што робяць на сцэне. А другія проста ўдзельнічаюць у конкурсе. У дарослых катэгорыях амаль усе з асалодай танцавалі і не думалі пра адзнакі. Ці знешне гэта не паказвалі.

Апошні этап, фінал – самы складаны для ўдзельнікаў і цікавы для гледачоў. Яго можна параўнаць з марафонам. Адрэналін, эмоцыі і хваляванні на мяжы. Тыя, хто не прайшоў у фінал, узнагароджваюцца дыпломамі. А пакінутыя пары наперадзе чакаюць напружаныя хвіліны. Членам журы трэба выбраць лепшых. Сілы пакідаюць некаторых удзельнікаў, але трэба зноў і зноў ісці на сцэну. Асабліва напружаны момант, калі артыстаў запрашаюць на ператанцоўку. Яна патрэбна для таго, каб журы змаглі лепш ацаніць узровень пары на фоне астатніх. Адзнакі вызываюць бурныя эмоцыі ў гледачоў. Але слова журы – закон. І зноў жа інтрыга. У гэтым годзе лаўрэатаў конкурсу пар-выканальнікаў народных побытавых танцаў узнагароджвалі толькі на наступны дзень. Дакладных вынікаў адразу пасля фіналу ніхто не ведаў. Асабліва ўважлівыя прыкладна маглі вызначыць тройку пераможцаў.

 Па выніках ХІV Рэспубліканскага конкурсу пар-выканаўцаў беларускіх народных побытавых танцаў «Лявоніха» былі вызначаны наступныя пераможцы.

У першай узроставай групе 9-12 год лаўрэатам III ступені стали Асадчы Юрый и Ляшкова Ксенія, удзельнікі ансамбля “Праменьчыкі” “Дзіцячай школы мастацтваў г.п. Акцябрскі” (кіраўнік Ірына Семілет). Лаўрэатамі II ступені прызнаны Кавальчук Аляксей і Гірына Аляксандра, удзельнікі заслужанага аматарскага фальклорнага гурта “Берагіня”, в. Мётча Барысаўскага раёна (кіраўнік Мікалай Козенка). Лаўрэатам I ступені сталі Фельдман Лявон і Еўдакавец Віялета, навучэнцы “Мазырскай дзіцячай школы мастацтваў” ( кіраўнік Наталля Ярмоленка).

Ва ўзроставай групе 13-16 год дыплом лаўрэата III ступені атрымалі Дзеншчыкаў Дзмітрый і Забродская Яна, удзельнікі ўзорнага фальклорнага ансамбля “Рудабельскія зорачкі” (кіраўнік Вольга Дульская). Лаўрэатамі II ступені сталі Садзько Яўген і Мядзведзь Лізавета, удзельнікі фальклорнага калектыву “Мілавіца”, г. Мінск (кіраўнік Мікалай Козенка). Дыпломам лаўрэата I ступені ўзнагароджаны Ляўчэня Арсеній і Аюпава Лінара, удзельнікі калектыву народнага танца “Рамонак” аг. Наваселле, Мінскі раён (кіраўнік Марына Струнеўская).

Ва ўзроставай групе 17-25 год дыпломам лаўрэата III ступені ўзнагароджаны Ткачоў Канстанцін і Кобрусева Ангеліна, удзельнікі ўзорнага ансамбля танца “Мілавіца” г.п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага раёна (кіраўнік Людміла Кабаева). Лаўрэатам II ступені сталі Герасіменка Руслан і Каліцька Карына, удзельнікі фальклорнага гурта “Крыніца” г.п. Капаткевічы (кіраўнік Ядзвіга Суботка). Лаўрэатамі I ступені прызнаны Суббат Мікіта і Струнеўская Дана, удзельнікі ўзорнага ансамбля народнага танца “Рамонак”, г. Мінск (кіраўнік Марына Струнеўская).

У чацвёртай узроставай групе 26-50 год дыпломам лаўрэата III ступені ўзнагароджаны Вяроўка Максім і Вяроўка Ксенія, удзельнікі фальклорнга ансамбля “Напарачка” г. Любань (кіраўнік Сяргей Выскварка). Дыплом лаўрэата II ступені атрымалі Говар Аляксандр і Артамонава Ксенія, удзельнікі ўзорнага ансамбля танца “Версок” г.п. Капаткевічы (кіраўнік Ядзвіга Суботка). Лаўрэатамі I ступені сталі Латышаў Сяргей і Клімашэўская Ганна, удзельнікі фальклорнага гурта “Guda” (кіраўнік Мікалай Козенка).

Ва ўзроставай катэгорый 51 год і больш дыпломам лаўрэата III ступені ўзнагароджаны Гецюк Віктар і Шчарбачэня Вольга, удзельнікі фальклорнга ансамбля “Непарачка” г. Любань (кіраўнік Сяргей Выскварка). Дыплом лаўрэата II ступені атрымалі Гайкевіч Сяргей і Новікава Галіна, удзельнікі фальклорнага гурта “Расіца” аг. Сарочцы Любанскага раёна (кіраўнік Надзея Крупянькова). Лаўрэатам I ступені прызнаны Здор Генадзь і Шчарбакова Марына, г. Ельск (кіраўнік Людміла Кавалюк). 

У другі раз на юбілейнай “Берагіні” праходзіў  конкурс салістаў на лепшае выкананне беларускіх традыцыйных народных танцаў: “Мікіта”, “Жабка”, “Чобаты”. Таксама вельмі відовічны конкурс. Салісты паказвалі такія ўменні, што пазайздросціць могуць удзельнікі класічных харэаграфічных калектываў. Ці танцавалі так раней нашы продкі? Напэўна ж, у кожнай вёсцы былі свае “зоркі”, свае “першыя хлопцы на сяле” ці самыя прыгожыя дзяўчаты. На іх хацелі раўняцца ўсе навокал. Канечне, не ўсе маглі зрабіць  шпагат у паверсе ці прайсці ўсю сцэну ўпрысядкі,  але такія танцы ўсё  ж былі. І ў фінал конкурса харэаграфічнай імправізацыі “Барыня” прайшлі менавіта такія “зоркі”.  Усяго ўдзельнікаў у конкурсе салістаў было 49 чалавек. Яны прадстаўлялі дзве ўзроставыя катэгорыі: 13-20 і 21-40 гадоў.  Сольна танцавалі дзяўчаты і хлопцы, жанчыны і мужчыны. Перадаць тыя эмоцый, якія панавалі ў зале і на сцэне, газетнымі радкамі цяжка. Трэба  было там быць. Імёны пераможцаў конкурсу ў хуткім часе вы знойдзеце на сайце аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Акцябрскага райвыканкама.

Ірына Ляшкова.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.