Гучыць рудабельскі гармонік!

Культура

 

      Народная музыка як частка духоўнай творчасці народа адлюстроўвае яго культуру і звязана з жыццёвым укладам , традыцыямі, гісторыяй. Музычнае мастацтва – гэта  ўнікальная самабытная культура нашых продкаў , яно жыло ў народзе задоўга да ўзнікнення прафесійных музЫкаў.  Песні і найгрышы ўпрыгожвалі быт, развясельвалі моладзь і старэйшае пакаленне, служылі важнай састаўной часткай вясельных рэтуалаў, земляробчых абрадаў. Выканаўчае майстэрства надзвычай цанілася ў народзе. Без гармоніка ці баяна сапраўднае свята – не свята. Імкненне навучыцца іграць у многіх гарманістаў нараджалася ў раннім дзяцінстве. Песня, музыка ўваходзіла  ў жыццё народных майстроў   яшчэ з калыханкаю маці і суправаджала яго ўсё жыццё.

     У культуры Рудабельскага краю самы распаўсюджаны музычны інструмент – гармонік. Ён і сёння з поспехам бытуе ў музычным жыцці нашага краю. Ганарыцца акцябрская зямля сапраўднымі гарманістамі-самавучкамі, хто праз усё жыццё пранёс любоў да народнага інструмента.

Селіванаў Сямён Данілавіч, 1932 г.н., в Харомцы Акцябрскага раёна.

Носьбіт мастацкіх традыцый, гарманіст, актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю фальклорннага мастацтва “Берагіня”.

   З 1939 па 1941    год  атрымаў пачатковую адукацыю ў Харамецкай школе.  Пасля вайны сям’я пераехала ў г.п. Акцябрскі. Тут прадоўжыў вучобу.  Сярэднюю адукацыю набыў, закончыўшы Акцябрскую вячэрнюю школу. Працаваў трактарыстам  у Парэцкім МТС (1948 -1951). Пасля – служба  ў Арміі. З 1951  да заслужаннага адпачынку  працаваў шафёрам у райсельгастэхніцы г.п. Акцябрскі.

    Ігры на гармоніку навучыўся  самастойна ў  юнацкія гады. Спачатку  гэта быў губны гармонік.  У вясковых хатах  “на вячорках”  пад незамыславаты інструмент добра спявалі і танцавалі  мясцовыя “жанкі”.  Адчуваючы здольнасці сына, бацькі набылі сапраўдны гармонік.  Вучыўся інструменту настойліва.  “Што чуў, тое і іграў, — успамінае музыка.  – Знаходзіў любую вольную хвіліну і браўся за гармошку, каб найграць тое,  што дзе пачуў. Больш усяго частушкі, страданні, бо вельмі ж іх любілі спяваць на вячорках. А дзе песні, там і танцы: вальсы, беларуская полька, кракавяк…Так і пайшло…”. З цягам часу вясковы хлопец  атрымаў славу народнага музыкі.   Актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці арганізацыі, дзе працаваў, запрашалі на сямейныя і вясковыя святы, прымаў удзел у народных абрадах .

 Гармонік , на якім іграе, імянны,  зроблены пад  заказ  на фабрыцы г. Шуі Мікалаеўскай вобласці, мае надпіс  “С.Д.”  Па сённяшні дзень інструмент —  яго спадарожнік.  

   Іграе як народныя танцы (“Полька”, “Лявоніха”, “Сербіянка” і інш.), песні каляндарна-абрадавага характару, так і лірычныя мелодыі.  У большай ступені віртуознае майстэрства і здольнасць да імправізацыі  раскрываюцца ў танцавальных найгрышах і прыпеўках. Танцавальна-аўтэнтычныя  формы майстар перадае маладому пакаленню. Так у рамках падрыхтоўкі да фальклорнага фестывалю “Берагіня” Сямёна  Данілавіча  як музычнага майстра і носьбіта традыцыйнай культуры  запрасілі ў ансамбль народнай музыкі “Брачынскія музыкі”, што склаўся на базе СШ№3. У ходзе сустрэч з музыкантам вучні “на слых”, “ з рукі на руку” засвойвалі ўрокі майстра. “Галоўнае для навічкоў, — адзначае  гарманіст, — трэніроўкі. Іграць трэба ўверх-уніз рознымі штрыхамі: адрывіста і звязна. Гэта павышае тэхніку ігры: хутка выконваецца мелодыя, атрымліваецца звязнасць. Мех трэба весці плаўна і не расцягваць да канца… Развучваць песню трэба адразу ўсімі пальцамі, падбіраючы розныя варыянты. А яшчэ трэба слухаць шмат песень, найгрышаў. І працаваць, амаль кожны дзень…”. У выніку гурт набыў новы творчы імпульс. З непаўторнай манерай у выкананні юных музыкантаў загучалі  “Старадуброўская  “Падыспань”, “Карпілаўскія мётлы”, “Брачынская полька”. Ад Сямёна Данілавіча пераняты найгрышы мясцовых танцаў “Базар”, “Нарэчанька”, “Субота”.  Разам з фальклорным  музычным калектывам неаднаразова выступаў на раённым , абласным і рэспубліканскім узроўні. Дзякуючы супрацоўніцтву з калектывам “Брачынскія музыкі” , падтрымліваюцца музычныя традыцыі нашага краю. І цяпер, нягледзячы на свае 86! гадоў, не пакідае майстра гармоніка. Іграе і для сябе, “пад настрой”, і “на дні нараджэнні запрашаюць “. Значыць, гучыць інстумент: і сабе на радасць, і людзям  для задавальнення.

   Навыкі ігры на гармоніку перадаў сынам Уладзіміру і Аляксандру, якіх, на жаль, заўчасна  не стала. Навучыў унукаў Сяргея і Рамана. Старэйшы закончыў  Мазырскі дзяржаўны музычны каледжы. Зараз атрымлівае вышэйшую музычную адукацыю.  Раман толькі музыка-аматар. 

     У наяўнасці ў Сямёна Данілавіча аж тры гармонікі. Два музычныя інструменты забралі ўнукі. Сямейная музычная пераемнасць не спынілася. Ланцужок ад мінулага да будучага  працягваецца.

      Куляй Аляксей Федаравіч,  носьбіт традыцыйнай культуры, гарманіст.

 Нарадзіўся 25 жніўня 1946 года ў цяжкія пасляваенныя гады ў вёсцы Ігрушка Крупскага раёна Мінскай вобласці. Сярэднюю адукацыю атрымаў, закончыўшы Ігрушкаўскую сярэднюю школу ў 1963г. Пасля – курсы на трактарыста ў Барысаве . У 1965 годзе паступае ў Барысаўскае культпрасветвучылішча.  Потым служба ў Арміі. Закончыўшы школу міліцыі , працаваў у Мінску пры ЦК партыі. Сустрэўшыся з будучай жонкай, Людмілай Мікалаеўнай, пераязджаюць г.п. Акцябрскі. Тут працаваў у ПМК-37, райсельгастэхніцы, гортопе трактарыстам.  

    Імкненне навучыцца іграць  на гармонікузарадзілася ў раннім дзяцінстве. У сям’і  толькі бацька, Фёдар Іванавіч,  віртуозна іграў на бубне. Музычны талент найбольш ад прыроды. Да самазабыцця любіў гармонік, цудоўна іграў, ведаў шмат частушак і песень. У яго была свая думка наконт музычнага майстэрства. Музыка лічыў, што сапраўдны гарманіст  не павінен капіраваць пачутую мелодыю, павінен уносіць у музыку свой каларыт, умець імправізаваць. “Чалавек павінен іграць па-свойму, спяваць па- свойму. Вось, напрыклад “Кракавяк”. Яго можа іграць любы. А я іграю па-свойму, бо пад сваю музыку мне прыемней танцаваць. Кожны раз іграеш, а потым нешта і мяняеш…”. Маючы тонкі музычны слых, вобразна і метка гаварыў аб характары гучання розных гармонікаў: “Ёсць гармонік звонкі, добры, але няма ў ім жаласці. Ёсць музычныя, эластычныя. Мой гармонік(застаўся музыку з дзяцінства)  меладычны. Далёка не гучыць, а гучыць тут, каля сэрца заўсёды.” Пасля такіх разважанняў заўсёды іграў, захапляюча, да самазабыцця, зліваючыся  са сваім інструментам у адно цэлае.

    Рэпертуар гарманіста разнастайны,  найгрышы як танцавальныя, так і песенныя.  Пад яго акампаненмент  танцавалі  “Польку”, “Падыспань”, “Барыню”, “Лявоніху”, “Цыганачку”, “Кадрылю” і інш.,  спявалі частушкі, прыпеўкі, страданні, лірычныя песні, жартоўныя. Аляксей Фёдаравіч пастаянна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці арганізацый, дзе працаваў. У  песні і музыцы выкладваўся поўнасцю. Быў частым госцем у раённай гімназіі, дзе створаны ўзорны дзіцячы фальклорны ансамбль “Рудабельскія зорачкі”. Дзеці з задавальненнем слухалі яго расказы аб музычных інструментах, асвойвалі тэхніку ігры  на шумавых і ўдарных інструментах. Быў майстрам вырабляць незамыславатыя драўляныя рэчы спецыяльна для дзяцей: лыжкі, качалкі, трашчоткі, якія юныя музыкі выкарыстоўвалі ў сваім гранні.    Любоў да народнай музыкі, слаўнага музычнага  інструмента —  гармоніка напэўна ўжо  на генетычным узроўні перадаліся сыну Алегу, педагогу па прафесіі, выкладчыку  фізічнай  культуры ў  адной з сельскіх школ раёна, унукам Руслану  і Максіму. Руслан з лёгкасцю сам падбірае  любую мелодыю на гармоніку і на баяне,  а Максім, дзякуючы дзядулю, асвоіў усе тонкасці ігры на бубне. Так стварыўся сямейны ансамбль Куляеў. Неаднаразова ў сямейным складзе: бацька, сын, унукі  — выконваліся музычныя нумары  на  фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”, захапляючы гледачоў віртуозным музычна-інструментальным выкананнем.

  Жыццё Аляксея Фёдаравіча абарвалася 1 лістапада 2017 года. Але памяць пра яго будзе жыць доўга, пакуль будзе гучаць  яго вясёлы гармонік, дапоўнены бадзёрым гукам бубна,   у цудоўным выкананні слаўных сямейных пераемнікаў.   Ды і не толькі іх. Перададзенае ў спадчыну ад слаўнага музыкі юным  выканаўцам з “Рудабельскіх зорачак”  вясёлае гранне будзе  радаваць і ўзбагачаць  прыгажосцю маладое племя  прыхільнікаў жывой   народнай музычнай  і песеннай  творчасці.

Падрыхтавала Людміла Вырвіч



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.